Амерыканскія вайскоўцы распрацоўваюць планы магчымых удараў па Іране з выкарыстаннем звышмагутнай няядзернай бомбы GBU-43/B MOAB, вядомай як «маці ўсіх бомбаў». Пра гэта 15 кастрычніка паведаміў тэлеканал CNN са спасылкай на некалькіх амерыканскіх чыноўнікаў, знаёмых з абмеркаваннямі ў вайсковым кіраўніцтве.

Паводле крыніц тэлеканала, новыя планы прадугледжваюць магчымыя ўдары па іранскай энергетычнай інфраструктуры і ядзерных аб’ектах, калі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп загадае аднавіць баявыя дзеянні — да прамежкавых выбараў у Кангрэс у пачатку лістапада або пасля іх.
Як сцвярджае CNN, Трамп асабіста даручыў вайскоўцам распрацаваць дадатковыя варыянты ўдараў па іранскіх цэлях. Адзін з іх прадугледжвае знішчэнне значнай часткі энергетычнай інфраструктуры краіны з магчымым выкарыстаннем MOAB. Іншая крыніца паведаміла, што гэтую бомбу таксама ўключылі ў планы ўдараў па іранскіх ядзерных аб’ектах.
У апошнія месяцы Трамп неаднаразова пагражаў атакаваць аб’ект пад назвай «Гара Кірка», дзе, паводле ацэнак ЗША і Ізраіля, Іран захоўвае кампаненты сваёй ядзернай праграмы.
Амерыканскія вайскоўцы звычайна прапануюць палітычнаму кіраўніцтву розныя варыянты дзеянняў — ад простых да складаных. Для паражэння аб’ектаў, размешчаных глыбока пад зямлёй, патрэбныя боепрыпасы з асаблівымі характарыстыкамі. Аднак эксперты сумняваюцца, што нават MOAB зможа эфектыўна знішчыць размешчаныя глыбока пад зямлёй ядзерныя аб’екты Ірана, абароненыя, у прыватнасці, гранітнымі пародамі.
MOAB — наймагутнейшая няядзерная бомба ў арсенале ЗША. Яе маса складае каля 9800 кілаграмаў. Бомба мае сістэму GPS-навядзення і выбухае яшчэ да сутыкнення з зямлёй, ствараючы магутную ўдарную хвалю. Паводле ацэнак, яе выбух можа знішчыць усё на тэрыторыі, супастаўнай з дзевяццю гарадскімі кварталамі.
Бомбу распрацавалі падчас вайны ў Іраку. У 2003 годзе, на заключным этапе выпрабаванняў, амерыканскія вайскоўцы паведамлялі, што яна прызначалася найперш для псіхалагічнага ўздзеяння.
Пры гэтым Трамп раней даваў зразумець, што не зацікаўлены ў маштабнай наземнай аперацыі супраць Ірана, якая магла б каштаваць жыцця тысячам амерыканскіх вайскоўцаў. Частка прадстаўнікоў яго адміністрацыі і незалежных аналітыкаў лічыць, што без увядзення наземных войскаў будзе цяжка дасягнуць поўнага ваеннага разгрому Ірана.
Як адзначае CNN, імкненне Трампа як мага хутчэй завяршыць канфлікт стварае для яго складаную палітычную дылему, асабліва напярэдадні прамежкавых выбараў у ЗША.
Каментары
Кідаюць іх з транспартных "геркулесаў"