На фоне росту цэн на каштоўныя металы беларусы часцей сталі здаваць срэбра ў ламбарды
Беларусы сталі прыкметна часцей здаваць у ламбарды вырабы са срэбра. Прычым сярод такіх рэчаў сустракаюцца даволі незвычайныя прадметы, якія пасля робяцца экспанатамі музеяў, піша БелТА.

Начальніца аддзела экспертна-аналітычнай атэстацыі каштоўнасцяў Дзяржсхову Святлана Круцько ў інтэрв'ю часопісу «Экономика Беларуси» адзначае, што цяперашні ажыятаж, відавочна, звязаны з тым, што цэны на срэбра, як і на золата, дасягнулі гістарычнага максімуму.
У ламбарды цяпер масава нясуць срэбныя цукарніцы, соусніцы, чарнільніцы і іншыя прадметы. Сярод іх трапляюцца вырабы з клеймамі ЗША, Партугаліі і іншых краін.
Нядаўна да спецыялістаў паступіла амерыканская срэбная ваза 1950‑х гадоў вагой 1357 грамаў. Паводле слоў Святланы Круцько, яе прынёс калекцыянер, які шмат гадоў таму набыў вазу вельмі танна, а цяпер вырашыў на ёй зарабіць.
Акрамя розных прадметаў, беларусы здаюць у ламбарды і срэбныя манеты. Сярод іх трапляюцца капейкі Расійскай імперыі XIX стагоддзя розных гадоў чаканкі. Аднак вялікай рэдкасцю яны не лічацца, бо ў свой час выпускаліся вялікімі тыражамі.
Залатых манет сярод такіх паступленняў значна менш. Пераважна гэта царскія манеты наміналам пяць і дзесяць рублёў 900‑й пробы. Яны важаць адпаведна 4,3 і 8,6 грама. Паводле эксперткі, такія манеты лічыліся эталоннымі дзякуючы мінімальнай колькасці дамешкаў. У СССР золата з іх, у прыватнасці, выкарыстоўвалі для вырабу зубных каронак.
Разам з тым спецыялісты нярэдка выяўляюць сярод такіх манет падробкі. Вызначыць іх бывае няпроста, бо фальсіфікаты могуць цалкам адпавядаць арыгіналам па вазе і пробе. Выдае іх спосаб вырабу: падробленыя манеты адліваюць, тады як сапраўдныя царскія манеты чаканілі.
Да 1 лістапада гэтага года 159 ужо адабраных каштоўных прадметаў з золата, срэбра і плаціны павінны паступіць у сховішчы або сталічныя і абласныя музеі Беларусі.
Каментары