Кітай упершыню пацвердзіў, што вядзе перамовы пра магчымую трохбаковую сустрэчу старшыні КНР Сі Дзіньпіна, прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна, піша Bloomberg.

«Кітай падтрымлівае кантакты з адпаведнымі бакамі па пытанні магчымай сустрэчы лідараў Кітая, Расіі і ЗША», — заявіла прадстаўніца Міністэрства замежных спраў КНР Мао Нін.
Сустрэча можа адбыцца на саміце Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва (АТЭС), які пройдзе 18—19 лістапада ў кітайскім Шэньджэні.
Як адзначае Bloomberg, заява кітайскага МЗС за два тыдні да меркаванай сустрэчы сведчыць пра тое, што Пекін сапраўды разглядае магчымасць яе правядзення.
Паводле звестак The Wall Street Journal, ідэю трохбаковай сустрэчы Пуцін прапанаваў Трампу падчас тэлефоннай размовы 9 кастрычніка. Выданне сцвярджала, што расійскі прэзідэнт хоча дамовіцца ў такім фармаце пра заканчэнне вайны на ўмовах, выгадных для Расіі.
Трамп раней публічна заяўляў пра гатоўнасць правесці такую сустрэчу. Аднак падкрэсліваў, што хацеў бы абмяркоўваць на ёй найперш ядзернае раззбраенне, а не расійска-ўкраінскую вайну.
Каментары