Аўто33

Час пераабувацца. Ці ёсць сэнс ехаць па зімовыя шыны ў Польшчу і Літву?

Выкарыстоўваць зімовыя шыны ў Беларусі абавязкова з 1 снежня па 1 сакавіка, але большасць аўтамабілістаў пачынае мяняць іх загадзя, каб не сустрэць першы снег і галалёд на летняй гуме. Некаторыя абмяркоўваюць, ці ёсць сэнс ехаць па шыны ў Польшчу.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Белшына» — наша ўсё?

Нягледзячы на тое, што санкцыі Еўрасаюза забараняюць вываз аўтамабільных шын з ЕС у Беларусь, частка беларусаў усё адно ездзіць па іх у суседнія краіны Еўрасаюза.

Паколькі афіцыйна вываз забаронены, аформіць вяртанне ПДВ (VAT) немагчыма. Праз гэта шыны ўстанаўліваюць у Польшчы, а старыя пакідаюць за мяжой. Такі варыянт пасуе толькі тым, чые старыя пакрышкі ўжо нічога не вартыя. 

Тым не менш многія сцвярджаюць, што купля шын за мяжой усё адно застаецца выгаднай справай.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Калі сапраўды паездка па шыны можа мець сэнс?

Ехаць у Польшчу або Літву за пакрышкамі бюджэтнага сегмента дакладна няма сэнсу, бо нават пры наяўнасці розніцы яна будзе невялікая. Выдаткі на дарогу, хутчэй за ўсё, нівелююць яе.

Таксама варта адзначыць, што ў Беларусі даволі папулярнымі з'яўляюцца айчынныя «Белшыны», якія акурат і адносяцца да бюджэтнага сегмента. Праўда, у выпадку з «Белшынай» існуе праблема з памерамі, бо ў Беларусі не выпускаюць шыны, большыя за R18. Дый выбар памераў 18‑тых пакрышак усё адно сціплы.

Пры гэтым айчынныя шыны ўсё адно займаюць першае месца па папулярнасці. Паводле аналізу каталога Анлайнера, на «Белшыну» прыходзіцца больш за 20% рынку ў Беларусі.

Таму, напрыклад, уласнікі папулярных у Беларусі Renault Scenic, дзе стаяць 20‑я колы, набыць сабе «Белшыну» не могуць пры ўсім жаданні. Ды і наогул, памер спецыфічны, таму выбар невялікі.

Да 100 еўра на пакрышцы

Зімовыя Hankook Winter icept evo 195/55R20 у Беларусі прадаюцца па цэнах ад 450 рублёў, што каля 135 еўра. У Польшчы цэны на аналагічныя пакрышкі пачынаюцца з 500 злотых, што каля 113 еўра. Атрымліваецца, што розніца складае 88 еўра на камплект.

Шыны GoodYear UltraGrip Performance+ такога ж памеру ў Беларусі каштуюць каля 750 рублёў (каля 228 еўра) за кола, а ў Польшчы — каля 660 злотых (каля 150 еўра). Тут розніца ўжо больш адчувальная — каля 300 еўра на камплект.

Фота: скрыншоты старонак r13.by і allegro.pl

На прэміяльных Michelin розніца яшчэ больш адчувальная. Калі ў Беларусі Michelin Alpin 7 195/55 R20 можна знайсці па цэнах ад 842 рублёў за кола, то ў Польшчы цана на іх пачынаецца з 680 злотых за кола.

Гэта па 255 еўра і 155 еўра за кола адпаведна. Атрымліваецца, што розніца на камплект складае каля 400 еўра.

Фота: скрыншоты з colesa.by і allegro.pl

Зімовыя пакрышкі Pirelli Ice Zero Friction 215/55R17 у Беларусі прадаюць па цэнах ад 430 рублёў (каля 130 еўра). У Польшчы — каля 450 злотых (каля 103 еўра). Таму розніца на камплекце складзе каля 100 еўра.

А што ў Літве?

Цэны на пакрышкі ў Польшчы і Літве прыблізна аднолькавыя, але паглядзім і там, хоць трапіць у Літву на аўто складаней, чым у Польшчу. 

Фота: скрыншоты з colesa.by і egzotika.lt

Так, Bridgestone Blizzak 6 215/55 R17 у Мінску можна знайсці за 711 рублёў (каля 215 еўра). У Вільні такія самыя пакрышкі прадаюць па 155 еўра за штуку. Розніца па 240 еўра на камплект.

Continental ContiWinterContact TS 870 205/55 R16 у Беларусі прадаюцца па цэнах ад 397 рублёў (120 еўра). У Літве такія пакрышкі — па 102 еўра за штуку. Розніца — 72 еўра на камплект.

Атрымліваецца, што розніца ў цэнах існуе, але яна залежыць ад канкрэтных марак пакрышак. Агульная тэндэнцыя такая, што чым даражэй каштуюць шыны, тым больш прыкметная розніца будзе ў цане ў Беларусі з Польшчай/Літвой.

Ці варта наогул пераплачваць за брэнд?

Прадаўцы пакрышак кажуць, што гэта ў першую чаргу залежыць ад чаканняў і рэжыму эксплуатацыі аўто.

