На галоўных тыднях моды ў Парыжы і Мілане дызайнеры аднагалосна вырашылі: бялізна канчаткова будзе паўнавартасным адзеннем.

На паказе знакамітага моднага дому Miu Miu італьянская мадэльерка Міўча Прада, якую ў свеце моды лічаць галоўнай заканадаўцай трэндаў, выпусціла мадэляў на подыум у спартыўных топах-бра, кароткіх эластычных шортах, спартыўных штанах і талстоўках на маланцы.
Спалучэнне спорту і высокай моды само па сабе ўжо даўно не навіна. Як заўважае аглядальніца моды The New York Times Ванэса Фрыдман, куды больш паказальнай дэталлю сталі станікі і падобныя да іх топы, якія цяпер носяць як самастойны верх.
Іх спалучаюць са строгімі пінжакамі, скуранымі курткамі і класічнымі плашчамі, а таксама са спадніцамі з вельмі нізкай пасадкай або свабоднымі спартыўнымі штанамі. У выніку адкрыты жывот і бялізна напаказ сталі аднымі з найбольш характэрных элементаў новых калекцый.
І гэта ўжо не эксперымент аднаго-двух дызайнераў. І Miu Miu тут далёка не адзіны. Трэнд пачаў выразна праяўляцца яшчэ на паказах у Мілане, дзе падобныя рэчы з'явіліся ў Prada і Fendi. У Парыжы варыянтаў стала яшчэ больш.

У Valentino паказалі шаўковыя топы-бра з перакрыжаванымі дэталямі, у Hermès — станікі без шлеек, зробленыя са скуры і шаўковых хустак. У Loewe бюстгальтары з кветкавымі матывамі сталі часткай святочных сукенак. А на паказе Jean Paul Gaultier з'явіліся найбольш экстравагантныя мадэлі — своеасаблівая новая версія знакамітага канічнага станіка гэтага дома.

Чаму ўсе раптам паказваюць бюстгальтары
У гэтага трэнду ёсць цалкам лагічныя прычыны, бо высокая мода заўсёды рэагуе на тое, чым жыве грамадства. З аднаго боку, за апошнія гады людзі настолькі звыклі да спартыўнага і максімальна зручнага адзення, што дызайнерам не засталося нічога іншага, як узаконіць гэты камфорт і зрабіць яго часткай высокага стылю.

З другога боку, зараз на піку папулярнасці знаходзіцца настальгія па 2000‑х гадах з іх культам адкрытага цела, нізкай таліяй джынсаў і эстэтыкай тагачасных музычных кліпаў. Да таго ж у сусветнай культуры трывала замацавалася мода на адкрытасць, калі дэманстрацыя фігуры ўспрымаецца як натуральная форма самавыяўлення і смеласці.
Фрыдман называе і яшчэ адзін фактар — папулярнасць прэпаратаў GLP-1 для зніжэння вагі. На яе думку, жаданне прадэманстраваць цела пасля прыкметнага пахудзення таксама падштурхоўвае моду да ўсё больш адкрытых вобразаў.
Зрэшты, на подыуме і ў паўсядзённым жыцці адзін і той жа трэнд амаль заўсёды выглядае па-рознаму. Наўрад ці большасць будзе літаральна паўтараць вобразы з паказаў і выходзіць на вуліцу ў адным бюстгальтары. Значна больш імаверна, што ідэя пяройдзе ў масавую моду ў больш стрыманым выглядзе. Але сама мяжа ўжо зрушылася: рэч, якую яшчэ нядаўна трэба было хаваць пад адзеннем, дызайнеры прапануюць лічыць адзеннем.
Каментары