Кнігавыдавец Зміцер Колас расказаў пра сваё затрыманне — ён тым ранкам толькі прыехаў з Польшчы, як уварваліся 15 сілавікоў
Перакладчык і выдавец Зміцер Колас, якога 16 верасня вывезлі з-пад варты следчага ізалятару за мяжу ў складзе 25 палітвязняў, расказаў «Белсату», як яго затрымлівалі, за што атрымаў французскія ордэны і як калісьці трапіў па размеркаванні на працу ў Сірыі.

«Белсат» паразмаўляў з перакладчыкам і выдаўцом Змітром Коласам, якога 16 верасня вывезлі з-пад варты следчага ізалятару за мяжу ў складзе 25 палітвязняў.
Змітра затрымалі сёлета ў лютым падчас масавых арыштаў незалежных кнігавыдаўцоў і распаўсюднікаў кніг, абвінавацілі паводле артыкулу 361‑4 Крымінальнага кодэксу («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»). Гэта другое затрыманне кнігавыдаўцы: у сакавіку 2023‑га падчас рэпрэсіяў пасля дыверсіі на аэрадроме ў Мачулішчах ён правёў 10 содняў у СІЗА КДБ, тады выйшаў на волю, як і шмат іншых затрыманых, без выстаўлення абвінавачанняў. Але праз месяц выдавецтва Коласа зліквідавалі праз суд. Фармальнаю прычынаю стаўся выдадзены ім зборнік дакументаў «Вызваленыя» і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939—1941 гг.», прызнаны ўладамі экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Зміцер Колас нарадзіўся 29 снежня 1956 года ў сям’і знанага беларускага гісторыка культуры, літаратурнага і тэатральнага крытыка Георгія Коласа і выбітнай рэжысёркі дакументальных фільмаў Алены Колас. Старэйшы брат Змітра — Уладзімір Колас, кінарэжысёр і педагог.
— Вы апынуліся сярод тых, каго днямі сілавікі вывезлі з Беларусі ў межах своеасаблівага памілавання. З аднаго боку, выпусцілі з клеткі, з другога — забаранілі вярнуцца дадому. Напэўна, па-рознаму ўспрымаюцца такія зігзагі лёсу, калі табе 20 гадоў ці 70.
— Не думаў я, вядома, што такое са мной можа адбыцца. Менск — мой родны горад, я там нарадзіўся. Спачатку мы жылі на Бранявым завулку — мае бацькі, брат, дзве бабулі і два дзядулі. Бацькам потым далі кватэру на Натуралістаў, там я пайшоў у 63‑ю школу і скончыў яе. Потым — Інстытут замежных моваў: перакладчыцкі факультэт, французскае аддзяленне.
— Чаму такі выбар?
— Мяне з дзяцінства захаплялі мовы. Дзед навучыў адразу двум алфавітам — лацінскаму і кірыліцы. Чытаць я пачаў у тры гады. Аднойчы мама ўбачыла, што я чытаю ў ложачку. Яна так закрычала, што я спалохаўся і потым доўга не чытаў, думаючы, што раблю нешта дрэннае. Потым быў перыяд, калі я чытаў навуковую фантастыку — усё, што траплялася пад руку. Бацька мяне за гэта ганяў, маўляў, што за глупства чытаеш. А я мяркую, што Жуль Верн і браты Стругацкія — гэта сапраўдная літаратура. У бацькі ў кабінеце былі паліцы з кнігамі, і ён казаў, што гэта трэба прачытаць, калі хочаш лічыць сябе інтэлігентным чалавекам. Бацька быў літаратуразнаўцам, тэатральным крытыкам і сцэнарыстам… Вось ён быў, як кажуць, жывой энцыклапедыяй. Я дасюль не прачытаў столькі, колькі ён, хоць ягоную бібліятэку ўрэшце прачытаў.
— Інстытут замежных моваў тады быў, што называецца, модным інстытутам. Магчыма, таму, што была магчымасць выехаць з савецкай рэчаіснасці і пабачыць свет на ўласныя вочы. У выніку атрымалася?
