«Кіберпартызаны» і група Silent Crow заявілі пра ўзлом Расстата і атрыманне даных пра ваенныя страты
Беларускія «Кіберпартызаны» і хакерская група Silent Crow сцвярджаюць, што ўзламалі і знішчылі ўнутраную ІТ-інфраструктуру Федэральнай службы дзяржаўнай статыстыкі Расіі. Паводле іх заявы, яны скапіявалі каля 23 тэрабайтаў інфармацыі, сярод якой — звесткі, звязаныя з расійскімі стратамі ў вайне супраць Украіны.
Пра сумесную аперацыю Silent Crow паведаміла ў сваім тэлеграм-канале. Паводле групы, доступ атрымалі да значнай часткі інфраструктуры Расстата: цэнтральнага апарата, рэгіянальных падраздзяленняў і Галоўнага міжрэгіянальнага цэнтра апрацоўкі і распаўсюджвання статыстычнай інфармацыі.
Хакеры сцвярджаюць, што пад іх кантролем апынуліся каля 25 тысяч камп’ютараў. Яны таксама паведамляюць пра доступ да сервераў кіравання сеткамі і сістэм віртуалізацыі ZVIRT, oVirt і VMware ESXi.
Сярод скапіяванага Silent Crow называе сістэму электроннага дакументаабароту, базы са статыстычнай, эканамічнай і персанальнай інфармацыяй, матэрыялы перапісаў, унутраныя дакументы і даныя з працоўных камп’ютараў супрацоўнікаў.
Асобна ў заяве згадваюцца звесткі, якія датычаць ваенных страт Расіі ва Украіне, у тым ліку даныя ў сістэмах Расстата. Якая менавіта гэта інфармацыя і за які перыяд, аўтары не ўдакладнілі.
Паводле групы, каля двух тэрабайтаў дакументаў атрымалі з часткі інфраструктуры для інфармацыі з пазнакай «Для службовага карыстання». Агульны аб’ём скапіяванага яны ацэньваюць прыкладна ў 23 тэрабайты.
«Маштаб таго, што адбылося, выходзіць далёка за межы кампраметацыі асобных сервераў ці ўліковых запісаў карыстальнікаў», — сцвярджаюць аўтары заявы.
Яны паведамляюць не толькі пра атрыманне даных, але і пра знішчэнне ўнутранай ІТ-інфраструктуры ведамства.
Silent Crow і беларускія «Кіберпартызаны» ўжо абвяшчалі пра сумесныя аперацыі. У канцы ліпеня 2025 года яны заявілі пра ўзлом ІТ-сістэм «Аэрафлота».
Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары