За калецтва 17‑гадовай дзяўчыны, на якую скінулі снег з даху Dana Mall, будуць судзіць дырэктара гандлёвага цэнтра
Рабочаму, які скінуў снег, прысуд ужо вынеслі.

Здарэнне адбылося ў студзені 2026 года каля службовага выхаду з мінскага Dana Mall. На 17‑гадовую дзяўчыну з даху скінулі снег, пацярпелую шпіталізавалі з цяжкімі траўмамі.
Паводле следства, 33‑гадовы дырэктар адказваў за бяспечнае выкананне работ. Аднак ён дапусціў да ачысткі даху староннюю арганізацыю, якая займалася распрацоўкай рэкламы. Неабходны для такіх работ нарад-допуск аформлены не быў.
Снег прыбіралі чацвёра афіцыйна не працаўладкаваных мужчын. Яны не прайшлі інструктаж. Адзін з рабочых, 53‑гадовы замежнік, скінуў снег з даху, не пераканаўшыся, што ўнізе няма людзей.
Следства лічыць, што дырэктар не забяспечыў бяспеку прылеглай тэрыторыі. Яму выставілі абвінавачанне ў службовай халатнасці, якая па неасцярожнасці пацягнула цяжкія наступствы. Мера стрымання — залог.
Рабочаму, які скінуў снег, прысуд ужо вынеслі: за прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці яго пакаралі трыма месяцамі арышту.
Каментары