«Бывай, татка. Дзякуй табе за жыццё. Люблю цябе», — напісаў экс-палітвязень Зміцер Дашкевіч у сваім фэйсбуку.
Тата памёр. Я ў нейкім прадчуванні не так даўно пазадаваў яму пытанні пра жыццё, занатаваў, запісаў відэа.
«Запішыце ўсе-ўсе ўспаміны бацькоў, пакуль яны жывыя. Малюся, — казаў тата, — каб нам яшчэ пабачыцца». Гэта было няпроста, тата 1938 года.
Тата пражыў доўгае, няпростае жыццё: дзіцёнкам пад рознымі акупацыямі і скрозь вайну, з маленства ў полі, з юнацтва на адной назе, працаваў і кінамеханікам, і на камбайне, і цаліну падымаў, і на будоўлях, большую частку жыцця — журналістам, медаль ганаровага донара — кроў здаваў доўгія гады.
Ты, татуля, жыў годна, адышоў ціха, як ты хацеў, — уночы. Даруй, не магу прыехаць і развітацца з табою… дзікі час…
Матуля памерла, калі я сядзеў на Валадарцы ў 2011, тады мяне вывезлі на развітанне. Цяпер, тата, даруй мне, не магу правесці цябе ў апошні шлях… дзікі, дзікі час…
Не магу правесці і не магу навучыць дзяцей памятаць магілы бацькоў. Прарок Нээмія, які адбудоўваў Ерузалім пасля 70 гадоў палону, адказвае Вавілонскаму цару на пытанне, чаго сумны: «Як не будзе смутным аблічча маё, калі горад, дом магіл бацькоў маіх, спустошаны…»

Радзіма для габрэяў, якія былі ў выгнанні, — гэта «дом магіл бацькоў маіх». І вось я тут, а магілы бацькоў маіх — там, і я не магу да іх прыехаць.
У «Каласах» Караткевіча адзін з самых кранальных момантаў рамана — прысяга Алеся над магіламі бацькоў. Тата кажа, а сын паўтарае клятву:
«Я клянуся любіць вас. Я клянуся абараняць вашы магілы мячом і зубамі, нават калі мая магіла будзе далёка ад вас. Бо я ўсё адно буду тут, з вамі. Бо мяне нельга аддзяліць ад вас. Пакуль не скончыцца жывот людскі на зямлі. Аман».
А вось мяне аддзялілі, у мяне няма вас, магілы бацькоў маіх. Я далёка ад вас, бацькі мае, але я працягну вас, працягну ў сваіх дзецях і справах.
А прыйдзе дзень, мы будзем разам, на адной зямлі.
Бывай, татка. Дзякуй табе за жыццё. Люблю цябе», — напісаў Зміцер Дашкевіч у сваім фэйсбуку.
Каментары