Грамадства1010

Кіеў пачаў аддзяляць беларусаў ад Лукашэнкі. Калі гэта зменіць жыццё беларусаў ва Украіне?

Некалькі дзясяткаў беларускіх добраахвотнікаў загінулі, абараняючы Украіну. Іх называюць галоўным мостам паміж двума народамі і самым пераканаўчым доказам таго, што беларусы — гэта не Лукашэнка. Але нават пасля некалькіх гадоў поўнамаштабнай вайны пытанне палітычнага прызнання беларускіх добраахвотнікаў і іх сем'яў ва Украіне застаецца нявырашаным. Як і праблемы з легалізацыяй, з якімі сутыкаюцца беларусы, што жывуць у краіне.

Святлана Ціханоўская і Уладзімір Зяленскі, Кіеў, 26 мая 2026. Фота: Наша Ніва

На палітычным узроўні 2026 год выглядае амаль прарыўным. Святлана Ціханоўская ўпершыню прыехала ва Украіну з афіцыйным візітам і сустрэлася з Уладзімірам Зяленскім. У Кіеве пры падтрымцы ўкраінскага МЗС прайшоў пяты Форум Астрожскіх, які сабраў палітыкаў, экспертаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці дзвюх краін. Публічных кантактаў стала больш. Украінскія ўлады пачалі выразней аддзяляць беларускі рэжым ад беларусаў.

Цяпер галоўнае пытанне: ці ператворыцца палітычнае збліжэнне ў рашэнні, якія адчуюць людзі.

Пакуль што яно амаль не адчуваецца ў штодзённым жыцці. Беларускія добраахвотнікі ўсё яшчэ чакаюць зразумелага прызнання свайго ўдзелу ў абароне Украіны, а валанцёры і іншыя беларусы — ясных правілаў легалізацыі. Пра тое, як мяняюцца адносіны паміж беларусамі і ўкраінцамі і што дагэтуль перашкаджае іх збліжэнню, эксперты разважалі на брыфінгу 5 кастрычніка.

У 2020 годзе ва Украіне яшчэ сімпатызавалі Лукашэнку

Да цяперашняга дыялогу бакі ішлі праз амаль поўны правал адносін. Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка нагадвае: у 2020‑2021 годзе ва Украіне ўсё яшчэ захоўваўся параўнальна спрыяльны вобраз Лукашэнкі. Беларускія дэмакратычныя сілы мелі там мала кантактаў, а ўкраінская экспертыза па Беларусі была абмежаванай.

Поўнамаштабнае расійскае ўварванне змяніла ўсё. У лютым 2022 года расійскія войскі ўвайшлі ва Украіну ў тым ліку з беларускай тэрыторыі. Рэйтынг Лукашэнкі абваліўся, а Беларусь пачалі ўспрымаць як краіну-суагрэсарку. Падазронасць і варожасць адчувалі на сабе і звычайныя беларусы.

Афіцыйны Кіеў пры гэтым працяглы час пазбягаў паўнавартасных кантактаў з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Спатрэбіліся гады кантактаў, інфармацыйнай працы, валанцёрскіх ініцыятыў і публічных мерапрыемстваў, каб у Кіеве пачалі выразней бачыць: паміж рэжымам і грамадствам ёсць мяжа. Важную ролю тут адыгралі не толькі палітыкі.

Наймацнейшы аргумент беларусаў — людзі на фронце

Беларускія добраахвотнікі паказалі розніцу паміж народам і рэжымам — уласным удзелам у вайне.

Дырэктар кіеўскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда называе іх «носьбітамі духу добрасуседства». Аднак Украіна пакуль канчаткова не вызначылася з іх палітычным статусам.

«Праблема палітычнай легітымацыі беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне стаіць дастаткова востра», — прызнае Магда.

Кіеў пытае: што вы можаце зрабіць для нашай бяспекі?

Паварот у палітычных адносінах сапраўды адбыўся. Паводле трэцяга Індэкса беларуска-ўкраінскіх адносін, які прадставіў Магда, агульныя паказчыкі выраслі менавіта за кошт супрацоўніцтва Кіева з дэмакратычнымі сіламі. Адносіны з афіцыйным Мінскам застаюцца фактычна замарожанымі.

Але стаўленне Кіева да дэмакратычных сіл, прагучала падчас брыфінгу, шмат у чым вызначаецца тым, наколькі яны здольныя ўплываць на бяспеку Украіны. Што беларусы могуць зрабіць ужо цяпер, каб паменшыць пагрозу, якая ідзе з тэрыторыі Беларусі?

Франак Вячорка называе тры кірункі: падтрымка добраахвотнікаў і валанцёраў, інфармацыйныя кампаніі ў падтрымку беларускіх ваяроў і выкарыстанне беларускага пытання для міжнароднай адвакацыі Украіны.

Беларускія эксперты прапануюць яшчэ адзін рэсурс — сваю экспертызу, веданне Расіі і працэсаў у Саюзнай дзяржаве. Яны могуць тлумачыць, як Масква паглынае Беларусь, што адбываецца ў ваеннай сферы і якія пагрозы могуць узнікнуць для рэгіёна. Беларускія незалежныя медыя могуць працягваць працаваць з грамадствам унутры краіны і супрацьстаяць уцягванню беларусаў у вайну.

Сустрэчы ёсць, а ўпэўненасці ў заўтрашнім дні няма

Пакуль палітыкі гавораць пра новую мадэль адносін, беларусы ва Украіне сутыкаюцца з куды больш прыземленымі праблемамі: дакументамі, легалізацыяй і няпэўнасцю свайго міграцыйнага статусу.

Франак Вячорка называе вырашэнне гэтых пытанняў прыярытэтам нумар адзін. Толькі пасля гэтага, на яго думку, можна будзе гаварыць пра новыя праекты і новы ўзровень супрацоўніцтва. Гэта і ёсць галоўная праверка цяперашняга збліжэння.

Сустрэча з Уладзімірам Зяленскім мае вялікае сімвалічнае значэнне. Прызначэнне асобнага ўкраінскага прадстаўніка па беларускім пытанні стварае канал для сістэмнай працы. Але чалавек, які не ведае, ці здолее працягнуць дакументы і застацца ў краіне, наўрад ці адчуе на сабе гэты дыпламатычны прарыў.

Украінскія падлеткі могуць ведаць Беларусь толькі як кірунак, адкуль прыйшлі войскі

Ёсць і яшчэ адна праблема. Паводле даследавання, прадстаўленага дырэктарам «Палітычнай сферы» Андрэем Казакевічам, старэйшыя ўкраінцы ў сярэднім лепш ставяцца да беларусаў. Яны больш ведаюць пра Беларусь, часцей мелі асабісты досвед кантактаў і памятаюць адносіны паміж людзьмі да вялікай вайны.

У маладых украінцаў такой памяці няма. Калі сённяшняму старшакласніку было дванаццаць, з тэрыторыі Беларусі на Кіеў пайшлі расійскія войскі. Цяпер яму шаснаццаць, і амаль усё яго свядомае падлеткавае жыццё прайшло ва ўмовах вайны. Беларусь для яго можа быць перадусім кропкай на мапе, адкуль прыйшла небяспека. Асабіста беларусаў ён мог ніколі не сустракаць.

Праз некалькі гадоў гэтыя людзі стануць дарослымі, будуць галасаваць, працаваць у дзяржаўных установах, медыя і грамадзянскім сектары. Іх стаўленне да Беларусі будзе ўплываць на адносіны паміж краінамі значна даўжэй, чым цяперашнія палітычныя дамоўленасці.

Эксперты адзначаюць: патрэбныя супольныя беларуска-украінскія адукацыйныя праграмы, моладзевыя летнікі, культурныя праекты, музыка і нават камп’ютарныя гульні. Усё, што дазваляе ўкраінцу ўбачыць за словам «Беларусь» не Лукашэнку і расійскія танкі, а канкрэтнага чалавека.

Беларуская прапаганда працуе там, дзе няма асабістага досведу. Паводле Казакевіча, каля пятай часткі апытаных украінцаў сутыкаліся з матэрыяламі беларускіх дзяржаўных медыя. Калі незалежная Беларусь застаецца нябачнай, яе месца займае рэжым і ягоны голас.

Каментары10

  • Ё
    05.10.2026
    Наша Ніва сама нічога не піша пра беларускія мерапрыемствы ва Украіне. ПКК іх арганізоўвае ледзь не кожны месяц. Але ў нашых медыя-маўчок. Толькі пасля некалькіх заўваг, НН са скрыпам распавяла пра выставу ў Лаўры. Затое пра Звягінцава і Васэрмана -калі ласка.
  • Жвір
    05.10.2026
    Гэта ўжо вынік працы Ціханоўскай, які ня можна не заўважыць. Праўда, Жора і Сярожа, ціпа тожа...
  • толькі статыстыка
    05.10.2026
    Некалькі дзясяткаў беларусаў загінулі за Украіну, а некалькі соцень беларусаў забітыя (альбо палонныя), што ваявалі супраць Украіны ў складзе расійскіх войскаў.
    З гэтае статыстыкі ўкраінцы таксама робяць высновы.

Цяпер чытаюць

Падпалкоўніка з факультэта вайсковай разведкі судзяць за «здраду дзяржаве» па справе, якая выглядае палітычнай. Што пра яго вядома?6

Падпалкоўніка з факультэта вайсковай разведкі судзяць за «здраду дзяржаве» па справе, якая выглядае палітычнай. Што пра яго вядома?

Усе навіны →
Усе навіны

У Германіі ўшчэнт п'яны малады беларус-бяспраўнік збіў матацыкліста і ўцёк5

Пуцін змяніў «план перамогі»: замест прарыву на фронце — вайна гарадоў35

Пілот Flydubai хацеў разбіць самалёт аб тэрмінал аэрапорта ў Тэль-Авіве2

У Расіі магчымая ўспышка чумы. Нават Белы дом сочыць за сітуацыяй18

Беларусь адправіла партыю калію ў ЗША11

Маладую маці з Пінска асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»4

У вадаёмах Беларусі распаўсюджваюцца медузы

Хто з беларускіх бізнэсаў увайшоў у топ-501 найбуйнейшых кампаній Латвіі1

Як на ўскраіне Мінска будуецца квартал панэльных таўнхаусаў ФОТЫ3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Падпалкоўніка з факультэта вайсковай разведкі судзяць за «здраду дзяржаве» па справе, якая выглядае палітычнай. Што пра яго вядома?6

Падпалкоўніка з факультэта вайсковай разведкі судзяць за «здраду дзяржаве» па справе, якая выглядае палітычнай. Што пра яго вядома?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць