У Пекіне прайшоў самы малалікі пленум ЦК Кампартыі Кітая. У партыі ідуць маштабныя чысткі
У Пекіне з 26 па 29 кастрычніка прайшоў пяты пленум Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая. Па яго выніках з партыі выключылі рэкордную колькасць чыноўнікаў — 33 чалавекі. Улады патлумачылі маштабныя чысткі неабходнасцю ўзмацніць дысцыпліну. Эксперты лічаць, што лідар Кітая Сі Дзіньпін такім чынам імкнецца ўмацаваць асабістую ўладу напярэдадні перавыбрання на новы тэрмін, піша Бі-бі-сі.

Пленум вызначыўся незвычайна малой колькасцю ўдзельнікаў. У пасяджэннях узялі ўдзел 279 членаў ЦК КПК. Для параўнання, на папярэднім пленуме ў кастрычніку 2025 года іх было 315, а на трэцім пленуме ў ліпені 2024 года — 364. Пустых месцаў у зале было больш, чым калі-небудзь раней на падобных партыйных мерапрыемствах.
Калі на папярэдніх пленумах галоўнымі тэмамі былі эканамічныя рэформы, сацыяльныя пытанні і развіццё асобных галін, то цяпер асноўная ўвага была нададзеная партыйнай дысцыпліне.
У заяве па выніках пасяджэння партыя прызнала, што сутыкнулася з сур'ёзнымі праблемамі, у тым ліку з паслабленнем кантролю і стратай змястоўных асноў сваёй дзейнасці. ЦК КПК заявіў пра намер і надалей жорстка кантраляваць уласныя структуры і прымаць самыя суровыя меры для навядзення парадку.
З улікам апошніх чыстак агульная колькасць высокапастаўленых чыноўнікаў, адхіленых ад пасад падчас трэцяга тэрміну Сі Дзіньпіна, дасягнула 51 чалавека. Для параўнання, падчас яго першага тэрміну такіх чыноўнікаў было 35, а падчас другога — пяць.
Сярод выключаных з партыі — былы сакратар партыйнага камітэта Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна Ма Сінжуэй, генерал-палкоўнік і член Палітбюро ЦК КПК Джан Ёўсья, а таксама генерал-палкоўнік Льёў Джэньлі, які ўзначальваў Аб'яднаны штаб Цэнтральнай вайсковай рады Кітая.
З 33 выключаных 16 прадстаўляюць узброеныя сілы. Паводле экспертаў аналітычнага цэнтра Asia Society Policy Institute, цяперашнія чысткі ў найвышэйшым вайсковым кіраўніцтве маюць выключны маштаб і выклікаюць сур'ёзныя пытанні адносна арганізацыі працы арміі і яе баяздольнасці. Гэта адбываецца на фоне таго, як Кітай працягвае дэманстраваць новыя ўзоры вайсковай тэхнікі.
Джан Ёўсья займаў пасаду намесніка старшыні Цэнтральнай вайсковай рады, якая кіруе ўзброенымі сіламі краіны. Пасля апошніх кадравых зменаў у радзе, дзе звычайна працуюць сем высокапастаўленых вайскоўцаў, засталіся толькі два чалавекі: сам Сі Дзіньпін і Джан Шэнмінь, які адказвае за дысцыпліну ва ўзброеных сілах.
Ма Сінжуэй і Джан Ёўсья таксама ўваходзілі ў Палітбюро ЦК КПК. Іх выключэнне, разам з выключэннем у 2025 годзе генерал-палкоўніка Хэ Вэйдуна, прывяло да скарачэння складу гэтага ўплывовага органа. Звычайна ў ім 24 чалавекі, але ў пэўны момант засталося толькі 21. На пятым пленуме ў Палітбюро ўключылі Джан Шэнміня, пасля чаго колькасць яго членаў павялічылася да 22.
Чысткі закранулі і былога высокапастаўленага дыпламата Льёў Дзьеньчао, які перастаў з'яўляцца на публіцы ў ліпені 2025 года. Да затрымання яго лічылі галоўным кандыдатам на пасаду міністра замежных спраў Кітая.