— Я скончыў інстытут, і па размеркаванні мяне скіравалі ў Сірыю. У інстытуце я пазнаёміўся са сваёй будучаю жонкаю Наташаю Дацэвіч, яна вучылася на англійскім факультэце. Мы якраз у той год і распісаліся. Ну і я заявіў, што без жонкі нікуды не палячу. Мне сказалі, што так нельга, бо я сам падпісаў кантракт на 11 месяцаў. А тады было правіла: калі кантракт — менш за год, то ляцелі без сужэнца. Але я ўпёрся, маўляў, ведаю, што потым кантракт працягваюць. Яны пытаюцца: «Як ты можаш не паляцець?» Кажу: «Ды проста не сяду ў самалёт — і ўсё».
Кантракт у мяне быў з Міністэрствам транспартавага будаўніцтва, ён датычыў будаўніцтва мастоў на Еўфраце. Урэшце мне паабяцалі, што жонку таксама можна будзе забраць. Разумееце? Усё ж такі тады былі людзі слова. Я праехаў увесь Еўфрат — ад турэцкай мяжы да іракскай.
Самае дзіўнае было тое, што ніхто там па-французску не размаўляў. У Сірыі шмат моваў, часцей за ўсё, вядома, арабская, але французскай там не было. Дакументацыю я перакладаў з расейскай на французскую, яе трэба было перадаваць начальніку. А той, паколькі вучыўся ў Францыі, мову ведаў. Вось яму якраз было лягчэй чытаць па-французску, бо тэрміналогію ён вывучаў менавіта на французскай. А ў жыцці мне давялося вучыць арабскую мову. І я яе вучыў, нават мог з часам апавядаць анекдоты і весці размовы на філасофскія тэмы. Цяпер без практыкі амаль усё забыў.

— Скончыўся кантракт — і што?
— Я прыляцеў у Менск і пачаў шукаць працу.
— Дык СССР яшчэ ж быў. А як жа дармаедства?
— А каго гэта цікавіла? Але я пайшоў у Інстытут замежных моваў, пагаварыў з дэканам, з прарэктарам. Прарэктар быў такі сур'ёзны таварыш, казаў пра крызіс, але паабяцаў дапамагчы. Неўзабаве мне патэлефанавалі з Чырвонага Крыжа. Давялося запоўніць кучу анкетаў, усё было як з кантрактам на працу за мяжою. Магчыма, таму, што там таксама прадугледжваліся замежныя паездкі. Пакуль мае анкеты правяраліся, шукаў працу ў іншых месцах. Мне падказалі, што ёсць месца лабаранта ў працы з замежнымі студэнтамі на журфаку. Туды і ўладкаваўся.
А там тады вучыўся Віталь Тарас. Пазнаёміўся я і з Сяргеем Дубаўцом, і з Ігарам Герменчуком. Увогуле, трапіў у добрую кампанію. Гэта быў перыяд беларускай Майстроўні. Але я ўвесь час працаваў пагадзінна — то ў адной ВНУ, то ў іншай. Кожнае лета трэба было недзе ўладкоўвацца на працу. Дзіця яшчэ было маленькае, трэба было круціцца. У 1986‑м заключыў новы замежны кантракт, і мы ўсёй сямʼёй паляцелі ў Алжыр. Там я адпрацаваў тры гады.
— Мала хто ведае, што ў вас ажно два французскія ордэны за заслугі ў літаратуры і мастацтве. Як яны зʼявіліся?
— Шмат перакладаў: Альбэра Камю, Жана-Поля Сартра, Эўджэна Іёнэску, нешта з Мапасана і шмат іншага. Выдавала гэта «Мастацкая літаратура». Мне нават тады прапанавалі скласці спіс на дзесяць гадоў наперад. Мая запаветная мара была — выкладаць у інстытуце замежных моваў і займацца перакладамі. І вось я ўжо працаваў у інстытуце, нават мог атрымаць навуковую ступень паводле сукупнасці публікацыяў, але… распаўся Савецкі Саюз.
