Як на ўскраіне Мінска будуецца квартал панэльных таўнхаусаў ФОТЫ
Адзін з варыянтаў для мінчукоў-чаргавікоў — жыллё ў панэльных таўнхаусах проста каля кальцавой. Гаворка ідзе пра жылы комплекс «Паўночны» (не блытаць з «Паўночным берагам»), які актыўна будуецца ў раёне Даўгінаўскага тракту. Realt паглядзеў, як прасоўваецца будаўніцтва і колькі цяпер каштуе квадратны метр у гэтых дамах.

Панэльныя таўнхаусы недалёка ад Даўгінаўскага тракта ўзводзіць дзяржаўны забудоўшчык — прадпрыемства МАПІД. Жылы масіў на паўночнай ускраіне сталіцы зойме ўчастак ад кальцавой да вуліцы Мікуліча. Усяго тут пабудуюць больш за 20 тысяч квадратных метраў жылля.


Да комплексу журналісты дабіраліся на грамадскім транспарце. Дарога цяпер знаходзіцца на маштабным рамонце, таму паездка не абыходзіцца без затораў. Найбліжэйшы да таўнхаусаў прыпынак знаходзіцца за 600—700 метраў, калі ехаць з горада. У напрамку горада — крыху бліжэй.
Ад Арлоўскай да таўнхаусаў можна даехаць маршруткай. Таксама тут ходзяць гарадскія і прыгарадныя аўтобусы. Арыенцір — гіпермаркет ALL. Яго трэба абысці і павярнуць направа.
Новы катэджны пасёлак, амаль як домікі з амерыканскай мары, размясціўся на фоне кукурузных палёў. Тут ужо з'явілася некалькі новых вуліц. Уздоўж дарог усталяваныя ліхтары, зробленыя тратуары і высаджаныя маладыя дрэвы.

Частка таўнхаусаў ужо заселеная. Забудоўшчыку засталося ўзвесці яшчэ дзве чаргі — шостую і сёмую. У перадапошняй чарзе запланавана будаўніцтва яшчэ пяці жылых дамоў. Гэта будуць таўнхаусы на 4, 11 і 12 кватэр. Усё жыллё будзе двухпавярховым, без падземнага паверха і з плоскім дахам. Гэтыя дамы плануюць здаць у 2027 годзе.

Усе блакіраваныя дамы ў квартале падобныя. Плошча тыпавых кватэр у таўнхаусах складае каля 105—120 квадратных метраў. На першым паверсе звычайна размяшчаюцца хол, санвузел, міні-кацельня, кухня, гасцёўня і тэраса, на другім — дзве-тры спальні, гардэробная і ванны пакой. У дамах прадугледжаная вадзяная пакватэрная сістэма ацяплення. Цеплазабеспячэнне ажыццяўляецца ад газавага катла з закрытай камерай згарання.

Цяпер у продажы ёсць амаль гатовыя таўнхаусы. Напрыклад, некалькі кватэр у пятай чарзе дамоў пакуль застаюцца без гаспадароў. Кошт квадратнага метра ў іх пачынаецца ад 4625 рублёў — 1540 даляраў паводле курсу Нацбанка.
Такім чынам, самы даступны таўнхаус у ЖК «Паўночны» абыдзецца прыкладна ў 500 тысяч рублёў, або каля 166 тысяч даляраў. Прэтэндаваць на такое жыллё могуць чаргавікі без накіраванняў.

У новым пасёлку ўжо з'явіліся агульныя дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі.
Крыху вышэй, на ўзгорку, знаходзіцца яшчэ адна лінія дамоў — краявіды адсюль будуць відавочна лепшыя.

Што да інфраструктуры, то побач з «Паўночным» пакуль ёсць толькі крамы, у тым ліку той самы ALL. Найбліжэйшыя дзіцячыя сады знаходзяцца ў Навінках і «Паўночным беразе», а да школ давядзецца ездзіць.

Візуальна квартал пакідае добрае ўражанне. На фоне хаатычнай забудовы Цнянкі гэтае месца выглядае амаль раем: ідэальная геаметрыя ліній, уласныя ўчасткі і цікавая колеравая гама. Праўда, ёсць некалькі нюансаў, якія могуць сапсаваць агульную карціну: блізкасць ажыўленай МКАД і лінія электраперадачы, якая праходзіць побач. Зрэшты, кватэр, вокны якіх выходзяць на палі і лес удалечыні, гэта не датычыцца.
Цяпер чытаюць
«Калі б я быў следчым КДБ, я б падкрэсліў тое самае». Фядута — пра схаваныя сэнсы «Каласоў пад сярпом тваім», увагу сілавікоў да свайго рукапісу і загадку з трэцяй часткай рамана Караткевіча
Каментары