Галоўны спонсар Міжнароднай федэрацыі хакея прыгразіў адмовіцца ад чэмпіянату свету ў выпадку допуску Расіі
«Мы лічым вяртанне зборнай Расіі на чэмпіянат свету несумяшчальным з каштоўнасцямі, якіх мы прытрымліваемся на працягу доўгага часу», — заявілі ў кампаніі Škoda.

Кампанія Škoda заявіла, што адмовіцца ад спонсарства чэмпіянату свету па хакеі 2027 года, калі зборную Расіі дапусцяць да ўдзелу ў турніры.
«Мы лічым вяртанне зборнай Расіі на чэмпіянат свету несумяшчальным з каштоўнасцямі, якіх мы прытрымліваемся на працягу доўгага часу. Калі зборная Расіі возьме ўдзел у чэмпіянаце свету, мы перагледзім свой удзел у турніры і распачнём далейшыя крокі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Škoda.
Упершыню Škoda стала спонсарам чэмпіянату свету па хакеі ў 1992 годзе — спачатку ў якасці аўтамабільнага партнёра. Ужо праз год аўтавытворца стаў афіцыйным генеральным спонсарам турніру і застаецца ім дагэтуль.
У 2021 годзе Škoda заявіла, што адмовіцца ад спонсарства чэмпіянату свету, калі Беларусь застанецца сярод краін — арганізатараў турніру (разам з Латвіяй). Пасля гэтага IIHF (Міжнародная федэрацыя хакея) пазбавіла Беларусь права на правядзенне ЧС-2021. Турнір прайшоў толькі ў Латвіі.
На мінулым тыдні Спартыўны арбітражны суд (CAS) дазволіў расійскім спартсменам удзельнічаць у спаборніцтвах Міжнароднай федэрацыі хакея.
Учора нацыянальныя хакейныя федэрацыі Нарвегіі, Даніі, Швецыі, Латвіі і Чэхіі заявілі, што адмовяцца гуляць супраць зборнай Расіі на мужчынскім чэмпіянаце свету па хакеі, які пройдзе ў Германіі ў наступным годзе, а Канада заявіла, што не дапусціць зборныя Беларусі і Расіі да моладзевага чэмпіянату свету, які павінен прайсці ў канцы снежня ў правінцыі Альберта.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны расійскі і беларускі хакей быў пад міжнародным банам. Зборныя былі адхіленыя ад чэмпіянатаў свету і Алімпіяд. Улетку да міжнародных спаборніцтваў вярнулі беларускі юнацкі і жаночы хакей, але моладзевая і нацыянальная зборныя тады пакінулі пад санкцыямі.
Варта адзначыць, што, у адрозненне ад футбола, дзе для ўдзелу ў чэмпіянатах свету і Еўропы ёсць паўнацэнныя адборачныя турніры, куды атрымліваюць пуцёўкі пераможцы груп, і Расію можна дадаць у любы момант (напрыклад, у пачатку снежня пройдзе лёсаванне груп Еўра-2028), у хакеі іншая сітуацыя.
Чэмпіянаты свету па хакеі праводзяцца ў маі. У вышэйшым дывізіёне бярэ ўдзел 16 каманд, якія разбіваюцца на дзве групы па восем зборных. Дзве слабейшыя каманды вылятаюць у першы дывізіён. На змену ім прыходзяць дзве дружыны з першага дывізіёна.
Так у маі 2026 года элітны дывізіён пакінулі Вялікабрытанія і Італія, на змену ім прыйшлі Украіна і Казахстан.
Склад дзвюх груп для ЧС-2027 ужо сфармаваны:
А: Фінляндыя, Швецыя, Швейцарыя, Германія, Аўстрыя, Латвія, Славенія, Украіна,
В: Канада, ЗША, Чэхія, Славакія, Данія, Нарвегія, Венгрыя, Казахстан.
Расію (і Беларусь) або дадаваць дзявятымі, або выкідваць кагосьці са слабейшым рэйтынгам, як Украіну і Казахстан, што можа прывесці да скандалу.
Каментары