Хто з беларускіх бізнэсаў увайшоў у топ-501 найбуйнейшых кампаній Латвіі
Чатыры кампаніі, створаныя беларусамі, увайшлі ў топ-501 найбуйнейшых бізнэсаў Латвіі паводле вынікаў 2025 года. Усяго цяпер у гэтай балтыйскай краіне зарэгістравана каля 450 юрыдычных асоб, у якія інвеставалі беларусы, піша эканамічны аглядальнік Вадзім Сяховіч.

Самае высокае месца сярод беларускіх кампаній у рэйтынгу, які штогод складае рэсурс crediweb.lv, заняў даўгаўпілскі вытворца лічбавых прыцэлаў Pulsar Optics, створаны ў 2020 годзе. Кампанія апынулася на 190‑м месцы. Яе выручка склала 58,8 млн еўра, хоць гэта амаль на 30% менш, чым годам раней.
Pulsar Optics уваходзіць у групу Yukon Advanced Optics Worldwide з галоўным офісам у Вільнюсе, асноўнымі ўладальнікамі якой з'яўляюцца спадчыннікі Аляксандра Альшэўскага.
У адрозненне ад Pulsar Optics, астатнія беларускія ўдзельнікі топ-501 летась павялічылі продажы.
У Asbis Baltics, створанай у 2007 годзе і якая з'яўляецца даччынай кампаніяй кіпрскай Asbis Group, выручка вырасла на 16,3% і склала 46,7 млн еўра. У рэйтынгу кампанія паднялася амаль на 50 пазіцый і заняла 248‑е месца.
Недалёка ад яе, на 288‑й пазіцыі, размясціўся дыстрыб'ютар лекавых сродкаў для людзей і жывёл LV System Service, створаны ў 2013 годзе. Бізнэс Антона Клімантовіча летась прадаў прадукцыі на 40,8 млн еўра — рост склаў 8,7%. Кампанія мае офісы ў Беларусі, Грузіі і Арменіі.
Нарэшце, у новы рэйтынг трапіла кампанія Medibridge, заняўшы 493‑е месца. З 2008 года яна займаецца пастаўкамі медыцынскага абсталявання на ўсходнія рынкі. У 2025 годзе аб'ём продажаў бізнэсу Сяргея Палішчука вырас на 11,6% і дасягнуў 24,6 млн еўра.
Першае месца ў топ-501 другі год запар займае Rimi Latvia з выручкай 1,2 млрд еўра. У першую пяцёрку таксама ўвайшлі Maxima Latvia — 1,1361 млрд еўра, Latvenergo — 949,8 млн, Air Baltic Corporation — 775,3 млн і дыстрыб'ютар IT-прадуктаў Elko Grupa — 667,5 млн еўра.
Каментары