Пад Талачыном археолагі знайшлі раней невядомую капліцу-склеп XVII стагоддзя
У Талачынскім раёне археолагі знайшлі капліцу-склеп XVII стагоддзя, звестак пра якую няма ні ў адным вядомым гістарычным дакуменце, паведамляе БелТА.

Даўжыня збудавання дасягае 10 метраў, а таўшчыня сцен склепа складае каля паўтара метра. Фундамент складзены з вялікіх валуноў. На сценах захаваліся фрагменты размалёўкі.
Краязнавец Дзмітрый Іўчанка адзначыў, што не знаходзіў гэтай капліцы нават на старых картах, хоць на іх пазначаныя іншыя, менш значныя аб’екты. Геафізікі, якія даследавалі ўчастак з дапамогай спецыяльнага абсталявання, выявілі, што ён літаральна ўсеяны абломкамі цэглы і камянёў. Гэта ўскладняе вызначэнне таго, што менавіта знаходзіцца пад зямлёй.
Пакуль не захавалася ні малюнкаў, ні фотаздымкаў мемарыяльнага збудавання. Адна з версій даследчыкаў заключаецца ў тым, што гэта магла быць капліца-пахавальня князёўны, якая загінула, патануўшы. Пра пачатак XVII стагоддзя сведчыць муроўка. Знойдзеныя артэфакты таксама паказваюць на рысы рэнесанснай архітэктуры.
Сярод знаходак — прадмет, які, як мяркуецца, з’яўляецца часткай вітража, а таксама рэшткі дахоўкі тыпу «бабровы хвост». Будаўнічую кераміку, верагодна, выраблялі непасрэдна на месцы, бо ў ваколіцах вёскі Саколіна шмат гліны. Акрамя таго, археолагі знайшлі фрагменты касцявога матэрыялу, але пакуль не ўстаноўлена, паходзяць яны з гэтага месца ці былі сюды перанесеныя.
Намесніца старшыні Талачынскага райвыканкама Алена Бамберава паведаміла, што пісьмовая прапанова надаць аб’екту статус гісторыка-культурнай каштоўнасці пакуль не паступала. Калі яе атрымаюць, мясцовыя ўлады гатовыя разгледзець гэта пытанне. На зіму збудаванне закансервуюць, а вясной плануюць працягнуць працу над яго захаваннем і далейшым вывучэннем.
Каментары