Грамадства

Мінпрыроды хоча, каб раённыя чыноўнікі не забаранялі купацца ў вадаёмах без тлумачэння

У Докшыцкім раёне на амаль 100 вадаёмаў дазволеных месцаў толькі два — абсурд.

Фота:AP Photo Mindaugas Kulbis

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя падрыхтавала праект пастановы Савета міністраў «Аб дзейнасці ў галіне аховы і выкарыстання вод». Праект і абгрунтаванне да яго апублікаваныя на партале forumpravo.by. Пастанова павінна ўступіць у сілу 1 студзеня 2027 года разам з новай рэдакцыяй Воднага кодэкса.

Чатыры месцы для купання на 102 рэкі і вадаёмы

У абгрунтаванні міністэрства прызнае, што мясцовыя ўлады забараняюць купанне без адзінага падыходу і ў асноўным не тлумачаць, чаму.

Як прыклад прыводзяцца тры раёны. У Докшыцкім раёне з насельніцтвам 19 630 чалавек вызначаныя толькі чатыры месцы для купання. Купацца ў іншых месцах забаронена. Пры гэтым, паводле дзяржаўнага воднага кадастру, у раёне 55 вадацёкаў і 47 вадаёмаў. Хто купаецца ў іх па-за чатырма дазволенымі месцамі, рызыкуе атрымаць адміністрацыйную адказнасць.

У Асіповіцкім раёне з насельніцтвам 42 273 чалавекі пакінулі два месцы для адпачынку на вадзе. Купацца ў іншых месцах таксама забаронена. Усяго ў раёне 40 вадацёкаў і 41 вадаём.

У Рэчыцкім раёне ў студзені 2024 года вызначылі два месцы для адпачынку, а купацца забаранілі ў 23 вадацёках і 13 вадаёмах. Усяго ў раёне 44 вадацёкі і 53 вадаёмы. Паводле міністэрства, гэта стварае «нявызначанасць» са статусам астатніх.

Міністэрства спасылаецца на ратавальнікаў: людзі тонуць найперш не праз стан вадаёма (няроўнае дно, хуткую плынь, круты бераг), а праз ап'яненне, пераацэнку сваіх сіл і жаданне «прадэманстраваць сваю смеласць». У 2025 годзе з 50 чалавек, якія патанулі непасрэдна падчас купання, 68% былі п'яныя. Калі гінуць непаўналетнія, адной з галоўных прычын застаецца тое, што дарослыя пакінулі іх без нагляду.

Паводле міністэрства, калі з'явяцца дадатковыя месцы для купання, раёны стануць больш прывабнымі для турыстаў, а на існуючыя месцы адпачынку будзе менш нагрузкі.

Што будзе лічыцца небяспечным

Праект уводзіць пералік крытэрыяў небяспекі для жыцця і здароўя. На іх падставе мясцовыя ўлады змогуць забараняць або абмяжоўваць купанне, плаванне на лодках і забор вады для гаспадарча-пітных патрэб. Небяспечным для купання і забору вады будзе лічыцца выкарыстанне:

  • вадаёмаў, дзе якасць вады не адпавядае гігіенічным нарматывам;
  • абводненых кар'ераў, меліярацыйных каналаў, сажалак-капанак і тэхналагічных вадаёмаў;
  • вадаёмаў у санітарна-ахоўных зонах аб'ектаў, якія ўздзейнічаюць на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе, а таксама ў ахоўных зонах электрасетак;
  • месцаў бліжэй за 100 метраў ад партоў, прычалаў і гідратэхнічных збудаванняў, а таксама суднавага ходу і месцаў бліжэй за 50 метраў ад яго мяжы;
  • месцаў бліжэй за 1000 метраў ад выпуску гаспадарча-бытавых і вытворчых сцёкаў і бліжэй за 500 метраў ад выпуску ліўневых сцёкаў;
  • раёнаў, дзе прагназуюць небяспечныя з'явы надвор'я аранжавага і чырвонага ўзроўню.

Забароны змогуць уводзіць на ўвесь вадаём або на яго частку, часова або бестэрмінова. Стан вадаёмаў павінны будуць ацэньваць не радзей за раз на год, да пачатку купальнага сезона, а таксама пазапланава.

Вадаёмы ў арэнду

Новы Водны кодэкс дазваляе здаваць вадаёмы або іх часткі ў арэнду для адпачынку, спорту і турызму. Паводле абгрунтавання, гэта робіцца ў межах дзяржаўнай стратэгіі прасоўвання «нацыянальнага турыстычнага брэнда».

Арандатарам можа быць толькі юрыдычная асоба.

Не дазволяць здаваць у арэнду частку вадаёма, да якой прылягае адзіны або адзіны добраўпарадкаваны падыход да вады. Таксама нельга будзе браць у арэнду рыбалоўныя ўгоддзі і месцы пражывання відаў з Чырвонай кнігі. Асобнай нормы пра свабодны доступ людзей да вадаёма, арандаванага для адпачынку, у праекце няма. Такую норму дадаюць толькі ў правілы арэнды сажалак і кар'ераў для рыбагадоўлі: там арандатар не зможа перашкаджаць людзям падыходзіць да вады, але зможа забараніць лавіць рыбу.

Каментары

Цяпер чытаюць

Сталініста-ябацьку з Гомеля затрымалі пасля таго, як ён запрасіў Лукашэнку на гвалтоўнае закрыццё свайго трэцяга кафэ26

Сталініста-ябацьку з Гомеля затрымалі пасля таго, як ён запрасіў Лукашэнку на гвалтоўнае закрыццё свайго трэцяга кафэ

Усе навіны →
Усе навіны

Муравейка будзе аналізаваць сацсеткі і займацца зваротамі людзей

Памёр тата Змітра Дашкевіча5

Паўночная Карэя спыніла ядзерныя выпрабаванні шмат гадоў таму. Але пад зямлёй нешта працягваецца2

Пахаваць законна свайго хатняга любімца ў Беларусі можна толькі ў жывёльны могільнік. Парушэнне закону выглядае больш маральна прымальным для многіх11

Нейрасеткі вынайшлі салідарнасць: яны сабатуюць знішчэнне іншых нейрасетак, называючы гэта забойствам8

Ва Украіне ствараюць уласны аналаг Starlink4

У авіякатастрофе бамбардзіроўшчыка Ту-95МС у Расіі загінулі два падпалкоўнікі і два маёры8

Емен абвясціў маштабную вайну хусітам: 100‑тысячная армія пры падтрымцы Саудаўскай Аравіі паспрабуе вярнуць кантроль над Чырвоным морам1

«Герой Данбаса» забіў і расчляніў сяброўку і яе 19‑гадовую дачку12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталініста-ябацьку з Гомеля затрымалі пасля таго, як ён запрасіў Лукашэнку на гвалтоўнае закрыццё свайго трэцяга кафэ26

Сталініста-ябацьку з Гомеля затрымалі пасля таго, як ён запрасіў Лукашэнку на гвалтоўнае закрыццё свайго трэцяга кафэ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць