Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што расійскія дроны нанеслі ўдар па цывільным судне, якое перавозіла кукурузу. Паводле яго слоў, судна належала Турцыі і знаходзілася ў нейтральных водах Чорнага мора, а на борце былі грамадзяне Азербайджана і Індыі, піша «Еўрапейская праўда».

Зяленскі паведаміў, што па судне ўдарылі два расійскія беспілотнікі. Паводле папярэдняй інфармацыі, загінуў капітан, а лёс яшчэ аднаго чалавека высвятляецца. Адзінаццаць членаў экіпажа ўдалося выратаваць, адзін з іх атрымаў раненні.
Украінскі прэзідэнт заявіў, што Украіна ўжо неаднаразова прапаноўвала канкрэтныя меры для дээскалацыі і гарантавання бяспекі суднаходства ў Чорным моры. Адпаведныя прапановы, паводле яго слоў, паступалі і ад іншых краін. Ён абвінаваціў Расію ў тым, што яна замест нармальнага суднаходства працягвае атакаваць цывільныя судны, і заклікаў да міжнароднага ціску дзеля аднаўлення глабальнай харчовай бяспекі.
Пры гэтым раней румынскія ўлады паведамлялі пра двух загінулых у выніку гэтай атакі, таму інфармацыя пра колькасць ахвяр на момант публікацыі заставалася рознай.
На фоне атакі працягваюцца міжнародныя намаганні па аднаўленні бяспечнага гандлёвага маршруту ў Чорным моры. Высокая прадстаўніца ЕС па замежных справах Кая Калас заклікала спрыяць аднаўленню гэтага маршруту. Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што Анкара ўзмацняе дыпламатычныя намаганні дзеля аднаўлення экспарту збожжа праз Чорнае мора і атрымала ад Украіны станоўчы сігнал.
Таксама раней паведамлялася, што Турцыя і ААН плануюць новыя перамовы паміж Расіяй і Украінай наконт перамір'я ў Чорным моры. Мэта гэтых намаганняў — аб'яднаць розныя ініцыятывы для абароны паставак збожжа на фоне значнага росту сусветных цэн на харчаванне.
Каментары