Хутчэйшага разгляду заяў на польскі ДНЖ беларусам чакаць не варта, але тэрмін дзеяння праязных дакументаў могуць падоўжыць
На чарговай сустрэчы працоўнай групы па пытаннях грамадзян Беларусі пры польскай Установе ў справах чужаземцаў абмеркавалі тры важныя навіны для беларусаў, якія легалізуюцца ў Польшчы, паведаміла кіраўніца аддзела прававой дапамогі Цэнтра беларускай салідарнасці ў Варшаве Вольга Дабравольская.

Па-першае, хуткага скарачэння тэрмінаў разгляду заяў на атрыманне дазволу на жыхарства чакаць пакуль не варта.
Укараненне сістэмы MOS (модуля абслугоўвання спраў) не прывяло да чаканага паляпшэння сітуацыі. Асабліва складанае становішча захоўваецца ў буйных ваяводствах — Мазавецкім, Ніжнесілезскім і Паморскім. Паводле звестак, у Мазавецкім ваяводскім упраўленні на разглядзе знаходзіцца больш за 190 тысяч спраў. Не выключана, што тэрміны чакання будуць і далей павялічвацца.
Таму, адзначае Вольга Дабравольская, пры планаванні легалізацыі важна ўлічваць рэальную сітуацыю ў канкрэтным ваяводстве і не адкладаць падачу дакументаў на апошні момант.
Па-другое, справы аб наданні міжнароднай абароны будуць разглядацца індывідуальна з улікам сітуацыі ў Беларусі ў 2026 годзе.
Упраўленне мае намер ацэньваць не толькі агульнае становішча ў краіне, але і тое, ці захоўваецца для канкрэтнага заяўніка рызыка пераследу.
Гэта азначае, што пры падачы заявы недастаткова спасылацца толькі на падзеі 2020—2022 гадоў або агульную сітуацыю ў Беларусі. Неабходна патлумачыць, чаму асцярогі адносна вяртання застаюцца актуальнымі цяпер, якія абставіны сведчаць пра індывідуальную пагрозу і чаму яна захоўваецца на момант разгляду заявы і прыняцця рашэння.
Акрамя таго, у працэдуру разгляду спраў аб міжнароднай абароне вяртаюцца асабістыя апытанні заяўнікаў. Яны могуць быць даволі падрабязнымі, таму Дабравольская раіць загадзя да іх рыхтавацца.
Па-трэцяе, з месца зрушыўся разгляд пытання аб падаўжэнні тэрміну дзеяння праязных дакументаў.
Праца ў гэтым кірунку ўжо пачалася. Завяршыць яе да канца 2026 года, хутчэй за ўсё, не атрымаецца, аднак ёсць падставы разлічваць, што ў пачатку 2027‑га працэс пяройдзе ў больш актыўную і прадметную фазу. Для гэтага яшчэ трэба будзе выканаць значны аб'ём працы, у тым ліку правесці неабходныя абмеркаванні з польскім парламентам. Пасля таго тэрмін дзеяння польскіх праязных дакументаў можа быць падоўжаны з аднаго года да двух.
Польскі банк Millennium будзе прымаць ад беларусаў замест пашпарта праязны дакумент іншаземца
«Стрэльба калі і стрэліць, то наўрад ці кулямётнай чаргой». Максім Знак ацаніў рэальнасць пагроз беларускай прапаганды пазбавіць грамадзянства палітэмігрантаў
Беларус атрымаў у Польшчы міжнародную абарону, але ездзіць на радзіму
«Працую, але не магу купіць ежу». У айцішніка ў Польшчы скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта — зараз ён у пастцы
Андрэй Пачобут папрасіў прэм’ера Польшчы выдаваць беларусам дакумент замежніка мінімум на тры гады
Каментары