Пазняк: Нават пры мінімальным беларускім раскладзе Пуціла і Пратасевіч пойдуць пад следства
Ветэран беларускага руху ў фэйсбуку рэзка раскрытыкаваў сітуацыю 2020 года, а таксама заклікаў да адказу Сцяпана Пуцілу, Рамана Пратасевіча і іншых дзеячаў. Кіраўнік «Нехта» яму адказаў.

«Апошнім часам у псеўдаінфармацыйным Сеціве раптам з'явіліся нестандартныя выказванні людзей, «з якімі даўно ўсё зразумела». Выступілі спадар і спадарыня з групы ОСЦ [Офіса Святланы Ціханоўскай] і сказалі (у сэнсе), што вязням у лукашысцкай турме сядзець добра (маўляў, на франтах Украіны горш, там забіваюць, і таму адмяняць эканамічныя санкцыі, каб вызваліць вязняў, не надта і трэба (не цытую, але змест такі)», — піша Пазняк у фэйсбуку. Пад спадаром, найхутчэй, маецца на ўвазе гісторык Яўген Красулін, муж прэс-сакратаркі Офіса Ганны Красулінай.
«Перад гэтым выступаў яшчэ адзін «Гапон» і намякаў, што ён арганізаваў пратэсты 2020 года. Засталося без каментароў. Але вось нядаўна шматслоўна і па некалькі разоў засведчыў сябе чарговы спадар і заявіў, што ў 2020 годзе ўсё арганізаваў якраз ён (Магчыма, маецца на ўвазе Эдуард Пальчыс, які пісаў пра каардынацыю пратэстаў. — НН). З намёкам, што Расія тут ні пры чым і «Рома» з «Нэкстай» таксама.
Што гэта ўсё значыць? Банальна яно азначае тое, што вайна рухаецца да завяршэння, і Масква адчула слабасць пазіцый у Беларусі, бо ўсе іхнія маскоўскія дзеянні шытыя белымі ніткамі і фастрыгацыя бачная. Вырашылі зацямніць карціну.
Пра Расію тут казаць шмат не будзем. Адгарадзіць яе не ўдасца. Не ўдасца вынесці за дужкі і «Рому» з «Нэкстай» (канал «Nexta»). Нават пры мінімальным беларускім раскладзе яны пойдуць пад следства.
З усёй спаленай расійскай агентуры гэты «Рома» (Раман Пратасевіч) выглядае найбольшым падонкам. З-за яго (з-за ягонага ўдзелу ў «аперацыі») ледзь не знішчылі «Белавію» (патрэбную беларусам), нанесеныя вялікія страты народу. Не кажам ужо пра тое, колькі беларусаў ён здаў у КДБ. Некаторых пасадзілі з-за яго на 15 гадоў. Маладыя людзі станавіліся сівымі за адну ноч.
Цяпер гэты «Рома» ў чорным касцюме з гальштукам-матыльком падобны да афіцыянта, выступае на рэжымным прапагандысцкім экране і хваліць Лукашэнку (які, дарэчы, публічна пацвердзіў агентурнасць «Ромы»).
«Нэкста» (Сцяпан Пуціла) з'яўляўся, магчыма, асобай уплыву («агентам уплыву»). Але паводле беларускага заканадаўства гэта не адмяняе справы.
Успомняць і спадара Рудзіка, які, відаць, зразумеў, куды трапіў, і максімальна аддаліўся (нават за мяжу). І галоўнае — даведаюцца, хто стаяў за ўсёй правакацыяй 2020 года, хто спусціў у пясок увесь стыхійны народны рух, калі народ звярнуўся не да белых стужачак, як было задумана, а да беларускай салідарнасці пад нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам.
Расійскія вушы былі бачныя ад самага пачатку. І ўся гэтая публіка з «Газпрама», з «рускага міру», з КДБ і АГП таксама была бачная. Нічога ўжо нікому схаваць не ўдасца. Беларусы ўсё ведаюць і ўсё памятаюць», — напісаў Зянон Пазняк.
Кіраўнік Nexta Сцяпан Пуціла ў каментарах да допіса адказаў:
«Спадар Зянон, а колькі ўжо можна круціць гэтую заезджаную пласцінку пра «агентаў уплыву» і «расейскі след»? Шосты год адны і тыя ж абвінавачванні, і дзе хоць адзін доказ? Вы, безумоўна, гістарычная постаць для Беларусі, і вашы заслугі ніхто не збіраецца адмаўляць. Але гэта не дае вам права беспадстаўна абвінавачваць іншых і выдаваць уласныя канспіралагічныя тэорыі за ісціну.
Nexta з'явілася яшчэ ў 2015 годзе. У жніўні 2020‑га наш канал сабраў больш за два мільёны падпісчыкаў, дапамагаў людзям каардынаваць пратэсты і паказваў на ўвесь свет тое, што адбываецца ў Беларусі. І гэта не фантазіі, а факты, зафіксаваныя міжнароднымі СМІ і даследчыкамі.
І самае галоўнае. Пратэсты 2020 года зрабілі беларусы, а не нейкая міфічная расейская агентура. Прыпісваць сотням тысяч людзей удзел у «маскоўскай правакацыі» азначае абясцэньваць іх мужнасць і ахвяры.
Калі ў вас ёсць доказы маёй працы на Расею, нарэшце пакажыце іх публічна. А калі няма, то майце смеласць спыніць гэтыя інсінуацыі.
Паважаць вашую ролю ў гісторыі Беларусі не азначае маўчаць, калі вы пераходзіце ўсе межы. Гістарычны аўтарытэт не дае індульгенцыі на хлусню».
Блогер Ігар Лосік іранічна пракаментаваў допіс Пазняка: «Дзве рэчы, доказаў якіх так ніхто і ніколі не пабачыў: як беларусам плацілі грошы за ўдзел у пратэстах і як Пуціла працаваў на Расею».
Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары