Некаторыя аперацыі дапамагаюць не больш за плацэба. Чаму іх усё роўна працягваюць рабіць
Штогод у свеце праводзяць больш за 300 мільёнаў хірургічных аперацый. Многія з іх ратуюць жыццё, але ўсё больш даследаванняў паказваюць, што частка распаўсюджаных умяшанняў можа быць не больш эфектыўнай за фізіятэрапію, натуральнае аднаўленне арганізма ці нават плацэба. Чаму ж ад такіх аперацый не адмаўляюцца, разабралася выданне The Economist.

Доўгі час у хірургіі было мала рандамізаваных кантраляваных даследаванняў (РКД), якія лічацца залатым стандартам пры ацэнцы эфектыўнасці лячэння. Таму было цяжка вызначыць, якую карысць насамрэч дае сама аперацыя і як змяніўся б стан пацыента без хірургічнага ўмяшання.
Цяпер сітуацыя мяняецца. Напрыклад, толькі ў Вялікабрытаніі колькасць хірургічных РКД, якія фінансуе Нацыянальны інстытут даследаванняў у галіне аховы здароўя і сацыяльнай дапамогі, вырасла з 34 у 2011 годзе да 188 у 2023-м. Такія праграмы дзейнічаюць і ў іншых краінах.
Калі можна абысціся без аперацыі
Вынікі гэтых даследаванняў сведчаць аб тым, што аперацыя далёка не заўсёды дае найлепшы вынік. Адзін з прыкладаў — апендыцыт. Даследаванні паказалі, што для большасці пацыентаў курс антыбіётыкаў можа быць не горшым за выдаленне апендыкса.
Яшчэ больш пытанняў узнікла да некаторых артапедычных аперацый. У шэрагу выпадкаў умяшанні на хрыбце, плячы і калене не давалі лепшага выніку, чым фізіятэрапія або імітацыя аперацыі.
У фінскім даследаванні адной групе пацыентаў зрабілі сапраўдную аперацыю на калене, а другой пад наркозам толькі паверхневы разрэз. За дзесяць гадоў праблем з каленам было больш у тых, каго сапраўды аперавалі.
Падобныя вынікі атрымалі і пры вывучэнні некаторых іншых умяшанняў. Напрыклад, брытанскае даследаванне аперацый пры раку прастаты не выявіла праз 15 гадоў перавагі ў выжывальнасці. Пры гэтым праапераваныя мужчыны часцей сутыкаліся з сэксуальнымі і ўралагічнымі праблемамі.
Чаму людзям усё ж становіцца лепш
У 2022 годзе навукоўцы паспрабавалі высветліць, за кошт чаго пацыентам становіцца лепш пасля аперацыі. Для гэтага яны абагульнілі даныя ста клінічных даследаванняў, у якіх вывучаліся 32 хірургічныя працэдуры.
Высветлілася, што ў сярэднім толькі траціну паляпшэння можна было звязаць непасрэдна з аперацыяй. Астатняе прыпадала на натуральнае аднаўленне арганізма і эфект плацэба.
Плацэба ў хірургіі можа быць асабліва моцным. Пацыент праходзіць абследаванні, рыхтуецца да аперацыі, атрымлівае ўвагу медыкаў і чакае, што пасля ўмяшання яму стане лепш.
Наколькі гэта ўплывае на вынік, добра паказала вядомае даследаванне 2002 года з удзелам 165 пацыентаў з праблемамі каленяў. Частцы зрабілі сапраўдную аперацыю, іншым толькі яе імітацыю. Даследчыкі стараліся зрабіць працэдуру максімальна падобнай да сапраўднай, аж да гукаў, якія звычайна чуваць у аперацыйнай.
У выніку боль у тых, каму зрабілі сапраўдную аперацыю, зменшыўся не больш, чым у пацыентаў з другой групы.
Аднак справа не толькі ў плацэба. Аналіз 2022 года паказаў, што значную частку паляпшэння можна растлумачыць натуральным ходам хваробы. Арганізм паступова аднаўляецца сам, але паколькі гэта адбываецца пасля аперацыі, пацыент і хірург могуць прыпісаць паляпшэнне менавіта ёй.
Чаму ад такіх аперацый не адмаўляюцца
Змяніць усталяваную практыку няпроста. Хірургу цяжка прызнаць, што працэдура, якую ён рабіў шмат гадоў і пасля якой бачыў паляпшэнне ў пацыентаў, магла быць непатрэбнай.
Праблема яшчэ і ў тым, каго хірургі бачаць пасля аперацыі. Па словах даследчыкаў, на кантрольныя прыёмы часцей вяртаюцца пацыенты, якім стала лепш. Да таго ж людзі не заўсёды хочуць расчароўваць доктара і могуць апісваць вынік больш станоўча.
Уплывае і сістэма аплаты. У краінах, дзе хірургі атрымліваюць фіксаваную зарплату, неэфектыўныя працэдуры знікаюць хутчэй, чым там, дзе доктар атрымлівае грошы за кожную аперацыю. Напрыклад, пасля таго як даследаванні паказалі, што выдаленне касцяной шпоры ў плячы здымае боль не лепш за імітацыю аперацыі, колькасць такіх умяшанняў у Вялікабрытаніі скарацілася з 28 тысяч у 2016‑2017 гадах да 5720 у 2019-2020-м. У ЗША працэдура заставалася папулярнай.
Але аперацыі часам настойліва патрабуюць і самі пацыенты. Знойдзенае на МРТ пашкоджанне можа здавацца відавочнай прычынай болю, хоць падобныя змены ў каленях, плячах і хрыбце часта сустракаюцца і ў людзей без якіх-небудзь сімптомаў. Некаторыя з іх могуць быць такім жа натуральным наступствам старэння, як сівізна ці маршчыны.
Але перспектыва хутка пазбавіцца ад праблемы застаецца прывабнай. Дактарам у сваю чаргу ўсё цяжэй адказваць пацыентам адмовай. У ЗША да гэтага дадаецца страх атрымаць негатыўны водгук, а страхавыя кампаніі працягваюць аплачваць некаторыя працэдуры з сумнеўнай эфектыўнасцю, каб кліенты не перайшлі да канкурэнтаў.
Пры гэтым значная частка хірургіі ўсё яшчэ не прайшла такой жа строгай праверкі, якая даўно стала нормай для лекаў. Агляд 2020 года паказаў, што толькі ў 1% даследаванняў распаўсюджаных аперацый пры хранічным болі ў суставах, мышцах і касцях вынікі аперацыі параўноўвалі з тым, што адбываецца з пацыентамі без хірургічнага ўмяшання.
Таму даследчыкі заклікаюць часцей правяраць не тое, ці стала чалавеку лепш пасля аперацыі, а ці дала яму сама аперацыя нешта, чаго нельга было б атрымаць без яе.
Цяпер чытаюць
«Стрэльба калі і стрэліць, то наўрад ці кулямётнай чаргой». Максім Знак ацаніў рэальнасць пагроз беларускай прапаганды пазбавіць грамадзянства палітэмігрантаў
Каментары