У Кангрэс ЗША ўнеслі законапраект, каб заблакаваць пагадненне адносна расійскага дызельнага паліва
Сярод суаўтараў дакумента названыя 17 членаў Палаты прадстаўнікоў.

Член Камітэта замежных спраў Палаты прадстаўнікоў ЗША, дэмакрат Грэгары Мікс, прадставіў двухпартыйны законапраект, мэта якога — заблакаваць пагадненне паміж ЗША і Расіяй наконт дызельнага паліва, піша «Украінская праўда».
Законапраект забараняе Амерыканскай карпарацыі міжнароднага развіцця інвеставаць у расійскую энергетыку; анулюе генеральныя ліцэнзіі, выдадзеныя Упраўленнем кантролю за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША, і забараняе выдачу такіх ліцэнзій у будучыні. Акрамя таго, ён абавязвае адміністрацыю прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ўвесці санкцыі супраць расійскага энергетычнага сектара.
«Гэтае пагадненне не знізіць выдаткі для амерыканскага народа, які і без таго ўжо плаціць за няўдалую вайну, якую Трамп вырашыў пачаць у Іране. Яно прынясе Пуціну мільёны даляраў, каб той мог беспакарана працягваць забіваць украінскіх мірных жыхароў», — сказаў Грэгары Мікс.
«У той час, калі Злучаныя Штаты павінны былі б узмацняць ціск на Крэмль, Дональд Трамп заляцаецца да Пуціна і заключае пагадненні дзеля ўласнага ўзбагачэння замест таго, каб падтрымліваць Украіну. Гэта супярэчыць усяму, што бароняць Злучаныя Штаты. Кангрэс мусіць дзейнічаць. Кожны член Кангрэса, які заяўляе, што абураны гэтым, павінен далучыцца да прыняцця гэтага законапраекта», — заявіў ён.
Каментары