Студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту
Анкетаванне праводзіцца Нацыянальнай школай прыгажосці, якая рыхтуе дзяўчат у тым ліку для службы пратакола Аляксандра Лукашэнкі. У студэнтак пытаюцца пра рост, сямейнае становішча, хобі, удзел у конкурсах прыгажосці і патрабуюць назваць акаўнты ў сацсетках. Пра тых, хто адмовіцца ад апытання, патрабуюць паведамляць асобна.

Як вынікае з паведамлення, разасланага ў ВНУ, студэнтак беларускіх ВНУ абавязваюць прайсці апытанне ў межах праекта «Партрэт беларускай жанчыны».
«Апытанне трэба правесці не пазней за 2 кастрычніка. То-бок да канца працоўнага дня 2 кастрычніка апытанне павінны прайсці усе дзяўчаты», — гаворыцца ў паведамленні.
Куратары кантралююць праходжанне апытання і складаюць спісы тых, хто яго прайшоў. Калі студэнтка адмаўляецца, пра гэта патрабуюць паведамляць з указаннем прычыны.
У самой анкеце ёсць пункт пра згоду на апрацоўку персанальных даных. Але гэтага недастаткова. Арганізатары патрабуюць сабраць з удзельніц яшчэ і асобныя пісьмовыя згоды. Іх формы і ўзоры запаўнення перадалі куратарам.
Апытаць усіх студэнтак ВНУ распарадзілася намесніца міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая.

У анкеце просяць пазначыць імя, месца нараджэння і грамадзянства, дату нараджэння і ўзрост, сямейнае становішча і таксама, што звяртае ўвагу, рост.
Таксама трэба паведаміць звесткі пра адукацыю (навучальную ўстанову, спецыяльнасць, курс і форму навучання), валоданне замежнымі мовамі і дадатковую адукацыю.

Акрамя таго, дзяўчат пытаюцца пра хобі, удзел у конкурсах прыгажосці і талентаў. Таксама просяць пазначыць ключавыя дасягненні, узнагароды і прызавыя месцы ў вучобе, спорце і конкурсах. Анкета патрабуе і кантактныя даныя: нумар мабільнага тэлефона і спасылкі або нікі ў інстаграме, фэйсбуку, тэлеграме, «Укантакце», тыктоку, ютубе, расійскім шпіёнскім месенджары Mах ды іншых сацсетках.
У форме пазначана, што гэтыя звесткі збіраюцца для «фармавання партрэта сучаснай беларускай дзяўчыны» і будуць апрацоўвацца на працягу дванаццаці месяцаў.
«Давайце закрыем гэтае пытанне хутка і без нейкіх эксцэсаў», — патрабуюць куратары ўніверсітэцкіх груп.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
рост, сямейнае становішча, хобі, акаўнты ў сацсетках.
А таксама якія у Кацярыны Пятруцкай ключавыя дасягненні, узнагароды.
Якія ў яе кантактныя даныя: нумар мабільнага тэлефона і спасылкі або нікі ў інстаграме, фэйсбуку, тэлеграме, «Укантакце», тыктоку, ютубе, месенджары Mакс ды іншых сацсетках.
Хто яе муж?