Вясковец з-пад Іўя папрасіў п'янага сябра-бяспраўніка сесці за руль. Той разагнаўся да 202 км/г — і забіў гаспадара аўто аб слуп
20‑гадоваму кіроўцу далі пяць гадоў калоніі.

Суд Іўеўскага раёна вынес прысуд па справе пра смяротную аварыю, паведамляе Гродзенскі абласны суд.
У чэрвені 2026 года 20‑гадовы мясцовы жыхар піў разам з сябрамі. Каля 5‑й раніцы 37‑гадовы гаспадар «Хонды», таксама п'яны, папрасіў яго сесці за стырно. Пасведчання кіроўцы ў маладзёна не было.
Яны ехалі па дарозе ад Іўя ў бок Ліпнішак. Кіроўца разагнаў машыну да 202 км/г, вылецеў з дарогі і на поўнай хуткасці рэзнуўся ў апору лініі электраперадачы.
Гаспадар машыны сядзеў на пярэднім пасажырскім сядзенні і не быў прышпілены рэменем бяспекі. Ён атрымаў цяжкія траўмы і загінуў на месцы.
А кіроўца выжыў, хай і застаўся з паламанай нагой.
Суд прызнаў кіроўцу вінаватым па ч. 4 арт. 317 КК (парушэнне правіл дарожнага руху ў стане алкагольнага ап'янення, якое па неасцярожнасці прывяло да смерці чалавека). Яму прызначылі пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і на 8 гадоў забаранілі кіраваць транспартнымі сродкамі.
Акрамя таго, ён павінен выплаціць сястры загінулага 30 000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
Каментары