Падмаскоўе падпала пад масаваную атаку беспілотнікаў — адзін чалавек загінуў, шасцёра параненыя
Пад удар трапіла найбуйнейшая нафтабаза рэгіёна.
Губернатар Маскоўскай вобласці Андрэй Вараб’ёў паведаміў, што над Маскоўскай вобласцю былі знішчаныя 185 беспілотнікаў у 16 муніцыпальных утварэннях.
«У пасёлку Радамля загінуў 20‑гадовы мужчына. Паводле папярэдніх даных, яшчэ шасцёра чалавек пацярпелі. Адзін чалавек — у Пакроўскім Валакаламскай акругі, двое — у Ядроміне і Горках у Істры, трое — у Ляхаве Дамадзедаўскай акругі», — паведамляе «Дождь».
У Істры пашкоджаныя 10 прыватных дамоў, гаспадарчыя пабудовы і два аўтамабілі, у Пакроўскім — фасад і вокны дома. У Лабанава Дамадзедаўскай акругі загарэўся прыватны дом, у Барыбіне яшчэ адзін дом быў разбураны.
Паводле даных Astra і ўкраінскіх маніторынгавых каналаў, пад удар беспілотнікаў трапіла лінейная вытворча-дыспетчарская станцыя «Валадарская» ў Маскоўскай вобласці — гэта найбуйнейшая нафтабаза рэгіёна.
Пасля атакі там пачаўся пажар. Раней пра атакі на гэтую станцыю не паведамлялася. Таксама Exilenova+ паведаміў пра пашкоджанне жылога шматпавярховага дома ў Кацельніках.
Расавіяцыя ўначы абмяжоўвала прыём і вылет самалётаў ва Унукава, Дамадзедаве, Жукоўскім і Шарамеццеве.
У Шарамеццеве абмежаванні ўводзілі двойчы. Да сёмай раніцы, паводле паведамленняў ведамства, абмежаванні ва ўсіх чатырох аэрапортах былі знятыя.
Каментары