Беларусы ўдзельнічалі ў аперацыі «Вівальдзі». Іх падраздзяленне ўзяло 20 палонных і знішчыла больш за сто байцоў праціўніка
Сярод забітых знойдзены і расійскі найміт з Магілёва, 36‑гадовы Раман Кандраценка.

У аперацыі «Вівальдзі» актыўны ўдзел бралі беларускія добраахвотнікі, найперш байцы Беларускага добраахвотніцкага корпуса. БДК дзейнічаў у складзе разведвальнага батальёна HATRED (3‑я штурмавая брыгада) у якасці разведвальнай пяхотнай роты. Частка добраахвотнікаў таксама выконвала іншыя спецыяльныя задачы
Дэталі ўдзелу беларусаў у аперацыі «Вівальдзі» расказаў у сваім тэлеграм-канале былы палітвязень Кім Самусенка.

Беларускія добраахвотнікі ўдзельнічалі ў аперацыях у раёне населеных пунктаў Рэдкадуб, Новае, Ліпавае, Кацярынаўка і Зялёная Даліна, а таксама ў лесапалосах каля Калодзезяў, Іванаўкі і Новалюбаўкі.

Паводле звестак падраздзялення, на рахунку беларускіх байцоў — больш за сотню знішчаных вайскоўцаў праціўніка, яшчэ 20 былі ўзятыя ў палон.
Сярод забітых быў і грамадзянін Беларусі, 36‑гадовы Раман Кандраценка.
Год таму, 10 верасня 2025 года, у адным з магілёўскіх паблікаў з'явілася абвестка пра яго вышук. Выявілася, што ён за гэты час наняўся ў расійскае войска.

Адзін з беларускіх добраахвотнікаў расказаў Кіму Самусенку некаторыя дэталі гэтай аперацыі.
«Падчас першага выхаду хлопцы ўзялі ў палон камандзіраў узводаў і камандзіра разведвальнай роты праціўніка. Сабралі шмат інфармацыі пра абстаноўку на лініі баявога сутыкнення і ў тылах праціўніка. Цалкам перахапіўшы ініцыятыву, нашы групы заходзілі глыбока ў тыл праціўніка, да пазіцый варожай аэравыведкі і артылерыстаў. Паспяхова бралі палонных і спынялі лагістыку», — расказаў баец.
Ён кажа, што за 2026 год змянілася шмат аспектаў.
Зараз пяхотнай разведцы стала складаней дабірацца да зоны інтарэсу. Гэта патрабуе некалькіх дзён маршу, новых прынцыпаў фармавання груп і эшаланавання, маскавання, сувязі.
Вораг выкарыстоўвае ўдарныя дроны, дыстанцыйнае мінаванне, артылерыю і нават авіяцыю.
Сярод змен — напрыклад, праца ўначы цяпер амаль не выконваецца праз распаўсюджанасць аэраразведкі з цеплавымі і інфрачырвонымі камерамі.
«Можна сказаць, што цяпер нашы ваяры перажываюць найлепшы перыяд уздыму. Атмасфера пачатку 2022 года, але з вялікім вопытам і шырэйшымі магчымасцямі». На жаль, вайна не абыходзіцца без раненняў. Падчас аперацыі цяжкае раненне атрымаў адзін з беларускіх добраахвотнікаў», — расказаў Кіму Самусенку беларускі добраахвотнік.
Аперацыя «Вівальдзі» пачалася з ліквідацыі расійскай інфільтрацыі ў раёне горада Ліман, але перарасла ў маштабны контрнаступ.
Брыгадны генерал УСУ Андрэй Білецкі, які камандаваў аперацыяй, расказаў, што за час аперацыі пад кантроль Украіны вярнулі 16 вёсак і вызвалілі 277 км².
«Мы не далі праціўніку абысці Славянска-Краматарскую агламерацыю з флангаў і ўзяць яе ў абцугі, а таксама абаранілі трасу Харкаў — Славянск. Праціўнік не змог перарэзаць ключавую лагістычную артэрыю нашай групоўкі на Данбасе. Мы сарвалі наступ групоўкі «Запад» і прымусілі яе перакідваць частку падраздзяленняў 1‑й танкавай арміі, што аслабіла ціск на Купянск-Вузлавы», — заявіў Андрэй Білецкі.


На апублікаванай французскім OSINT-аналітыкам Клеманам Маленам анімацыі відаць, як змянялася лінія фронту з 22 мая да 5 верасня. Украінскія войскі паступова атакавалі флангі расійскага выступу, пасля чаго адкінулі праціўніка ў бок ракі Жарабец, Неўскага і Макееўкі.
Такім чынам, вынікі прыкладна года расійскага наступу на гэтым участку ў значнай ступені былі страчаныя.
Каментары
[Зрэдагавана]