У гэта складана паверыць, але некаторыя аўто ў Беларусі каштуюць нашмат танней, чым у Еўропе. Як такое магчыма?
Беларусы звыклі меркаваць, што аўтамабілі ў Еўропе каштуюць значна танней, чым у Беларусі. Але праз сусветную экспансію кітайскіх аўтавытворцаў баланс пачаў змяняцца.

Кітайскія маркі заваёўваюць рынак Еўропы
У Беларусі кітайскія аўтамабілі ўжо паспелі стаць паўсядзённасцю. Моцным штуршком для росту іх папулярнасці стала тое, што з Расіі сышлі сусветныя аўтавытворцы пасля развязвання ёй поўнамаштабнай вайны ва Украіне, а на Расію і пазней на Беларусь былі накладзеныя шматлікія санкцыі, частка з якіх тычыцца акурат аўтамабіляў.
Ужо па выніках 2025 года (з улікам Belgee) каля 70% продажаў новых аўто ў Беларусі прыходзілася на кітайскія маркі.
І калі ў выпадку з Беларуссю любоў да кітайскіх машын шмат у чым абумоўлена адсутнасцю альтэрнатыў, бо ў салонах зніклі папулярныя раней VW, Renault, Hyundai ды іншыя сусветныя маркі аўто расійскай зборкі, то ў Еўропе сітуацыя зусім іншая.
Пры гэтым ужо летам 2026 года доля кітайскіх аўто ў продажах у Еўропе дасягнула амаль 11%. А ў суседняй Польшчы па выніках жніўня больш за 15% рэгістрацый новых аўто прыпала на кітайскія маркі.

Мыта не перашкода
І гэта пры ўмовах, што кітайскія электрамабілі ў Еўрасаюзе апроч стандартных 10% мыта абкладаюцца дадатковымі, якія ў залежнасці ад канкрэтнага вытворцы вагаюцца ад 17 да 35%. Ніякіх ільгот па ПДВ таксама няма.
Для аўто з рухавіком унутранага згарання і ў тым ліку гібрыдаў дзейнічаюць стандартныя 10% мыта плюс ПДВ, які ў выпадку з Польшчай складае 23%.
Праз гэта кітайская аўто ў Еўропе каштуюць даражэй, чым у Беларусі. Асабліва, калі гаворка ідзе пра электрычкі.
Розніца ў цэнах шакуе
Напрыклад, кампактны электрамабіль Dongfeng BOX, які ў 2025 годзе стаў самым папулярным электрамабілем у Беларусі, прадаецца па цэнах ад 50 700 рублёў (каля 15 000 еўра).

У Польшчы цэны на такі самы аўтамабіль пачынаюцца з 99 900 злотых (каля 22 700 еўра). Розніца абумоўлена тым, што гэта менавіта электрамабіль і на яго распаўсюджваецца дадатковае мыта ЕС.
У выпадку з бензінавымі аўто розніца меншая. Так, седан Dongfeng Shine ў Беларусі каштуе ад 60 100 рублёў (каля 17 800 еўра), а ў Польшчы — ад 84 900 злотых (каля 19 300 еўра).

Цэны на красовер Huge у Беларусі пачынаюцца з 95 300 рублёў (каля 28 200 еўра), а ў Польшчы такі самы аўтамабіль прадаюць ад 134 900 злотых (каля 30 700 еўра).
Geely Польшча VS Беларусь
На польскі рынак добра вядомы беларусам Geely афіцыйна прыйшоў толькі летам 2025 года і пакуль прадстаўлены ўсяго трыма мадэлямі: электрычкамі Е2 і Е5 і гібрыдам Starray EM-i. Агулам з улікам шэрага імпарту (такі ў Польшчы таксама ёсць) за восем месяцаў 2026 года ў Польшчы зарэгістравалі 1166 новых аўто маркі Geely. Гэта дазволіла Geely усяго праз год пасля прыходу на польскі рынак заняць 10‑е месца па папулярнасці сярод усіх 29 кітайскіх брэндаў, якія прадаюцца ў Польшчы.
Што да розніцы ў цэнах, то яна проста шакавальная. Электрычны кросовер Geely EX5 Pro беларускай зборкі ў нас каштуе ад 73 900 рублёў (каля 22 000 еўра). У Польшчы такі самы электрамабіль, толькі кітайскай зборкі, Geely E5 Pro (розніца ў назве мадэлі залежыць ад рынку), каштуе ад 169 900 злотых, што складае каля 38 600 еўра.

