Эканоміка33

Люксавы мінскі рэстаран Veras i Kolas, у якім працуюць зорныя шэф-кухары Навіцкі і Чарыеў, круціць рызыкоўныя аперацыі

Многія беларусы вучацца гатаваць па відэа гэтых харызматычных кухараў з мільённымі аўдыторыямі, а хто сам не хоча, той едзе на гатовае ў «Верас і Колас» або ў «Госці». Тым часам фінансавая справаздачнасць ТАА «Чыбус», якому належыць установа, паказала неардынарную стратэгію ўласнікаў. 

Кухары Дзмітрый Навіцкі (злева) і Нур'ягды Чарыеў сталі тварамі моднага рэстарана «Veras i Kolas». Уласнік Дзяніс Адамовіч карыстаецца брэндам для рызыкоўных фінансавых аперацый. Фота Адамовіча: probusiness.io. Фота шэф-кухараў з інстаграмаў instagram.com/chef_novicki ды instagram.com/cnuryagdy. Калаж: Наша Ніва

«Veras i Kolas» на Сурганава — адно з самых гучных рэстаранных адкрыццяў мінулага года ў сталіцы: пад тысячу квадратных метраў плошчы, чатыры залы, тры шэф-кухары з Мінска, Масквы і Італіі, работа да 5‑й раніцы. Акуратная інтэграцыя беларускай мовы ў айдэнтыку ўстановы, і сама ідэя — спалучэнне беларускай, італьянскай і агульнаславянскай кухняў. Вялізнае меню на 90 пазіцый. 

На адкрытай кухні «Вераса і Коласа» разгарнуліся знакамітыя кухары Дзмітрый Навіцкі і Нур'ягды Чарыеў. Іх відэа вам абавязкова падсоўвалі алгарытмы сацсетак, калі вы цікавіцеся кулінарыяй.

У хлопцаў больш чым па паўмільёна фаловераў на кожнай з папулярных платформ, яны — амбасадары брэнда. А міжземнаморскі кірунак вядзе італьянец Марка Якета, які быў працаваў у люксавых рэстаранах Масквы і Еўропы.

Закладваў установу рэстаратар Дзяніс Адамовіч, які таксама вядзе праект «Малевіч» і рэстапаб «Госці». У яго — 21,82% акцый ТАА «Медыя повад», якому і належыць у выніку рэстаран (сам рэстаран існуе як ТАА «Чыбус», у якім усе 100% акцый належаць ТАА «Медыя повад»). Яшчэ 78,18% — Ірыне Коваль-Сафроненка, былой менеджарцы ліквідаванага Еўрабанка. 

Ірына Коваль-Сафроненка, фота з сацыяльных сетак

Кухары робяць сваю справу з душой, а ўласнікі ўстановы пачалі гульню, якая можа стаць або прыкладам фантастычнай удачы, або хрэстаматыйнай оверрызыкай.

Галодныя гульні рэстаратараў

ААТ «Чыбус», якому належыць «Veras i Kolas», дзейнічае з 2019 года. Дзяніс Адамовіч са сваёй партнёркай увайшоў (выкупіў) туды праз ТАА «Медыя повад» толькі пры канцы 2022 года.

На той момант «Чыбус» быў сціплым, стратным прадпрыемствам: выручка 676 тысяч, страты 24 тысячы, адмоўны капітал — 112 тысяч рублёў. У кіраванні прадпрыемства было Cafe 35 на вуліцы Варанянскага.

З пераходам да новых уласнікаў «Чыбус» папёр: у 2023 выручка 902 тысячы, у 2024 — 1,24 мільёна… Чысты прыбытак стаў большы за выручку — 1,59 мільёна і 1,13 мільёна рублёў адпаведна, хаця кафэ ўсё так жа ў мінусах (мінус 109 тысяч і мінус 645 тысяч па асноўнай дзейнасці адпаведна). Як так?

Як вынікае з бухгалтарскай справаздачы, уласнікі кампаніі ў дадатак да кухні пачалі гандляваць каштоўнымі паперамі.

Пра гэта ж як пра нечаканае адкрыццё разважаў і сам Дзяніс Адамовіч у рэкламным тэксце брокера «Айгеніс» для выдання Probusiness.io. 

«Разуменне неабходнасці інвестыцый прыйшло зусім не з думкі пра тое, што на гэтым можна зарабіць. […] Мы вырашылі кожны тыдзень забіраць з выручкі 15% і адкладваць іх. Мы разумелі, што проста пакідаць іх на рахунку — не варыянт. […] Мы звярнулі ўвагу на аблігацыі і інвеставанне.

У выніку выбралі «Айгеніс» — яны прапанавалі неабходную нам схему набыцця аблігацый. […]

Засвоіўшы гэтую стратэгію, мы пачалі дадаткова інвеставаць сродкі, прызначаныя для іншых рэгулярных выдаткаў. Калі дазваляюць лішкі, мы таксама інвестуем для дадатковага прыбытку», — казаў Адамовіч.

Залы «Вераса і Коласа». Скрыншот verasikolas.by

У працэсе інвеставання абаротных сродкаў у аблігацыі бізнэсмены вывучылі і такія складаныя фінансавыя механізмы, як РЭПА каштоўных папер. 

РЭПА — гэта пазыка грошай пад заставу аблігацыі з яе наступным выкупам і платай за час карыстання. Гэта амаль што ламбард, толькі з нюансам: аблігацыя — не гадзіннік, яе забяруць толькі калі не вернеце грошай. 

Уявіце, каб на атрыманыя пад заклад грошы купіць яшчэ аблігацый, а потым пад іх заставу ўзяць яшчэ грошай, а потым на іх купіць яшчэ аблігацый, а потым пад іх заклад узяць яшчэ грошай… то можна зарабіць на пазітыўнай розніцы паміж цаной карыстання грашыма «ламбарда» і прыбытковасцю саміх аблігацый. 

У 2023 годзе кампанія пракруціла праз сябе 19,8 мільёна рублёў папер, якія яна «прадала», і 18,1 мільёна — якія «купіла». Розніца 1,7 мільёна дазволіла пакрыць страты ад асноўнай дзейнасці і зарабіць зверху.

У 2024‑м сітуацыя была тая самая: 22,1 мільёна супраць 20,3 мільёна з чыстым плюсам 1,8 мільёна. Фактычна, асноўнай дзейнасцю стаў трэйдзінг, а Cafe 35 — збоку.

Можа быць, менавіта на ўдала інвеставаныя грошы Адамовіч і Коваль-Сафроненка і адкрылі шыкоўны Veras i Kolas у 2025-м. На закупку абсталявання для кухні, залаў, бара і іншага пайшло 208 тысяч рублёў жывых грошай, а астатняе — у лізінг. 

Поспехі на біржы паўтараліся, кан'юнктура была спрыяльная. Рэстаран даў прадпрымальнікам брэнд, павышаў давер, што дазваляла прыцягваць больш сродкаў.

У 2025‑м абароты кампаніі выраслі ў разы. Цяпер папераў прадалі ўжо на 339,9 мільёна рублёў, а купілі на 362,7 мільёны. Адмоўны рух рынку каштаваў трэйдарам 22,8 мільёны. 

Столькі ўласнага капіталу для рызыкі ў кампаніі не было, усё яе абсталяванне (большая частка якога ў лізінгу) каштуе менш за паўтара мільёна рублёў. ТАА «Чыбус» стаў глыбока стратным. Але кампанія працягнула трэйдзінг з відавочным разлікам адыграцца.

На 30 чэрвеня 2026 года на балансе кампаніі каштоўных папер на 617 мільёнаў рублёў.

З улікам іх характару (РЭПА) гэта азначае, што, па сутнасці, уся гэтая сума — гэта абавязак, доўг. Як у невялікага банка. 

Як кампанія прыйшла да такой лічбы — невядома. У структуры з'явілася пазыка на 155 мільёнаў рублёў, падрабязнасці якой нідзе не раскрыты.

Дзяніс Адамовіч. Фота: probusiness.io

ТАА «Чыбус» размяшчае ўласныя аблігацыі

Летам і восенню 2026‑га ТАА «Чыбус» абвясціла аб размяшчэнні аблігацый яшчэ на 100 мільёнаў рублёў. Запланаваныя два праспекты эмісіі. Стаўка — 10% гадавых з пагашэннем у 2035 годзе. 

Па першым выпуску купон плацяць штоквартальна, па другім — раз на год. Першая выплата толькі 25 кастрычніка 2027 года.

Аблігацыі ўжо пачалі таргавацца для кваліфікаваных інвестараў. 

Ні той, ні другі выпуск нічым не забяспечаныя. Крэдытны рэйтынг кампаніі не прысвойваўся. Аблігацыі дэпазітарныя, што значыць, што пры банкруцтве іх уладальнікі стаяць у чарзе пасля ўладальнікаў любых іншых аблігацый той жа кампаніі.

Прадстаўнік уладальнікаў аблігацый не прызначаўся. Арганізатар абодвух выпускаў — «Айгеніс», на якім «Чыбус» і нагандляваў у шматмільённы мінус.

Рукі Дзяніса Адамовіча і яго бухгалтаркі на фоне брэндавых нататнікаў брокера «Айгеніс». Фота: probusiness.io

«У бліжэйшыя тры гады Эмітэнт плануе распрацаваць структураваную стратэгію, накіраваную на максімізацыю прыбытку і ўтрыманню лаяльнасці гасцей ва ўмовах растучых выдаткаў і змены спажывецкіх звычак. Гэтая стратэгія ўключае некалькі ключавых этапаў:

1. Маркетынг і прыцягненне аўдыторыі.

— Утрыманне кліентаў: распрацоўка праграм лаяльнасці, персаналізаваных прапаноў і спецыяльных фарматаў (напрыклад, сезонныя меню або гастравячэры).

— Лічбавізацыя: прасоўванне праз лакальны пошук (Local SEO), інтэграцыя з агрэгатарамі дастаўкі і развіццё ўласных сістэм анлайн-заказу.

2. Маштабаванне і фарматы.

— Адкрыццё новых лакацый: выбар памяшканняў з высокім трафікам пасля дэталёвага аналізу канкурэнтаў і мэтавай аўдыторыі.

— Дыверсіфікацыя бізнэсу: разгляд запуску Dark kitchen, кейтэрынгу або адкрыцця пунктаў фармату «kitchen to go».

3. Фінансавае планаванне і кантроль выдаткаў.

— Аптымізацыя выдаткаў: ва ўмовах росту цэн на прадукты і арэндных ставак крытычна важна рэгулярна пераглядаць фінансавую мадэль.

— Кіраванне фондам аплаты працы: аўтаматызацыя працэсаў дазваляе трымаць фонд аплаты працы на аптымальным узроўні без шкоды для сэрвісу.

— Аналіз фудкосту: рэгулярны ўлік руху рэсурсаў і карэкціроўка меню для падтрымання мэтавай маржынальнасці.

У якасці крыніц фінансавых сродкаў для рэалізацыі планаў эмітэнта будуць выкарыстаны ўласныя сродкі эмітэнта, пазыковыя сродкі, атрыманыя ў выніку эмісіі аблігацый, банкаўскія крэдыты. Магчыма выкарыстанне іншых відаў фінансавых рэсурсаў», — гэта з апісання бізнес-плана ў праспекце эмісіі. 

Звычайна, грошы на рынку просяцца пад паспяховы праект, каб яго маштабаваць хутчэй, чым канкурэнты. І вось «Чыбусу» належыць выплачваць 10 мільёнаў рублёў у год толькі за карыстанне сродкамі (пры ўмове, што ўсе акцыі прададуцца). 

Тым часам сам рэстаран, пры ўсёй сваёй папулярнасці, з моманту адкрыцця прыбытковым пакуль так і не стаў. За 2025 год пры выручцы 3,25 мільёна рублёў ён прынёс 2,4 мільёна стратаў. За першае паўгоддзе 2026‑га — 1,8 мільёна стратаў пры выручцы 2,9 мільёна. 

Фактычна грошы просяцца пад стратную мадэль, а сам рэстаран і яго сацсеткі, а таксама імёны кухараў служаць вітрынай для прыцягнення ста мільёнаў.

Пры гэтым парушэння закону ў тым, што робяць уласнікі ТАА «Чыбус», няма. 

Праз недаразвіты фінансавы рынак у Беларусі недаразвітая і юрыдычная база (ну або наадварот), у выніку чаго магчымыя яшчэ і яшчэ больш рызыкоўныя аперацыі. 

Сапраўды, звычайнае таварыства з абмежаванай адказнасцю ў Беларусі можа выпусціць незабяспечаныя дэпазітарныя аблігацыі пры ўмове фарміравання мінімальнага статутнага фонду. У «Чыбуса» ён ёсць — хоць гэта ўсяго 30 тысяч рублёў. 

І аўдыт таксама неабавязковы. Ён робіцца абавязковым толькі пры выручцы больш за 21 мільёны рублёў, вылічанай па прададзеных таварах і паслугах. «Чыбус», такім чынам, не абавязаны яго праходзіць, таму што пры сваіх сотнях мільёнаў абароту па фінансавай дзейнасці, па асноўнай дзейнасці («дзейнасць рэстаранаў») не падпадае пад мінімальны парог.

Рэальнасць такая, што, каб закрыць дзірку 25 мільёнаў рублёў пры існым памеры партфеля, «Чыбусу» трэба, каб рынак зрушыўся на 4,1% у плюсавы бок. Каб такое здарылася, патрэбная вялікая ўдача.

Дзяніс Адамовіч. Фота: probusiness.io

Каментары3

  • Эх
    07.10.2026
    Хотел бы я быть таким.
  • Абы што
    07.10.2026
    Справа Астапа Бэндэра жыве і жыць будзе
  • БЕРАСЦЬ
    07.10.2026
    З аднаго боку, нічога незаконнага. З другога, людзі могуць уляцець на грошы. Ну, такое...

Цяпер чытаюць

Люксавы мінскі рэстаран Veras i Kolas, у якім працуюць зорныя шэф-кухары Навіцкі і Чарыеў, круціць рызыкоўныя аперацыі3

Люксавы мінскі рэстаран Veras i Kolas, у якім працуюць зорныя шэф-кухары Навіцкі і Чарыеў, круціць рызыкоўныя аперацыі

Усе навіны →
Усе навіны

Вымалёўваецца новая карціна адносін Захаду з Лукашэнкам26

5G прыходзіць у Гродна — апошні з абласных цэнтраў3

У Дзяржынску з-пад кранаў цячэ чорт ведае што6

Якія вакцыны ад грыпу даступныя ў Беларусі і калі чакаюць пік захворванняў

Лукашэнка згадаў беларуску, якая нарадзіла тройню і атрымала кватэру8

«Гэта спроба дастукацца да аднаго чалавека». Курэйчык — пра пяцігадзінны стрым Ціханоўскага40

На дзяржаўным тэлебачанні расказалі пра маштаб палітычных рэпрэсій у Гомелі цяпер7

Марыі Калеснікавай прысудзілі званне ганаровай прафесаркі ў Зальцбургу11

ЕС выключыць бізнэсоўцаў Гуцэрыева і Шаўцова з беларускага санкцыйнага спісу3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Люксавы мінскі рэстаран Veras i Kolas, у якім працуюць зорныя шэф-кухары Навіцкі і Чарыеў, круціць рызыкоўныя аперацыі3

Люксавы мінскі рэстаран Veras i Kolas, у якім працуюць зорныя шэф-кухары Навіцкі і Чарыеў, круціць рызыкоўныя аперацыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць