Правал спецслужбаў трох краін: як увогуле пілот-радыкал апынуўся за штурвалам FlyDubai
Спроба другога пілота захапіць самалёт авіякампаніі FlyDubai на рэйсе ў Тэль-Авіў агаліла сур’ёзны збой у сістэме міжнароднай авіяцыйнай бяспекі. Улады Амана, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Ізраіля мелі дастаткова магчымасцей не дапусціць экстрэміста да палётаў, аднак ланцужок бюракратычных памылак і адсутнасць каардынацыі ледзь не прывялі да катастрофы. З падрабязнасцямі знаёміць The Wall Street Journal.

30 верасня самалёт авіякампаніі FlyDubai выконваў рэйс 1073 з Дубая ў Тэль-Авіў. Пасярод палёту 29‑гадовы другі пілот Хамам аль-Хамамі, адлучыўшыся нібыта для малітвы, нечакана напаў на капітана карабля Сміта Мачхара і нанёс яму некалькі ўдараў аварыйнай сякерай. Паранены капітан паспеў разблакаваць дзверы кабіны, пасля чаго пасажыры і члены экіпажа нейтралізавалі нападніка і вывелі лайнер з небяспечнага пікіравання.
Следчыя органы ААЭ, Саудаўскай Аравіі і Ізраіля кваліфікавалі гэта як спробу тэракту. Паводле папярэдніх звестак, другі пілот меў намер разбіць самалёт у Тэль-Авіве. Прамыя сувязі аль-Хамамі з буйнымі тэрарыстычнымі групоўкамі пакуль не выяўлены, аднак расследаванне паказала, што сігналы аб яго радыкалізацыі ігнараваліся на працягу некалькіх гадоў.
Першыя папярэджанні, якія засталіся ў Амане
29‑гадовы Хамам аль-Хамамі нарадзіўся ў сям'і аманца і сірыйкі. Падлеткам ён часта ездзіў у Сірыю падчас грамадзянскай вайны, пазней вучыўся ў Аўстраліі. У 2018 годзе мужчына ўладкаваўся ў дзяржаўную авіякампанію Oman Air, а ў пачатку 2022‑га стаў пілотам.
У 2024 годзе аманскія ўлады звярнулі ўвагу на тое, што мужчына наведвае экстрэмісцкія сайты і блогі. Яго погляды выклікалі ў спецслужбаў настолькі сур'ёзныя падазрэнні, што аль-Хамамі забаранілі лётаць, накіравалі на праграму дэрадыкалізацыі і перавялі на адміністрацыйную працу.
Аднак Аман зрабіў фатальную памылку. Мужчыну не пазбавілі ліцэнзіі пілота афіцыйна і не ўнеслі ў міжнародныя базы звестак. У выніку інфармацыя пра яго небяспечныя погляды засталася ўнутры краіны і не была перададзена суседнім дзяржавам Персідскага заліва.
Дэфіцыт кадраў і недагляд авіякампаніі
У пачатку 2025 года аль-Хамамі пакінуў Oman Air. Улетку ён паспрабаваў уладкавацца ў мараканскую Royal Air Maroc і прайшоў там трохмесячную падрыхтоўку, аднак на працу яго ў выніку не прынялі.
У лютым 2026 года аль-Хамамі ўладкаваўся ў бюджэтную авіякампанію FlyDubai. Лаўкостар, які імкліва пашырае маршрутную сетку і мае патрэбу ў сотнях новых пілотаў, абмежаваўся фармальнай праверкай на наяўнасць судзімасцей. Прадстаўнікі перавозчыка не звязаліся з папярэднім месцам працы суайчынніка ў Амане, каб высветліць прычыны яго адхілення ад штурвала.
Больш за тое, маладога пілота паставілі на адзін з самых адказных і палітычна адчувальных напрамкаў — рэйсы ў Ізраіль, куды ён паспеў зрабіць некалькі вылетаў. Цяпер улады ААЭ вядуць расследаванне ў дачыненні да супрацоўнікаў FlyDubai, якія адказвалі за праверку кандыдата.
Бюракратычная няўзгодненасць у Ізраілі
Апошнім бар’ерам для прадухілення тэракту павінны былі стаць ізраільскія службы бяспекі. Згодна з мясцовым заканадаўствам, пілотам з краін, якія не маюць дыпламатычных адносін з Ізраілем, забаронена выконваць рэйсы ў гэтую краіну. Аман дыпламатычных адносін з Ізраілем не мае, таму аль-Хамамі не павінен быў трапіць у кабіну самалёта, які ляцеў у Тэль-Авіў.
Ізраіль загадзя атрымлівае ад замежных авіякампаній спісы пасажыраў і членаў экіпажаў. FlyDubai перадала такі спіс і перад рэйсам 1073. З 2023 года ў краіне дзейнічае спецыяльная база гэтых звестак, створаная ў тым ліку для прадухілення тэрарызму. Доступ да спісаў могуць запытваць Міністэрства транспарту і спецслужбы, уключаючы Шын-Бэт і Масад.
Аднак належнай праверкі не адбылося. Міністэрства транспарту Ізраіля, якое адказвае за бяспеку замежных рэйсаў, заявіла, што палічыла сябе неўпаўнаважаным правяраць замежныя экіпажы і спадзявалася на тое, што гэтыя патрабаванні выконвае сам перавозчык.
Хаця закрыты дзяржаўны аўдыт яшчэ ў маі 2024 года папярэджваў аб размытай адказнасці і недахопах у кантролі замежных палётаў, сітуацыя не змянілася, і падазроны пілот бесперашкодна атрымаў дазвол на ўваход у паветраную прастору.
Высновы для авіяцыйнай сферы
Здарэнне выклікала сур’ёзную занепакоенасць экспертаў, паколькі як ААЭ, так і Ізраіль валодаюць аднымі з самых перадавых сістэм сачэння і разведкі ў свеце.
Інцыдэнт выявіў галоўную слабасць сучаснай авіябяспекі. Пасля тэрактаў 11 верасня 2001 года авіяцыя зрабіла кабіны пілотаў максімальна недаступнымі для патэнцыйных нападнікаў. Але катастрофа Germanwings у 2015 годзе, калі другі пілот наўмысна накіраваў самалёт у гару, паказала адваротны бок такой абароны: пагроза можа зыходзіць ад чалавека, які ўжо знаходзіцца ў кабіне.
Таму, лічаць спецыялісты па авіяцыйнай бяспецы, ключавую ролю павінна адыгрываць праверка чалавека яшчэ да таго, як ён трапіць у аэрапорт. У выпадку рэйса FlyDubai 1073 такіх магчымасцяў было некалькі. Ніводная не спрацавала.
Каментары
Усе прывыклі, што Эміраты - гэта такі арабскі афшор і глядзелі скрозь пальцы.
Але вось высвятляецца, што і ў футболе яны мухлююць, і ў бізнэсе, і вось за бяспекай не глядзяць.