Беларускія ўлады адмовіліся выдаць Літве Кандротаса-Цэлафанаса, які ад суда на радзіме ўцёк у Беларусь
Генпракуратура Беларусі адхіліла запыт аб выдачы прарасійскага літоўскага дзеяча Антанаса Кандротаса, вядомага як Цэлафанас. У Літве яму прызначанае пазбаўленне волі. На яго таксама выдадзены еўрапейскі ордар на арышт.

Пра адмову беларускіх уладаў Міністэрства юстыцыі Літвы праінфармавала Каўнаскі акруговы суд, паведамляе LRT.
Прычыны адмовы ў паведамленні не называюцца.
Віцэ-міністр юстыцыі Марцінас Дабравольскіс заявіў, што Літва працягвае дамагацца выканання прысуду.
Еўрапейскі ордар на арышт Каўнаскі акруговы суд выдаў 29 чэрвеня 2026 года. Паводле Дабравольскіса, гэты дакумент дазваляе затрымаць Кандротаса, калі той апынецца на тэрыторыі ЕС або краін-партнёраў.
Літовец Антанас Кандротас-Цэлафанас, якога беларускія прапагандысты, па іх словах, «эвакуявалі» з Літвы, ужо даў беларускаму тэлебачанню «інтэрв’ю без цэнзуры і аглядкі».
Ён выступаў супраць прысутнасці беларусаў у Літве, абражаў Ціханоўскіх і пагражаў дамагчыся іх высылкі ў Мінск. У выніку ў Беларусь, ратуючыся ад зняволення, з’ехаў сам, хоць меў абавязак не пакідаць Літву.
На момант уцёкаў у Беларусь Кандротас меў прысуд да рэальнага зняволення, які яшчэ не ўступіў у законную сілу праз працэсы апеляцыі. Гэта справа аб беспарадках каля Сейма ў 2021 годзе.
Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары