Што цяпер адбываецца ў Іркуцкай вобласці, дзе лабарантка навуковага інстытута памерла ад чумы?
Некалькі бальніц Іркуцка закрылі на трохтыднёвы каранцін, але ўлады сцвярджаюць, што аварыі ў супрацьчумным інстытуце не было.

2 кастрычніка памерла 28‑гадовая Дар'я Шыпілава, лабарантка Іркуцкага супрацьчумнага інстытута. Вядома, што за тыдзень да гэтага дзяўчына разбіла прабірку з узбуджальнікам лёгачнай чумы і неўзабаве адчула сябе блага, яе шпіталізавалі. Што цяпер адбываецца ў Іркуцкай вобласці?
Некалькі бальніц Іркуцка закрылі на каранцін на тры тыдні, а на Іркуцкім алюмініевым заводзе ўвялі масачны рэжым на фоне паведамленняў пра чуму ў рэгіёне, піша «Астра».
У Расспажыўнаглядзе заявілі, што ў памерлай супрацоўніцы супрацьчумнага інстытута выяўлена «пнеўманія неўстаноўленай этыялогіі».
Выданне «Люди Байкала» паведаміла, што некалькі бальніц Іркуцка закрылі на трохтыднёвы каранцін, сярод іх, гарадскія клінічныя бальніцы №1, 3, 10, а таксама гарадскую Івана-Матронінскую дзіцячую клінічную бальніцу.
Як піша выданне са спасылкай на крыніцу ў сферы аховы здароўя, іркуцкія дактары «ўжо адкрыта гавораць пра чуму». Пры гэтым у дакументах, якія паступаюць у медыцынскія ўстановы, чума не фігуруе.
«Выбарчы каранцін пры лёгачнай чуме не ўжываецца — абмежаванні ўводзяцца адразу для ўсіх медустаноў», — прыводзіць выданне словы крыніцы.
Невядома, ці закрытыя ўсе іркуцкія бальніцы, але ў стацыянарах закрытых устаноў дзейнічаюць жорсткія абмежаванні: пацыентаў не выпускаюць да родных, але дазваляюць перадаваць рэчы або прадукты.
Каранцін увялі як мінімум у адным гарадскім радзільным доме. Як паведаміла выданню сям'я адной з парадзіх, дактары паведамілі, што прычына — чума.
3 кастрычніка дырэктар Іркуцкага алюмініевага завода (ІркАЗ) кампаніі РУСАЛ Арцём Фаміных паведаміў, што на прадпрыемстве ў якасці прафілактычнай меры ўвялі масачны рэжым у сувязі з распаўсюджваннем «чутак і супярэчлівай інфармацыі». Завод знаходзіцца ў Шэлехаве, дзе раней у бальніцы сканала супрацоўніца супрацьчумнага інстытута.
Пры гэтым ТАСС са спасылкай на Расспажыўнагляд паведамляе, што санітарна-эпідэміялагічная абстаноўка ў Іркуцкай вобласці, гарадах Іркуцк і Шэлехаў стабільная. У ведамстве заявілі, што ў Іркуцкім супрацьчумным інстытуце не было аварый пры працы з патагеннымі мікраарганізмамі, а ў супрацоўніцы інстытута выяўлена не чума, а «пнеўманія неўстаноўленай этыялогіі». Там дадалі, што сярод супрацоўнікаў інстытута зваротаў з нагоды інфекцыйных захворванняў не зарэгістравана.
Раней паведамлялася, што ў Іркуцкай вобласці на каранцін закрылі Шэлехаўскую раённую бальніцу, дзе памерла лабарантка Дар'я Шыпілава.
У рэгіён прыбыла кіраўніца Расспажыўнагляду Ганна Папова. Губернатар Іркуцкай вобласці Кобзеў паведамляў пра падазрэнне на выпадак захворвання жыхара рэгіёна «асабліва небяспечнай інфекцыяй», не ўдакладніўшы, якой менавіта.
Улады Байкальска пазней выдалілі паведамленне з просьбай не наведваць горад Шэлехаў, дзе ў бальніцы памерла супрацоўніца супрацьчумнага інстытута.
Цяпер чытаюць
«Калі б я быў следчым КДБ, я б падкрэсліў тое самае». Фядута — пра схаваныя сэнсы «Каласоў пад сярпом тваім», увагу сілавікоў да свайго рукапісу і загадку з трэцяй часткай рамана Караткевіча
Каментары