З першым ордэнам у мяне звязаная трагічная гісторыя. Быў 2011 год. Тады ж улетку ўвялі новыя мыты на ўвоз аўтамабіляў. Я дамовіўся са сваім сябрам у Бельгіі, каб ён падабраў мне машыну. Ён знайшоў, але я не паехаў адразу, бо раптам высветлілася, што захварэла мама. У яе аказаўся рак, прычым на апошняй стадыі. Я ўсё кінуў, пераехаў да мамы і даглядаў яе. А машына прыйшла ў траўні і стаяла на стаянцы, але набліжаўся тэрмін, калі ўжо трэба было плаціць за кожны дзень. Быў аўторак, 31 траўня. Я папрасіў брата прыйсці пабыць з мамай, пакуль я зʼезджу размытніць машыну. І вось мне ўжо аддаюць дакументы, заставаўся толькі адзін подпіс — і тут тэлефануе брат: «Мама памерла». Іду ў машыну, нічога не цямлю. Выязджаю на трасу, і тут званок з амбасады: «Віншуем вас! Прынятае рашэнне аб узнагароджанні вас ордэнам». Вось такія былі абставіны.
А другі ордэн мне ўжо ўручылі ў 2024 годзе. Быў прыём у амбасадзе ва ўрачыстай абстаноўцы. Я запрасіў туды сваіх родных і сяброў з тых, хто заставаўся ў Менску.
— І вось мінае менш за два гады — і раптам арышт. Як гэта?
— Гэта было зусім нечакана. Я прыехаў а 7:00 з Польшчы. Пайшоў у ванны пакой. Раптам чую жудасны грукат. Падумаў, што, можа, нешта ў суседзяў здарылася, можа, нейкую трубу прарвала. А гэта, аказваецца, па маю персону — можа, з 15 сілавікоў. Вывалаклі голага на лесвіцу і толькі потым ужо ў кватэры далі апрануцца. Ну, гэта быў, вядома, кашмар.
— Большасць з нас мае ўяўленне пра следства з мастацкіх фільмаў. Моцна яно адрознівалася ад рэальнасці?
— Больш за ўсё мяне ўразіла хлусня. Хлусня на кожным кроку. І яшчэ я адчуў, што няма абсалютна ніякай павагі да чалавека. Незалежна ад узросту і полу. Гэта жахліва. Я ж Інстытут замежных моваў скончыў, і, вядома, быў там спецаддзел, былі там хлопцы з КДБ. Але гэта былі людзі з адукацыяй, з інтэлектам і сумленнем. Яны думалі, што займаюцца правільнаю справай. Але я ж таксама разумею, што няма такой краіны, дзе не было б службы бяспекі. І гэта нармальна. Яна павінна быць у любой дзяржаве.
— Што ж адбываецца? Чалавек, які ўсё жыццё займаўся інтэлектуальнаю працаю, раптам аказваецца ў такім месцы і ў такой сітуацыі. Нейкая паралель напрошваецца з бальшавіцкім пераваротам.
— Гісторыя развіваецца па спіралі. Я б не стаў называць гэта бальшавіцкім тэрорам. Гэта не бальшавікі. Яны, хутчэй, мізантропы. Якія могуць быць адчуванні? Пасля смерці мамы ў мяне пачалася арытмія. Я проста перастаў спаць. Мяне абвешвалі прыборамі, і вось, калі я хадзіў, усё было нармальна. Праблемы пачыналіся ў стане спакою. Мне тады паставілі дыягназ: нервовае знясіленне. Параілі змяніць абстаноўку, нешта змяніць у сваім жыцці. Тады я патэлефанаваў свайму сябру і паехаў да яго ў Аўстралію. Вось такім чынам цалкам змяніў абстаноўку. Праз месяц вярнуўся — і ўсё прайшло.
Цяпер пачаліся праблемы з ціскам, і, хутчэй за ўсё, дае пра сябе знаць сітуацыя. Разумееце, я не люблю хлусні, глупства і подласці. Не трэба мне на чорнае казаць, што гэта белае. Не трэба казаць, што Някляеў — дрэнны паэт, не трэба хлусіць. Мяне гэта абурае больш за ўсё.
Цяпер чытаюць
«Калі б я быў следчым КДБ, я б падкрэсліў тое самае». Фядута — пра схаваныя сэнсы «Каласоў пад сярпом тваім», увагу сілавікоў да свайго рукапісу і загадку з трэцяй часткай рамана Караткевіча
Каментары