У «Суседзяў» з’явіўся інвестар з Казахстана. Сетка плануе пашырыцца на 67 крам
Найбуйнейшым бенефіцыярам сеткі «Суседзі», як звярнуў увагу партал «Беларусы і рынак», цяпер з'яўляецца грамадзянін Казахстана Антон Сычоў. Рытэйлер плануе адкрыццё новых крам і вяртанне да дыстрыбуцыі гародніны і садавіны.

Паводле інфармацыі, размешчанай на Адзіным партале фінансавага рынку ў сувязі з эмісіяй аблігацый, у ключавой кіраўнічай структуры сеткі «Суседзі», кампаніі «Лібрэтык», з'явіўся новы бенефіцыяр. Гэта грамадзянін Казахстана Антон Сычоў, якому цяпер належыць найбуйнейшая доля ў гэтым бізнэсе — 26%.
Такім чынам, ён далучыўся да заснавальнікаў рытэйлера: Алега Дэлендзіка і Ульяны Шыдловіч (Беларусь), Вадзіма Аванесава (Расія), Марыюса Мацявічуса і Алмы Яўнцэмене (Літва).
«Лібрэтык» плануе з лістапада гэтага года прыцягнуць 85 млн рублёў праз размяшчэнне дэпазітарных аблігацый з тэрмінам пагашэння ў канцы 2031 года, каб прафінансаваць сваю бягучую дзейнасць. Яна ўключае і рэструктурызацыю рознічнай сеткі «Суседзі».
Як гаворыцца ў праспекце эмісіі аблігацый, цяпер сетка аб'ядноўвае 200 крам «Суседзі» і 18 крам «Разумны выбар». У іх працуюць крыху больш за 3 тысячы чалавек.
Плануецца, што да канца 2026 года сетка павялічыцца на 67 крам: на 60 — за кошт далучэння аб'ектаў афіліяваных кампаній «Чыстыя крыніцы» і «Наваколле», яшчэ на 7 — дзякуючы адкрыццю новых гандлёвых кропак.
На працягу 2027—2029 гадоў уладальнікі «Лібрэтыка» плануюць штогод адкрываць па 20 новых крам, выдаткаваўшы за тры гады 40 млн рублёў уласных сродкаў.
Таксама з кастрычніка 2026 года «Лібрэтык» вяртаецца да кірунку, у якім на пачатку сваёй працы ў Беларусі ў 1990‑я і 2000‑я гады быў адным з лідараў, — аптовага продажу садавіны і гародніны іншым гандлёвым сеткам, сеткам рэстаранаў і іншым кліентам. Для гэтага будуць выкарыстоўвацца 10 складоў.
Як высветліў партал «Беларусы і рынак», па выніках мінулага года выручка «Лібрэтыка» дасягнула 1,1 млрд рублёў (у 2024 годзе — 890 млн), а чысты прыбытак склаў 2,1 млн рублёў (супраць 940 тысяч рублёў годам раней).
Каментары
Чытаем: "сетка аб'ядноўвае 200 крам «Суседзі» і 18 крам «Разумны выбар». У іх працуюць крыху больш за 3 тысячы чалавек".
3000:218 = 13.76 чалавек працуе ў адной краме.
Працуюць яны зранку да ночы.
14 мінус дырэктар і бухгалтар = 12.
12 чалавек працуюць на касе, выкладаюць тавар, мяняюць цэннікі, правяраюць тэрміны прыдатнасці, прыбіраюць памяшканні , мыюць карзіны, чысцяць гародніну і гэтак далей.
Калі крама працуе з 7 да 23 гзта 16 гадзін.
16 гадзін×30 дзён у месяц= 480 гадзін.
Гэта колькасць працоўнага дня трох чалавек. А ўсяго на 1 краму 12 чалавек. Значыць, адначасова ў краме фізічна могуць знаходзяцца толькі 4 супрацоўніка. Адзін на касе, другі тавар раскладвае, трэці на складзе чысціць, мые, сарціруе і яшчэ адзін.
Вы лічыце такую колькасць - 4 супрацоўніка - на даволі вялікія крамы "Суседзі" нармальным? Я лічу, што гэта здзек з людзей, якія там працуюць.