Што такое рабатызаваныя турэлі, якія павінны выратаваць Кіеў ад рэактыўных «шахедаў»
Ад атак рэактыўных «шахедаў», якімі расійская армія ўжо больш за месяц знішчае інфраструктуру Кіева, сталіцу цяпер павінны абараніць рабатызаваныя агнявыя ўстаноўкі. Гэтую інавацыйную тэхналогію Украіна ўжо выкарыстоўвае на фронце. Як яна працуе, піша Украінская служба Бі-бі-сі.

Пра першы вопыт прымянення турэляў у Кіеве паведаміў 5 кастрычніка прэс-сакратар Паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат. Днём раней пра гэта таксама расказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Паводле слоў прэзідэнта, у Кіеве ўжо паставілі больш за 12 такіх установак, яшчэ восем аўтаматычных баявых модуляў пад кулямёты 50‑га калібру ставяць у Кіеўскай вобласці.
Як паведаміў Юрый Ігнат, у сталіцы турэлі размяшчаюць у першую чаргу на мастах. У апошнія дні некалькі расійскіх удараў па Паўднёвым і Паўночным мастах Кіева, якія злучаюць правы і левы бераг сталіцы, нанеслі пашкоджанні і фактычна спынялі рух транспарту ў горадзе.
Ігнат паведаміў 5 кастрычніка, што з дапамогай новых установак ужо ўдалося збіць рэактыўныя «Герані-5».
«Ёсць ужо збіццё рэактыўных «Гераняў-5», я быў скептыкам, ці гэта магчыма, але прымяненне інавацыйных тэхналогій, ШІ выключыла чалавечую памылку, працуюць тэхнічныя разлікі, выкарыстанне машыннага зроку», — сказаў Ігнат.
Паколькі турэлі дзейнічаюць аўтаматычна, вайскоўцы нагадваюць, што падчас паветраных трывог знаходзіцца каля вокнаў не варта.
Асноўная праблема з рэактыўнымі беспілотнікамі — іх хуткасць, якая ў некалькі разоў перавышае хуткасць звычайных «шахедаў». Зяленскі заяўляў, што звычайныя «шахеды» ўкраінская ПАА зараз перахоплівае прыкладна ў 85—92% выпадкаў, тады як рэактыўныя дроны — толькі палову ці трохі больш.
То як дапамогуць турэлі?
Як гэта працуе
Турэль, ад французскага «маленькая вежа», — гэта ўстаноўка для мацавання кулямёта ці гарматы розных калібраў. Яна паварочваецца ў гарызантальнай і вертыкальнай плоскасцях і дазваляе наводзіць зброю на цэль.
Абсталяваныя штучным інтэлектам турэлі самастойна выяўляюць і пралічваюць траекторыю варожага беспілотніка. Уся механічная частка — паварот устаноўкі, навядзенне на цэль — адбываецца аўтаматычна. Аператару застаецца толькі пацвердзіць паражэнне адным націсканнем кнопкі.
Гэта інавацыйнае рашэнне з'явілася на ўзбраенні ўкраінскіх сіл яшчэ ў маі гэтага года. ШІ-турэль распрацавалі ўкраінскія вытворцы разам з кластарам абаронных інавацый Brave1 і вайскоўцамі. Першымі турэль выпрабавалі ў баі вайскоўцы падраздзялення К-2, якія актыўна выкарыстоўваюць беспілотнікі і новыя вайсковыя тэхналогіі.
Як паведамляла тады Мінабароны Украіны, гэтую тэхналогію пачалі выкарыстоўваць для абароны вайскоўцаў ад дронаў на прыфрантавых тэрыторыях і лініі баявога сутыкнення. Турэлі перш за ўсё дазволілі абараніцца ад непадуладных РЭБ дронаў на оптавалакне. Але яны таксама эфектыўныя для хуткіх і манеўраных цэляў.
Аўтаматычнае прыняцце рашэнняў і хуткі пралік параметраў дазваляюць аператыўна рэагаваць і адкрываць агонь у напрамку паветраных цэляў, тлумачыла профільнае выданне «Мілітарний».
Ва Украіне выкарыстоўваюць розныя віды аўтаматызаваных турэляў, як, напрыклад, Sky Sentinel ці яшчэ адна ўкраінская распрацоўка «Хижак» («Драпежнік»). «Хижак» можа паварочвацца на 360 градусаў і падымаць зброю ўгару на 75 градусаў.
Радыус дзеяння рабатызаваных турэляў з'яўляецца невялікім, бо асноўным сродкам паражэння застаецца кулямёт. Так, турэль «Хижак» падчас выпрабаванняў поражала FPV-дрон на адлегласці да 220 метраў, а распазнавала яго на адлегласці да 250 метраў.
Які менавіта тып турэляў зараз ставяць у Кіеве, не паведамляецца. Улады заклікаюць жыхароў не публікаваць фота і відэа зенітных установак, а таксама наступствы абстрэлаў. Бо праціўнік такім чынам адсочвае і аналізуе іх, каб карэктаваць паўторныя ўдары.
Як нагадала зноў мэрыя Кіева, забаронена здымаць і публікаваць:
- вайсковыя аб'екты і перамяшчэнне тэхнікі;
- наступствы ракетных або дронавых удараў;
- працу супрацьпаветранай абароны;
- перамяшчэнне ці месцы размяшчэння падраздзяленняў УСУ і іншых вайсковых фармаванняў.
Украіна першай у свеце запусціла «прыватную СПА»: хто яе прыдумаў, хто ўдзельнічае і ці эфектыўна гэта
У Кіеве пачалі ставіць аўтаматычныя турэлі для збіцця расійскіх рэактыўных дронаў
Зяленскі заявіў, што балістычная ракета FP-9, здольная даляцець да Масквы, будзе гатова гэтай восенню
Германія запускае з Украінай сумесную вытворчасць дронаў-перахопнікаў і выдзяляе 1,35 млрд еўра дапамогі
Каментары