ЗША забаранілі дзяржаўным ведамствам выкарыстоўваць софт Acronis, зроблены выхадцамі з Расіі
Урад ЗША абавязаў усе цывільныя федэральныя ведамствы да канца студзеня 2027 года цалкам адмовіцца ад выкарыстання праграмнага забеспячэння кампаніі Acronis. Адпаведнае распараджэнне Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША было апублікавана 30 кастрычніка, піша The Moscow Times.

Кампанія Acronis, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Швейцарыі, распрацоўвае праграмы для абароны і аднаўлення даных, рэзервовага капіявання і бяспечнага абмену файламі. Кампанія была створаная ў пачатку 2000‑х выпускнікамі Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута. Паводле крыніц выдання Nextgov/FCW, амерыканскія ўлады амаль дзесяць гадоў, яшчэ з часоў першай адміністрацыі Дональда Трампа, правяралі яе на прадмет магчымых сувязяў з Расіяй і пагроз нацыянальнай бяспецы.
Праграмамі Acronis карысталіся як цывільныя, так і абаронныя структуры ЗША. Сярод іх — Агенцтва інфармацыйных сістэм Пентагона, Упраўленне па барацьбе з наркотыкамі і Нацыянальнае ўпраўленне акіянічных і атмасферных даследаванняў. Падчас праверак амерыканскія ўлады, у прыватнасці, высвятлялі, ці працягваюць супрацоўнікі кампаніі ў Расіі ўдзельнічаць у распрацоўцы яе прадуктаў.
Acronis узнікла ў 2001 годзе як падраздзяленне кампаніі SWsoft, заснаванай выпускнікамі Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута (МФТІ). Сярод іх быў Сяргей Белавусаў, які з'ехаў з Расіі ў 1993 годзе і пазней атрымаў грамадзянства Сінгапура. Амерыканскія ўлады раней падазравалі яго ў магчымай датычнасці да перадачы сакрэтных звестак расійскім дзяржаўным структурам.
Паводле выдання CNews, кампанія Белавусава гістарычна моцна залежала ад расійскіх распрацоўшчыкаў, значная частка якіх доўгі час працавала ў Расіі. Акрамя таго, Acronis працяглы час быў адным з ключавых рэзідэнтаў тэхнапарка МФТІ.
Кампанія атрымлівала буйныя дзяржаўныя кантракты, у тым ліку на рэзервовае капіяванне даных Пентагона. Пра гэта ў 2022 годзе пісала The Washington Post. У 2021 годзе сам Белавусаў змяніў імя і прозвішча на Serg Bell. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны ён асудзіў расійскае ўварванне.
Пры гэтым звязаная з Acronis кампанія Acronis Infoprotection, якая цяпер называецца «Кіберпратэкт», адаптавала і перапрадавала расійскім дзяржаўным структурам прадукты Acronis у сферы кібербяспекі.
Як адзначае Nextgov, яшчэ ў ліпені 2025 года ЗША забаранілі выкарыстоўваць праграмнае забеспячэнне Acronis у сетках амерыканскай разведвальнай супольнасці, якая аб'ядноўвае 17 ведамстваў, у тым ліку ФБР і ЦРУ. Пазней аналагічнае абмежаванне распаўсюдзілі і на Міністэрства абароны ЗША.
Хакеры атакавалі халадзільнікі ў еўрапейскіх крамах. Тэмпература ў маразільніках дасягала +55°C
Мільёны спроб узлому. Банкі, авіякампаніі, дзяржустановы па ўсім свеце адключаюць анлайн-сэрвісы праз дзіркі ў бяспецы PHP
Махляры навучыліся здаваць праз Booking неіснуючае жыллё — вось як працуюць схемы
Трамп і кіраўнікі IT-кампаній падпісалі пагадненне аб кантролі за штучным інтэлектам
Каментары