Італьянскага кухара звольнілі з аўстралійскага рэстарана за адмову гатаваць піцу з ананасамі
Італьянскі шэф-кухар Давідэ Тамбурэла страціў працу ў рэстаране La Costa ў аўстралійскім Брысбене, у тым ліку праз адмову дадаваць ананасы ў піцу. Ён лічыў, што такая страва абражае італьянскую культуру, піша Бі-бі-сі.

Кухара звольнілі ў маі, праз два тыдні пасля размовы з кіраўніцтвам, якое мела да яго шэраг прэтэнзій.
Адна з іх тычылася таго, што Тамбурэла адмовіўся прыгатаваць для наведвальнікаў піцу з вяндлінай і ананасамі. Ён заявіў, што не абавязаны выконваць нават распараджэнні начальства, калі яны, на ягоную думку, абражаюць яго культуру.
Падрабязнасці гэтай гісторыі сталі вядомыя пасля таго, як кухар звярнуўся ў Аўстралійскую камісію па справядлівай працы, сцвярджаючы, што яго звольнілі несправядліва.
У апублікаваным 3 кастрычніка рашэнні камісія адзначыла, што адмова выкарыстоўваць ананасы была звязаная з яго перакананнем, што гэта абражае італьянскую культуру. За апошнія чатыры гады Тамбурэла адмовіўся класці гэту садавіну ў піцу ўжо тройчы. Раней ён нават прасіў начальніка высветліць, наколькі важна для італьянцаў не дадаваць ананасы ў такую страву.
Пры гэтым штат Квінсленд, дзе знаходзіўся рэстаран, лічыцца цэнтрам вырошчвання ананасаў у Аўстраліі: тут вырабляюць усе ананасы, якія камерцыйна вырошчваюцца ў краіне. На ўзбярэжжы Саншайн-Кост нават ёсць 16‑метровая мадэль ананаса са шкловалакна, якая ўключаная ў спіс аб'ектаў культурнай спадчыны.
Аднак спрэчка вакол піцы была не адзінай прычынай незадаволенасці кіраўніцтва. У рэстаране таксама мелі прэтэнзіі да выкарыстання кухарам нецэнзурнай лексікі, манеры зносін і таго, як ён выказваў незадаволенасць на працы.
У рашэнні камісіі згадваецца і інцыдэнт у красавіку, калі Тамбурэла зламаў косці правай рукі, ударыўшыся аб металічныя парэнчы. Кухар разлічваў, што рэстаран дапаможа яму атрымаць працоўную візу, якая дала б магчымасць кваліфікаваным спецыялістам прэтэндаваць на пастаяннае жыхарства ў Аўстраліі. Пасля звальнення рэстаран спыніў такую падтрымку.
Спробу аспрэчыць звальненне кухар прайграў: камісія не разглядала справу па сутнасці, бо заява была пададзеная са спазненнем. Кіраўнік рэстарана Эліёт Інгрэм заявіў выданню Daily Mail, што гэтая гісторыя «не толькі пра складнікі для піцы».
Як вынікае з профілю Тамбурэлы ў LinkedIn, цяпер ён працуе ў іншым рэстаране Брысбена. Ананасаў у меню гэтай установы няма.
У Мінску гатовыя плаціць шэф-кухару 16,5 тысячы рублёў
Рэстараны ЗША сутыкнуліся з праблемай — людзі менш ядуць з-за «Азэмпіку»
Люксавы мінскі рэстаран Veras i Kolas, у якім працуюць зорныя шэф-кухары Навіцкі і Чарыеў, круціць рызыкоўныя аперацыі
«Сала з хлебам і краб з ікрой могуць быць аднолькава смачнымі». Пра гэты рэстаран гаворыць увесь Instagram
Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары
Сапраўдны герой.