У адным з цэнтраў продажаў шын адразу патлумачылі, што ў пакрышцы за 200 рублёў і за 500 рублёў розніца дакладна не толькі ў цане. І першыя адрозненні, як правіла, будуць бачныя яшчэ на этапе мантажу.

«Бюджэтныя пакрышкі патрабуюць больш балансіровачных грузаў, часцей сустракаюцца выпадкі завадскога браку», — патлумачыў спецыяліст.

Таксама, па словах прадаўца, сам знос пакрышак будзе іншы, як знешне, так і па адчуваннях.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Якасныя шыны застаюцца эфектыўнымі пры меншай рэштцы пратэктара», — тлумачыць прадавец і дадае, што калі бюджэт абмежаваны, то ён бы параіў «Белшыну», якая, на яго думку, мае добрыя суадносіны цана/якасць.

Сярод важных чыннікаў пры выбары шын прадавец звяртае ўвагу на рэжым эксплуатацыі аўто. Маўляў, калі эксплуатацыя выключна гарадская, то гэта адно, а калі машына шмат ездзіць па трасе, то падыход да выбару пакрышак мусіць быць больш пільным.

У іншым месцы адзначылі, што хоць большасць людзей выбіраюць пакрышкі бюджэтнага і сярэдняга сегментаў — заўжды ёсць частка пакупнікоў, якія купляюць толькі прэміяльныя пакрышкі. Прычым гэта не абавязкова ўласнікі дарагіх аўто.

«Якасныя шыны — гэта бяспека і камфорт. Яны больш трывалыя, больш ціхія, маюць лепшыя паказчыкі кіраванасці і тармажэння», — патлумачыў кансультант.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

На ягоную думку, людзям, якія ездзяць шмат па хуткасных трасах і дбаюць пра сваю бяспеку і камфорт, як правіла, не трэба тлумачыць, чаму ёсць сэнс пераплачваць за брэнд.

Пры гэтым прадавец кажа, што падабраць годныя пакрышкі можна і ў сярэднім сегменце, у тым ліку сярод шын кітайскіх брэндаў.

«У сярэднім цэнавым сегменце хапае шмат кітайскіх шын, якія ўжо добра сябе зарэкамендавалі», — кажа прадавец і дадае, што граматны падбор пакрышак заўжды пачынаецца з разумення таго, як і ў якіх умовах чалавек эксплуатуе аўтамабіль.

Каментары3

  • мікалай
    03.11.2026
    на мой погляд тым хто ездзіць мала да 10 тыс у год, трэба купляць даражэйшыя маркі, бо яны больш якасныя і ты можаш спакойна едзіць 10 гадоў пакуль шына сатрэцца, яна даўжэй захоўвае свае гумовыя якасці. А танныя, тым хто за два-тры гады паездзіў і мяняе. Так можна і на кітаі ездзіць
  • Чупакабра
    03.11.2026
    мікалай, танныя шыны можна купляць толькі тым, хто не дбае пра бяспеку і праязджае тысяч па 7-8 у год прычым выключна па горадзе.

    Двойчы ў жыцці купляў кітайскія шыны: першы раз С-шкі на буса Фіат Дуката браў зімовыя фірмы Sunny. Пратэктар сціраўся проста на вачах. Нават уявіць сабе не мог, што такое бывае. Пасля шмат гадоў нават не глядзеў у бок кітайскіх пакрышак, пакуль гады тры назад не павёўся на расказы прадаўца, што "кітай ужо не той", што быў гадоў дзесяць таму і не набыў сабе на мінівэн камплект кітая летняга. Фірму не помню, але было нешта далека не самае таннае з кітайскіх шын. Дык гэтыя шыны настолькі дрэнна трымалі аўто на слізкай дарозе, што нават з ESP на скрыжаванні магло зад у занос кінуць. Ды і пры старце лёгка ў прабуксоўку ішлі.
  • Ghh
    03.11.2026
    мікалай, есть и другая стратегия. Покупать средний сегмент новыми, катать 3 года пока он свежий, потом продавать (протектор еще высокий) и снова покупать новые из среднего сегмента…

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі15

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчанка знайшла абгарэлыя купюры. Ці можна іх абмяняць?

Яму далі 15 гадоў па паказаннях Пратасевіча. Ён пасівеў за адну ноч40

29‑гадовага беларуса забілі ў Маскве. Падазраюць іншага беларуса4

У Лёзне ў гаражы знайшлі бітоны з чалавечымі парэшткамі1

Жанчына ў Бабруйскім раёне памерла ад укусу змяі

На «Мінск-Арэне» шайба трапіла заўзятарцы ў галаву. Хакеісты наведалі яе ў бальніцы1

МНС назвала нечаканыя крыніцы радыяцыі ў паўсядзённым жыцці3

«Прапанавалі каву, бутэрброд — а потым адвезлі ў СІЗА». Уладальнік «Новага зроку» расказаў, як яго затрымалі па ноце Інтэрпала1

У Яраслаўлі пасля атакі дронаў гарыць буйны НПЗ1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі15

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць