Грамадства11

У Нясвіжы з буйной зніжкай прадалі двухпавярховы гістарычны асабняк

Двухпавярховы асабняк часоў польскай улады ў Заходняй Беларусі прадалі з аўкцыёну ў Нясвіжы ўсяго за 71 610 рублёў, або 23 798 даляраў паводле курсу Нацбанка, паведамляе Domovita.by.

Фота: БУТБ-Маёмасць

У будынку на вуліцы Сыракомлі ў савецкія і постсавецкія гады працавала зубапратэзная лабараторыя. Яго некалькі разоў выстаўлялі на таргі, і ўрэшце чацвёрты аўкцыён стаў для гэтага дома паспяховым.

Разам з двухпавярховым цагляным будынкам пераможца атрымаў у арэнду на паўстагоддзя зямельны ўчастак плошчай амаль 8 сотак. 

Фота: БУТБ-Маёмасць

Таргі па продажы двухпавярховага цаглянага дома на вуліцы Сыракомлі, 21 у Нясвіжы расцягнуліся амаль на паўгода і завяршыліся толькі з чацвёртай спробы. Прадаўцом выступіла Нясвіжская цэнтральная раённая бальніца, якая выставіла нерухомасць на электронную пляцоўку «БУТБ-Маёмасць».

Раней тут працавала зубапратэзнае аддзяленне, але пасля пераезду медыкаў будынак плошчай 274,8 квадратнага метра пуставаў. 

Інвестары доўга не адважваліся набыць гэты гістарычны будынак. У маі і ліпені гэтага года нерухомасць беспаспяхова спрабавалі прадаць за 341 000 рублёў. У жніўні цану знізілі роўна ўдвая — да 170 500 рублёў, аднак і тады ахвотных купіць дом не знайшлося. А вось пасля зніжэння кошту лота на 80%, калі пачатковую цану апусцілі да 68 200 рублёў, купец усё ж знайшоўся.

Крыніца: yozas_gubka

На такую шчодрую зніжку адгукнуўся адзін прэтэндэнт — прыватны інвестар з Мінска. Паводле правіл аўкцыёну лот перадалі адзінаму ўдзельніку, які падаў заяўку, з павышэннем пачатковай цаны на 5%. У выніку сума здзелкі склала 71 610 рублёў, што адпавядае 23 798 далярам. Новы ўласнік плануе перавесці будынак з медыцынскага фонду ў жылы і зрабіць там прыватны дом.

Акрамя таго, паколькі асабняк унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, уладальніку трэба будзе падпісаць ахоўнае абавязацельства, на працягу трох месяцаў атрымаць узгадненне Міністэрства культуры на правядзенне даследаванняў, распрацаваць праект рэстаўрацыі і пачаць будаўнічыя работы цягам трох гадоў.

Крыніца: yozas_gubka

Сам будынак дакладна нельга назваць звычайным — яго мінулае даволі складанае. У афіцыйных дакументах годам пабудовы пазначаны 1935-ы, але гістарычныя крыніцы сведчаць, што дом узвялі ў 1924—1926 гадах. Ён уваходзіў у склад «урадавага» квартала — так званай чыноўніцкай калоніі часоў уваходжання Заходняй Беларусі ў склад Польшчы.

Каб замацаваць прыезджых службоўцаў на беларускіх землях, у Нясвіжы за дзяржаўныя сродкі пабудавалі новыя дамы ў раёне фальварка Зарэчча. Падобныя кварталы ўзводзілі таксама ў Брэсце, Стоўбцах і Браславе. Генеральны план нясвіжскай калоніі распрацавалі варшаўскі архітэктар Тэадор Буршэ і інжынер Юзаф Крупа. Дом № 21 Буршэ праектаваў асабіста, разлічваючы яго на дзве сям'і.

Архітэктуру дамоў выбралі з высокімі дахамі і ганкамі, якія імітавалі шляхецкія сядзібы. Побач захаваліся яшчэ два будынкі гэтага гістарычнага ансамбля. У савецкі час квартал выкарыстоўваўся як база лясной гаспадаркі і атрымаў народную назву «пасёлак лясніцтва», а пазней перайшоў да медыкаў.

Каментары1

  • ваван
    16.10.2026
    ну НН хотя бы убрала слово "оккупация" из оригинального текста... А вот Заходняя Беларусь не убрала.... Ну НЕ БЫЛО никогда и нигде такого ни государственного ни территориального образования.. Хотя не, было - в ИДИОЛОГИЧЕСКИХ публикациях сталинского СССР... как оправдание агрессии в развязывании Второй Мировой войны на стороне фашиской Германии...

Цяпер чытаюць

«Бульба» з Оршы пайшоў ваяваць за Расію — цяпер сястра шукае яго ці хаця б яго парэшткі7

«Бульба» з Оршы пайшоў ваяваць за Расію — цяпер сястра шукае яго ці хаця б яго парэшткі

Усе навіны →
Усе навіны

Расіяне здымалі ў Мінску серыял пра хакей — выдалі сталіцу Беларусі за Валгаград і Самару4

Стала вядома, адкуль паступіў загад абмежаваць Starshield для Украіны3

«Ён не хоча дамаўляцца»: Трамп заявіў, што не хоча мець спраў з Зяленскім39

Арцём Леўшуноў закінуў дэбютную шайбу ў гэтым сезоне ў НХЛ

У Германіі робат чапіўся да 16‑гадовай дзяўчыны. Хто будзе пакараны?12

Трое дзяцей і адзін дарослы загінулі ў выніку стральбы ў пачатковай школе ў ЗША

Знайшлі першую зялёную зорку. Раней лічылася, што такіх не бывае2

З камісіі па вяртанні афіцыйна выключылі свайго арыштаванага сябра2

Як часта трэба займацца сэксам, каб хутчэй зацяжарыць? Навукоўцы назвалі аптымальную частату5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Бульба» з Оршы пайшоў ваяваць за Расію — цяпер сястра шукае яго ці хаця б яго парэшткі7

«Бульба» з Оршы пайшоў ваяваць за Расію — цяпер сястра шукае яго ці хаця б яго парэшткі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць