Другі дзень запар у Еўропе паведамляюць пра бомбы на самалётах. Сёння — на двух рэйсах да Варшавы
У Польшчы праз паведамленні пра магчымую выбухоўку правяраюць два пасажырскія самалёты — з Лондана і Капенгагена. Аэрапорт Варшава-Модлін часова спыняў працу. Напярэдадні праз аналагічную пагрозу самалёт Wizz Air давялося саджаць у Будапешце ў суправаджэнні знішчальніка.
Раніцай 3 лістапада самалёт LOT, які ляцеў з лонданскага Хітроў у варшаўскі аэрапорт імя Шапэна, перанакіравалі ў Модлін. На борце Boeing 737 MAX знаходзіўся 181 чалавек.
Паводле адміністрацыі Модліна, паведамленне пра пагрозу выбуху паступіла ў 9:54 паводле мясцовага часу. Ужо ў 10:01 самалёт прызямліўся. Яго накіравалі на асобную стаянку для праверкі.
Пасажыраў эвакуявалі ў залу прылётаў. Аэрапорт спачатку цалкам закрылі, але каля поўдня ён паведаміў пра аднаўленне працы: недаступнай заставалася толькі частка тэрыторыі, піша RMF24. Самалёт і багаж павінны праверыць сапёры.
У гэты ж дзень паведамленне пра бомбу паступіла і адносна рэйса SAS з Капенгагена ў Варшаву. Ён прызямліўся ў аэрапорце імя Шапэна, дзе пачалася праверка. Гэты аэрапорт працу не спыняў.
Напярэдадні, 2 лістапада, праз пагрозу выбуху маршрут змяніў самалёт Wizz Air з Лондана ў Сафію. Ён прызямліўся ў Будапешце ў суправаджэнні венгерскага знішчальніка Gripen. Пасля пасадкі самалёт і пасажыраў правяралі службы бяспекі.
Такім чынам, за два дні паведамленні пра бомбы закранулі прынамсі тры пасажырскія рэйсы ў Еўропе. Звестак пра выяўленне выбухоўкі на борце не было.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Не хапае толькі стрэла ў Мэрсэдэс пад дарозе ў Сопат. Стаўлю на тое, што яшчэ будзе, калі Журэк і Берэк сарвуць перамовы з канцэлярыяй прэзідэнта.