Але істотная розніца ў цане на кітайскія аўто існуе і ў выпадку, калі размова ідзе пра аўто, якія ў абедзвюх краінах пастаўляюцца неафіцыйна.
Напрыклад, патрыманы электрычны спартыўны седан Xiaomi SU7 у Беларусі прадаецца па цэнах ад 110 тысяч рублёў (каля 32 500 еўра) за аўто 2024 года выпуску. У Польшчы цэны на такія аўто пачынаюцца з 210 тысяч злотых (каля 47 700 еўра).
Беларусь — рай для электрамабіляў?
Уся рэч у тым, што ў Беларусі вельмі спрыяльныя ўмовы для імпарту электрамабіляў. Да вычэрпвання квоты, якая для юрыдычных асоб была выкарыстана 24 ліпеня, а для фізічных — 5 верасня, электрамабілі ў Беларусь заязджалі пад 0% мыта.
Але нават пасля таго, як устаноўленыя на ўзроўні ЕАЭС квоты на бязмытны ўвоз скончыліся, імпарт электрычак усё адно даволі танны. Мыта на іх складае 15%, а калі аўто ў краіну ўвозіць ільготнік, то, адпаведна, 7,5%. Што да ПДВ, то электрамабілі маюць гэтую ільготу да 1 студзеня 2029 года.
Таму нават калі на наступны год ЕАЭС не вылучыць квоты на бязмытны ўвоз электракараў, іх імпарт не стане нашмат даражэйшым і яны ўсё адно будуць каштаваць танней, чым у суседніх краінах ЕС, дзе, апроч пошліны ад 10 да 45%, існуе яшчэ і стандартны ПДВ.
Апроч таго, у Беларусі каштуюць танней, чым у Еўропе, кітайскія аўтамабілі, якія збіраюць у Беларусі. І гэта не толькі Geely/Belgee, але і Dongfeng ды некаторыя іншыя маркі.
Belgee па-за канкурэнцыяй
Таму калі глядзець на мадэльны шэраг Belgee агулам і Belgee S50 або красовер Х50 у прыватнасці, то з улікам цаны ў 17250 — 17450 еўра можна сказаць, што ў краінах Еўрасаюза канкурэнтаў ім амаль не існуе.
Танней за іх — толькі бюджэтны хэтчбэк Dacia Sandero. А калі разглядаць красоверы з АКПП, то самая танная Dacia Duster у Польшчы каштуе 20 100 еўра, што на 2650 еўра даражэй за самую танную Х50 з АКПП.

Што да аўто заходніх брэндаў, то, вядома, яны ў Еўропе каштуюць танней, чым у Беларусі. Асабліва калі браць новыя аўто, імпарт якіх у нашу краіну амаль цалкам спыніўся. У выніку беларускі аўтапарк за апошнюю пяцігодку максімальна аддаліўся ад еўрапейскага.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
" Сам усрамся, но не сдамся." (с)
Іх у латарэі разыгрываюць. На дарогах амаль не трапляюцца.
Спрэс БМВ, Аўдзі і Вольва.
Варшаўскія дылеры кажуць, што Таёта і Шкода па-ранейшаму безумоўныя лідары, як першая пакупка прыватнікамі, гэтак і для карпаратыўнага сектара.
У топе ёсць толькі адзін кітаец - гэта красовер сямейны. мабыць менавіта праз максімум аўто за мінімальны кошт.