Уласнікі кватэр у «Паўночным Беразе» пачалі атрымліваць рахункі — і ў шоку ад сум за падагрэў вады
За менш чым 3 кубы гарачай вады мінчанка атрымала рахунак на 104 рублі.

Першы рахунак шакаваў уласніцу
Жанчына з мінскага комплексу «Паўночны бераг» выклала рахунак за верасень на нежылую кватэру ў «Паўночным Беразе» з адным зарэгістраваным чалавекам.
Агульны рахунак з улікам электраэнергіі склаў 193 рублі. Прычым 104 рублі з іх ідуць на падагрэў вады. Што да аб’ёмаў, то гэта было 2,8 куба.
Каментатары пачалі прапаноўваць версіі, чаму так адбываецца. «Пакуль мала людзей жыве ў доме, увесь падагрэў вады аплачваюць тыя, хто ёй карыстаецца», — піша адзін з карыстальнікаў.
«Усё слушна: дзеля вас некалькіх грэецца ўвесь контур ГВЗ, і цыркуляцыя ўсяго дома працуе. Таму выдатак цяпла ідзе незалежна ад выдаткаваных кубаметраў па лічыльніку ў кватэры», — дадае іншы.

«Гарачая вада лічыцца не так. Трэба глядзець выдаткі па доме. На ваш дом выдаткавана пэўная колькасць Гкал. Затым бяруць Гкал і дзеляць на кубы вады, даведаюцца, колькі Гкал выдаткавана на 1 кубічны метр. Хутчэй за ўсё, не ўсе жыхары пакуль падаюць звесткі пра спажыванне кубоў, таму вам і выйшла так дорага», — разважае адна з жанчын.
Іншы чалавек падае прыклад: калі дзяржава выдаткавала 100 рублёў на падагрэў вады для дома і пры гэтым увесь дом спажыў 5 кубоў, то адзін куб будзе каштаваць 20 рублёў. Таму калі ў доме будзе больш жыхароў, то ўмоўныя 100 рублёў адпаведна будуць размяркоўвацца на большы аб’ём вады.
Адказ забудоўшчыка
На сітуацыю адрэагаваў забудоўшчык.
«Цеплавы вузел вашага дома абсталяваны групавым цеплалічыльнікам: ён улічвае цяпло на ацяпленне і падагрэў вады, у тым ліку рэцыркуляцыю ГВЗ», — пракаментаваў акаўнт забудоўшчыка, пацвердзіўшы меркаванне, што вялікі рахунак за падагрэў вады звязаны з тым, што дом яшчэ мала заселены.
«У ацяпляльны перыяд асноўная частка цяпла ідзе на ацяпленне, а на падагрэў вады — толькі частка, якая вызначаецца заканадаўствам. Таму расход на падагрэў 1 куб. м вады ў міжацяпляльны перыяд можа адрознівацца ад ацяпляльнага», — дадаецца ў адказе.
Ва ўпраўляючай кампаніі патлумачылі, што на ўвесь дом сышло 11 кубоў гарачай вады, а на яе падагрэў — 13,5 Гкал, таму разлік цалкам слушны.

104 рублі — гэта яшчэ не шмат?
У каментарах пад допісам мінчанкі сваімі рахункамі пачалі дзяліцца іншыя гараджане. Адна з уласніц кватэры ў «Паўночным Беразе» паказала, што за жнівень заплаціла 301 рубель за падагрэў вады.
Іншы мужчына напісаў, што за жнівень спажыў у кватэры 6 кубоў гарачай вады і заплаціў за іх 400 рублёў.
«У мяне было 467 рублёў. Ніхто не прапісаны. Ваду злівалі для праверкі камунікацый. Было каля 1,7 куба», — падзялілася яшчэ адна карыстальніца.
Каментары