Заходнія краіны на фоне ўзмацнення расійскіх удараў па Кіеве рыхтуюць план магчымай эвакуацыі сваіх пасольстваў са сталіцы Украіны ў Львоў або ў Польшчу. Пра гэта 2 кастрычніка паведаміла брытанская газета The Guardian са спасылкай на двух высокапастаўленых дыпламатаў.

Адзін з суразмоўцаў выдання заявіў, што Расія імкнецца пазбавіць Кіеў электрычнасці і іншых неабходных рэсурсаў, а сітуацыя, паводле яго ацэнкі, хутка пагаршаецца.
Пры гэтым публічна заходнія дыпламаты заяўляюць, што маюць намер заставацца ў Кіеве. Яны лічаць, што выезд пасольстваў стаў бы для Масквы прапагандысцкім поспехам і мог бы стварыць уражанне, што Украіну пакінулі без падтрымкі.
З верасня расійскія войскі практычна кругласутачна атакуюць Кіеў ракетамі і беспілотнікамі. Сярод аб'ектаў, якія пацярпелі ад удараў — школы, бальніцы і цэнтры апрацоўкі даных.
Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю Financial Times заявіў, што Крэмль узмацніў паветраныя ўдары, каб запалохаць цывільнае насельніцтва, прымусіць людзей пакідаць гарады і аслабіць здольнасць Украіны працягваць вайну. Паводле яго слоў, асноўнымі цэлямі расійскіх удараў з'яўляюцца Кіеў, Харкаў і Адэса.
Пры гэтым украінскія і еўрапейскія прадстаўнікі службаў бяспекі, знаёмыя з разведвальнай інфармацыяй, лічаць, што ў расійскіх планах таксама ёсць Львоў, які з'яўляецца важным лагістычным цэнтрам каля польскай мяжы.
2 кастрычніка газета The New York Times паведаміла, што Украіна перахапіла расійскі дакумент з планам удараў па энергетычнай інфраструктуры буйных украінскіх гарадоў напярэдадні зімы. Паводле гэтай інфармацыі, спачатку плануецца вывесці са строю падстанцыі каля заходняй мяжы, праз якія Украіна атрымлівае электраэнергію з Еўропы. На наступным этапе — пашкодзіць гідраэлектрастанцыі, а затым спыніць працу трох дзейных украінскіх АЭС, якія забяспечваюць значную частку электраэнергіі краіны.
У Кіеве працуюць расійскія рэтранслятары «шахедаў»
Расіяне ўначы ўдарылі па Паўночным мосце ў Кіеве
Расія плануе серыю ўдараў па Украіне, каб адрэзаць імпарт, вывесці з ладу ГЭС і АЭС
Зяленскі заявіў, што Пуцін загадаў вайскоўцам адмовіцца ад правілаў вядзення вайны падчас абстрэлаў Украіны
У выніку абстрэлу ў Кіеве пашкоджаны 25‑павярховы жылы дом
Каментары