У Польшчы высачылі двух беларусаў, якіх падазраюць у крадзяжы з крамы электронікі
Высачыць мужчын удалося дзякуючы машыне, на якой яны ўцяклі з месца злачынства.

У Польшчы паліцыя затрымала двух грамадзян Беларусі ва ўзросце 38 і 32 гадоў. У іх аўтамабілі знайшлі скрадзеныя тавары, піша Most.
Высачыць мужчын удалося дзякуючы машыне, на якой яны ўцяклі з месца злачынства. Цяпер ім пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
29 кастрычніка ў паліцыю Алавы паступіла паведамленне пра крадзеж з мясцовай крамы электронікі. На месцы высветлілася, што двое меркаваных злачынцаў з'ехалі на аўтамабілі Škoda. Паліцэйскія вызначылі ўчастак дарогі, па якім яны маглі рухацца.
Аўтамабіль спынілі. У ім знайшлі скрадзеныя рэчы: электроніку і іншыя каштоўныя прадметы.
«Падчас праверкі мужчыны не змаглі растлумачыць, якім чынам гэтыя рэчы апынуліся ў іх. У іх таксама не было чэкаў, якія маглі б пацвердзіць законнае паходжанне прадметаў», — паведамілі ў паліцыі.
Высветлілася, што двое грамадзян Беларусі жылі ў Бжэскім павеце ля Кракава. Як вынікае з матэрыялаў справы, мужчыны ўжо некаторы час здзяйснялі крадзяжы, пераважна электронікі.
Беларусаў затрымалі. Ім пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Каментары