Літоўскія памежнікі не ўпусцілі ў краіну грузавік, які вёз з Беларусі больш за сем тон свежых лісічак. Пры праверцы на памежным пункце Меднікі выявілі радыеактыўнае забруджванне грузу, паведамляе літоўская Служба аховы дзяржаўнай мяжы.

Інцыдэнт адбыўся позна ўвечары 31 красавіка, у суботу. Грузавіком кіраваў 36‑гадовы грамадзянін Беларусі, які меў літоўскі дазвол на часовае пражыванне. Ён ехаў на цягачы, зарэгістраваным у Літве, з паўпрычэпам, зарэгістраваным у Эстоніі.
Калі машына пад'язджала да пункта пропуску, спрацавала стацыянарная сістэма радыяцыйнага кантролю.
Дадатковая праверка ручным ідэнтыфікатарам паказала наяўнасць цэзію-137. Яго доля ў выяўленым радыенуклідным складзе склала 71%. Магутнасць дозы на паверхні грузу дасягала 0,06 мкЗв/г, у той час як прыродны радыяцыйны фон складаў 0,02 мкЗв/г.
У грузавіку знаходзіліся свежыя лісічкі — усяго 7128 кілаграмаў. Грыбы былі расфасаваныя ў 2376 драўляных скрыняў вагой па чатыры кілаграмы кожная.
Літоўскія памежнікі звязаліся з Цэнтрам радыяцыйнай бяспекі. Пасля атрымання вуснага рашэння транспартнаму сродку з грузам забаранілі ўезд у Літву. У выніку машына разам з усім грузам вярнулася ў Беларусь.
Каментары
Калі што, плямы ёсць не толькі бліжэй да Чарнобыля, а і ў розных месцах Беларусі, напрыклад, і ў Мінскай вобласці.