Брытанец амаль год правёў у акіяне без выхаду на сушу, пераплыўшы на лодцы Ціхі і Індыйскі акіяны
Былы каралеўскі марскі пехацінец Дэйв «Дынгер» Бел з англійскага графства Дорсэт завяршыў адзіночнае веславанне праз Ціхі і Індыйскі акіяны. Ён правёў у моры 327 дзён і ўвесь гэты час не ступаў на сушу, піша Бі-бі-сі.

Бэл адправіўся ў падарожжа з заходняга ўзбярэжжа Перу 9 лістапада мінулага года. На яго лодцы з вугляроднага валакна было загружана запасаў ежы і абсталявання на 350 дзён. Фінішаваў ён у Кіліфі на поўнач ад Мамбасы ў Кеніі, дзе сышоў на бераг 28 верасня 2026 года ў 12:15 па беларускім часе. За час падарожжа ён прайшоў на вёслах больш за 15 тысяч марскіх міль, або каля 28 тысяч кіламетраў.
Сваю экспедыцыю Бел выкарыстаў таксама для збору сродкаў на Rock2Recovery — дабрачынную арганізацыю, якая дапамагае ветэранам і супрацоўнікам экстранных службаў, што пакутуюць ад посттраўматычнага стрэсавага разладу. На гэты момант яму ўдалося сабраць больш за 110 тысяч фунтаў стэрлінгаў.

Калі Бел выйшаў на бераг, ён нахіліўся і дакрануўся да пяску, а затым пры падтрымцы сваёй партнёркі Джорджы няўпэўнена пайшоў па пляжы. Там яму перадалі піва. Сам падарожнік прызнаўся, што апошні тыдзень быў для яго незвычайным, а момант, калі ён упершыню за амаль 11 месяцаў дакрануўся да зямлі, стаў вельмі моцным перажываннем.
Бел прыбыў раней, чым разлічваў, і таму на лодцы ў яго яшчэ заставалася ежы прыкладна на 20 дзён. За час падарожжа ён неаднойчы сустракаў дзікую прыроду. Паводле яго слоў, некалькі тыдняў за лодкай плылі дзве белапёрыя акулы — па адной з кожнага боку.
Перад высадкай Бэл казаў, што вяртанне на сушу можа выклікаць у яго сапраўдную сэнсарную перагрузку. Ён планаваў спачатку вярнуцца ў гатэль, памыцца, выспацца і адпачыць, сустрэцца з людзьмі, якія яго чакалі, а затым зноў прыйсці да лодкі. Падарожнік разумеў, што пасля амаль года ў моры яму спатрэбіцца час, каб зноў прызвычаіцца хадзіць па зямлі.

У 2021 годзе Бел ўжо перасёк Атлантычны акіян — ад Нью-Ёрка да Ньюліна ў англійскім графстве Корнуал. Тады ён казаў, што больш ніколі не будзе рабіць нічога падобнага. Аднак развіццё тэхналогій, у тым ліку з'яўленне лягчэйшых лодак, больш эфектыўных сонечных панэляў і аўтапілотаў, зноў абудзіла ў ім цікаўнасць да таго, што яшчэ магчыма здзейсніць.
Падчас плавання Бел слухаў падкасты і аўдыякнігі, а таксама абменьваўся галасавымі паведамленнямі, каб не засяроджвацца пастаянна на часе. Сваё рашэнне адправіцца ў гэтую экспедыцыю ён тлумачыў моцнай цікаўнасцю. Паводле яго слоў, яму прыйшла думка, што такое падарожжа можа быць рэальным, і ён ужо не мог ад яе адмовіцца.

Маршрут праходзіў на захад праз Ціхі акіян, Каралавае мора, раён Вялікага Бар'ернага рыфа, Торэсавы праліў і ўздоўж паўночнага ўзбярэжжа Аўстраліі, пасля чаго Бел перасёк Індыйскі акіян.
Адным з самых цяжкіх момантаў стала неабходнасць на восем тыдняў амаль цалкам спыніць веславанне ў паўднёвай частцы Ціхага акіяна. Бэл рухаўся занадта хутка і рызыкаваў трапіць у Каралавым моры ў сезон цыклонаў, таму яму давялося наўмысна запаволіцца. Паводле яго слоў, псіхалагічна было вельмі цяжка сядзець пасярод акіяна, ведаючы, што наперадзе яшчэ сем, восем ці дзевяць месяцаў падарожжа, але пры гэтым не мець магчымасці веславаць.
З дасягненнем Бела павіншавалі розныя вядомыя людзі, у тым ліку тэлевізійны падарожнік Джэйсан Фокс і былы футбаліст Грэм Сунэс. Яны адзначалі маштаб здзейсненага ім падарожжа і яго дабрачынную мэту.
«На якую халеру пяцізоркавы гатэль, калі я магу паставіць намёт на ўзбярэжжы акіяна?» Беларус пешшу падарожнічае па свеце
Дзяніс Дудзінскі наведаў 100 краін — расказвае, якія ўразілі яго найбольш. Але самую жаданую краіну ён трымае на потым
Мінімальная норма — 100 кіламетраў у дзень: жыхар Пінска аб'ехаў на ровары ўсе раёны Беларусі
«Калі б я быў следчым КДБ, я б падкрэсліў тое самае». Фядута — пра схаваныя сэнсы «Каласоў пад сярпом тваім», увагу сілавікоў да свайго рукапісу і загадку з трэцяй часткай рамана Караткевіча
Каментары