У афіцыйных паведамленнях гаворыцца, што выключаныя чыноўнікі «груба парушылі партыйную дысцыпліну і правілы». Гэтую фармулёўку звычайна ўспрымаюць як эўфемізм, які паказвае на карупцыю. Аднак канкрэтных звестак пра парушэнні, акрамя агульных спасылак на сур'ёзныя дысцыплінарныя і прававыя правіны, улады не прыводзяць. Такая практыка стала звычайнай для антыкарупцыйнай кампаніі Сі Дзіньпіна.
Адначасова з пленумам Цэнтральная камісія КПК па праверцы дысцыпліны паведаміла, што за першыя дзевяць месяцаў 2026 года да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнулі 680 тысяч чалавек у партыйным апараце.
Сі Дзіньпін вядзе антыкарупцыйную кампанію з 2012 года і неаднаразова называў карупцыю галоўнай пагрозай для партыі. Аднак, на думку Чонг Джа Іана, дацэнта кафедры паліталогіі Нацыянальнага ўніверсітэта Сінгапура і запрошанага эксперта цэнтра Carnegie China, цяпер гэтая кампанія ператварылася ў інструмент умацавання і ўтрымання ўлады.
Паводле меркавання экспертаў, Сі Дзіньпін разглядае карупцыю не толькі як хабарніцтва, але і як праяву ідэалагічнай ненадзейнасці, а найперш — нелаяльнасці. У студзені кітайскі лідар папярэджваў пра небяспеку з'яўлення «двудушных кадраў», якія на словах дэманструюць палітычную адданасць, але на практыцы ігнаруюць загады і дзейнічаюць ва ўласных інтарэсах.
Чонг адзначае, што Сі Дзіньпін без ваганняў пазбаўляецца нават ад людзей, якіх раней сам прасоўваў па кар'ернай лесвіцы. На думку эксперта, тое, што кіраўнік Кітая робіць гэта на ўласнае меркаванне і амаль не сустракае супраціву, сведчыць пра трываласць яго цяперашніх пазіцый.
Яшчэ адной прычынай узмацнення ўвагі да дысцыпліны, якую многія разумеюць як палітычную лаяльнасць, аналітыкі называюць будучы з'езд КПК. Ён павінен адбыцца ў 2027 годзе, калі партыя будзе вырашаць пытанне аб кіраўніцтве краіны і праводзіць кадравыя перастаноўкі ў вышэйшых эшалонах улады.
Многія аналітыкі чакаюць, што Сі Дзіньпін захавае пасаду кіраўніка партыі на чацвёрты тэрмін і, магчыма, застанецца ва ўладзе яшчэ даўжэй. Больш працяглы час Кітаем кіраваў толькі Мао Дзэдун — першы лідар Камуністычнай партыі Кітая.
Назіральнікі мяркуюць, што на з'ездзе Сі Дзіньпін будзе фактычна аднаасобна вырашаць пытанні новых прызначэнняў, што яшчэ больш узмоцніць яго кантроль над партыяй і краінай. Паводле Чонг Джа Іана, кітайскі лідар імкнецца да далейшай канцэнтрацыі ўлады вакол сябе і мае намер заставацца цэнтральнай фігурай палітычнай сістэмы Кітая ў агляднай будучыні.
Разам з тым, як папярэджвае эксперт, празмерная канцэнтрацыя ўлады можа ў доўгатэрміновай перспектыве прывесці да сур'ёзнага палітычнага вакууму. Гэтая праблема стане асабліва вострай па меры старэння Сі Дзіньпіна і зніжэння яго палітычнай актыўнасці.
МЗС Украіны: Сустрэча Пуціна, Трампа і Сі не дапаможа скончыць вайну
Трамп запатрабаваў ад Сі Дзіньпіна спыніць падтрымку Ірана
Трамп з Сі Дзіньпінам дэманстравалі ў Вашынгтоне «сапраўды вялікае сяброўства»
У Кітаі вычысцілі вярхоўнага генерала. Гэтаму папярэднічала вялікая перастрэлка
У Кітаі расце разрыў паміж словамі і рэальнасцю
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Армію трэба ператрахваць рэгулярна, бо вінтоўка нараджае ўладу, як казаў вялікі пераможца вераб'ёў.
Галоўнае, каб не случылася пад час чыстак неураджаю ці чумы якой, а тое народ можа падумаць, што нехта згубіў мандат неба.