АБФФ паскардзілася на хейт Лукашэнкі падчас матча зборнай Беларусі ў Фінляндыі
Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола» паведаміла, што пасля правядзення першых трох матчаў Лігі нацый УЕФА сезона 2026/2027 кіраўніцтва федэрацыі вырашыла накіраваць афіцыйны зварот у Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый.

Зварот тычыцца арганізацыі выязнога матча паміж зборнымі Фінляндыі і Беларусі. АБФФ выказала занепакоенасць шэрагам пытанняў, звязаных з умовамі правядзення сустрэчы, за якія адказвае Футбольная асацыяцыя Фінляндыі.
Беларуская федэрацыя футбола падкрэслівае, што прытрымліваецца патрабаванняў рэгламенту УЕФА і настойвае на строгім выкананні ўсіх пратакольных і арганізацыйных нормаў, якія павінны забяспечваць роўныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў турніру.
Можна меркаваць, што футбольныя чыноўнікі з Беларусі адрэагавалі так найперш на вялікі банер з надпісам Sun päiväs koittaa, што можна перакласці з фінскай мовы як «Твой дзень надыдзе». На ім карыкатурнага Лукашэнку хапае з кіпцюры вялікая палярная сава.
Акрамя таго, абурэнне АБФФ магло выклікаць тое, што зборная Фінляндыі разміналася ў майках «Мы выступаем за мір». Таксама на трыбунах заўважылі адразу некалькі ўкраінскіх сцягоў, а на фан-сектары фінаў — і бел-чырвона-белы.
Каментары