«Маё вяртанне — дакладна ў турму». Алесь Бяляцкі — пра прыклад Пачобута і магчымую рэальную колькасць палітвязняў
Прыезд палітычных актывістаў у Беларусь цяпер азначае гарантаваны тэрмін, а досвед Андрэя Пачобута, які ў снежні збіраецца зноў пасяліцца на радзіме, — унікальны і рызыкоўны. Пра гэта заявіў нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, адказваючы на пытанне «Люстэрка». Кіраўнік «Вясны» таксама ацаніў, колькі людзей можа напраўду знаходзіцца за кратамі па палітычных матывах.

Пра рызыку пасадкі пры вяртанні ў Беларусь: «Гэта ўжо 100%, тут нават без шанцаў»
Нагадаем, былы палітвязень і актывіст незалежнага Саюза палякаў Андрэй Пачобут, які выйшаў на волю ў красавіку гэтага года ў межах абмену паміж Мінскам і Варшавай, у верасні пабываў у Беларусі, дзе сустрэўся з сям’ёй і актывістамі сваёй арганізацыі. А ў канцы кастрычніка ён заявіў, што неўзабаве плануе вярнуцца ў краіну на пастаяннае жыхарства.
«Люстэрка» спытала ў лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, экс-палітвязня, кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, ці хацеў бы ён дабіцца для сябе такой жа магчымасці — дамовіцца пра вяртанне ў Беларусь ці хаця б пра паездку туды.
— Досвед Пачобута ўнікальны, бо за ім цяпер стаіць цэлая дзяржава. Эканамічныя, палітычныя адносіны з Польшчай завязаныя на Андрэю. І ён, вядома, на сваім лёсе выпрабоўвае гэтыя адносіны. Сёння яны нармальныя, а заўтра, калі будуць горшыя, што з ім будзе? — разважае праваабаронца.
Ён лічыць, што Пачобут вядзе небяспечную гульню.
— Ты гуляеш з непрадказальным бокам, з непрадказальнай сістэмай, якая лічыць цябе расходным матэрыялам, — мяркуе Алесь Бяляцкі.
Для сябе асабіста і для іншых беларускіх праваабаронцаў нобелеўскі лаўрэат магчымасці вяртання ў краіну не бачыць.
— Любая актыўнасць пераследуецца, і калі ты будзеш паслядоўна займаць там нейкую пазіцыю, гэта небяспечна, і ўсё гэта скончыцца вельмі дрэнна. Заводзяцца крымінальныя справы супраць актывістаў, якія пастаянна жывуць за мяжой. Некалькі тысяч такіх справаў распачалі за гэтыя гады. У жніўні была распачатая крымінальная справа супраць мяне, — адзначае Бяляцкі.
Адзначым, што пра новую крымінальную справу супраць Бяляцкага стала вядома ў жніўні, калі дадзеныя нобелеўскага лаўрэата з’явіліся ў базе вышуку МУС Расіі. У красавіку з’явілася інфармацыя пра тое, што яго беларускі пашпарт ануляваны.
— Маё вяртанне — дакладна ў турму. Гэта ўжо 100%, тут нават без шанцаў. Таму цяпер будзе эфектыўней, калі я пажыву недзе за межамі Беларусі. Але я ўпэўнены, што прыйдзе час, і, як толькі будзе такая магчымасць, я туды вярнуся, — падкрэслівае Бяляцкі.
Пра імаверную рэальную колькасць палітвязняў: «Дадавайце яшчэ 20%»
«Люстэрка» таксама спытала ў Бяляцкага, якой, паводле яго ацэнкі, можа быць рэальная колькасць палітвязняў у Беларусі. Праваабаронца адказаў, што арыентавацца трэба на лічбу «крыху больш за тысячу».
Адзначым, што, паводле ацэнкі «Вясны», станам на 3 лістапада ў Беларусі палітвязнямі прызнаныя 887 чалавек.
— Ніхто дакладна сказаць не можа. <…> Напрыклад, калі нас выпусцілі, мы паглядзелі [на спіс вядомых на той момант палітвязняў] і дадалі пяць-шэсць чалавек з маёй калоніі. Атрымалася яшчэ недзе 10−15% ад тых, хто ўжо быў і хто сядзеў разам з намі, — тлумачыць Бяляцкі. — Калі рабіць прыкладна такую ж карэляцыю, то цяпер, паводле падлікаў беларускіх праваабаронцаў, там [у спісе] каля 900 чалавек. Ну, дадавайце яшчэ 20%.
На пытанне, колькі ўсяго людзей адбываюць пакаранне па палітычна матываваных справах, але не прызнаныя палітвязнямі, кіраўнік «Вясны» адказаў, што такой катэгорыі ў іх падыходзе няма.
— Калі чалавек асуджаны па «палітычным» артыкуле і мы пра гэта ведаем, то ён дакладна палітвязень <…>. Ёсць людзі, пра якіх мы не ведаем, бо суды закрытыя. Або калі сваякі баяцца [нам паведамляць], або іх няма, або калі сам чалавек не хоча, каб гэтая інфармацыя трапляла [да праваабаронцаў], то ўсё, мы пра яго не ведаем, — адзначыў Бяляцкі.
Нобелеўскі лаўрэат параўнаў сітуацыю ў Беларусі з сітуацыяй у Азербайджане.
— Гэта прыкладна такая ж краіна, як Беларусь, але пра яе практычна ніхто не гаворыць. Там таксама палітвязні, прыкладна 400 чалавек сядзяць у турмах (у пачатку кастрычніка гэтага года мясцовыя праваабаронцы заяўлялі, што ў гэтай краіне 322 чалавекі былі арыштаваныя і асуджаныя па палітычных матывах, і пра іх маўчаць, робяць выгляд, што іх няма. І ўсё: няма пытанняў, санкцый няма, і людзі сядзяць. У нас лічбы большыя, але атрымліваецца, што нашая пазіцыя — тое, што мы частка еўрапейскай супольнасці і частка Еўропы, — вельмі важная. Прынамсі, да нас не прымяняюцца падвойныя стандарты, якія я бачу, напрыклад, у сітуацыі з Азербайджанам, — падсумаваў Бяляцкі.
Каментары