На Форуме Астрожскіх у Кіеве абмеркавалі праблемы беларусаў ва Украіне
Былі таксама абмеркаваныя захады, якія робяцца, каб выправіць сітуацыю і навошта ўвогуле Украіне беларусы.

Галоўная праблема беларусаў ва Украіне — гэта дыскрымінацыя, прыйшлі да высновы ўдзельнікі Форуму князёў Астрожскіх на дыскусіі «Беларусы ва Украіне: саюзнікі, замежнікі ці супольнасць без вызначанага статусу?» ў Кіеве 18 верасня. Яны абмеркавалі захады, якія робяцца, каб выправіць сітуацыю і навошта ўвогуле Украіне беларусы, піша Белсат.
У дыскусіі прынялі ўдзел праграмны дырэктар Цэнтру грамадзянскіх свабод Уладзімір Яворскі; прадстаўніца фонду «Байсол», актывістка, валанцёрка Марыя Анімія; дырэктар дабрачыннага фонду «Людина і право» Барыс Захараў, а таксама сузаснавальніца грамадскай ініцыятывы «Дзея.Кіеў», валанцёрка Арына Коршунава. Анлайн падключаўся дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны, старшыня Чарнаморскага форуму па бяспецы Аляксей Ганчарэнка.
З якімі праблемамі беларусы сутыкаюцца часцей за ўсё?
Паводле прысутных на дыскусіі, ва Украіне іншаземцы агулам сутыкаюцца з дыскрымінацыяй, у прыватнасці гэта тычыцца легалізацыі і атрымання розных дакументаў.
Прадстаўніца «Байсол» адзначыла, што найчасцей беларусы, якія не ваююць, звяртаюцца ў арганізацыю менавіта з праблемай легалізацыі. Яна звярнула ўвагу на пастанову Кабінета Міністраў Украіны №141, згодна з якой замежнікі да 4 жніўня мусілі абнавіць часовыя дазволы на жыхарства. Зрабіць гэта можна толькі з пашпартам, а ў некаторых беларусаў тэрмін дзеяння дакумента скончыўся. Такім чынам, гэтыя людзі лічацца нелегаламі.
«То-бок што ім рабіць? Калі ў Беларусь вяртацца, то ўсе мы ведаем, што будзе. Тут заставацца нелегаламі без працы, без рахунка, без магчымасці з'ехаць кудысьці за мяжу? Гэта вялікая праблема. Гэта самае частае пытанне, якое нам задаюць. Адказу на яго ў нас няма. Таму мы чакаем, калі нейкія законапраекты запрацуюць, калі нешта новае прымуць, але людзей гэта ніяк не абараняе менавіта цяпер», — падкрэсліла Марыя Анімія.
На другім месцы праблема з банкаўскімі рахункамі — пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Нацбанк краіны забараніў банкам абслугоўваць беларусаў і расейцаў.
«Ты не маеш магчымасці адкрыць рахунак, зарабляць грошы, працаваць, укладваць грошы ва ўкраінскую эканоміку, што было б вельмі добра. Людзі ўвесь час звяртаюцца: можа, нешта змянілася, можа, нешта адкрылася, але не. Таму гэта топ з усіх пытанняў, якія прыходзяць у наш фонд. Я цяпер не кажу пра вайскоўцаў, бо там ёсць свае нюансы», — сказала Марыя Анімія.
Для вайскоўцаў могуць прыняць добрыя змены
Уладзімір Яворскі расказаў пра падрабязнасці ўкраінскага законапраекта №15585 «Аб унясенні змяненняў у некаторыя законы Украіны адносна ўдакладнення прававога статусу замежнікаў і асоб без грамадзянства, якія прымаюць удзел у абароне тэрытарыяльнай цэласнасці і недатыкальнасці Украіны».
«Я, акрамя Цэнтру грамадзянскіх свабод, яшчэ прадстаўляю грамадскую арганізацыю «Ланка», якая займаецца рэабілітацыяй вайсковых, ветэранаў. І ўласна ў гэтай арганізацыі ўзнікла ідэя рабіць гэты законапраект даволі даўно, таму што мы сустракаліся з многімі выпадкамі дыскрымінацыі», — сказаў Яворскі.
Паводле яго, законапраект прапануе шэраг рэчаў для вайскоўцаў і іхных сем’яў. Сярод іх — памяншэнне тэрмінаў па легалізацыі ва Украіне. Яшчэ ўпершыню ва Украіне ствараецца такое паняцце як праязны дакумент для замежнікаў. Гэта дапамагло б тым, хто не мае дзейнага пашпарту.
«Цяпер мы патрабуем, каб там быў проста рэестр, выпіска з рэестра, як адзін дакумент, які патрэбны для таго, каб атрымаць уласна легалізацыю, — сказаў Яворскі. — У прынцыпе мы хацелі б значна большага. І паміж першым і другім чытаннем у парламенце, калі яны будуць, можна будзе спрабаваць устаўляць туды яшчэ добрыя нормы».
Пры гэтым законапраект не вырашае пытанняў з банкаўскімі рахункамі. На думку Яворскага, гэта ўвогуле незаконна:
«Гэтыя рэчы, якія Нацбанк увёў, могуць уводзіцца толькі ў дачыненні да грамадзян краіны-агрэсара. Беларусь ніколі не прызнавалася краінай-агрэсарам юрыдычна».
Нават у дачыненні да расейцаў такая мера не апраўданая, мяркуе ён, і трэба праводзіць індывідуальныя праверкі, ці можна адкрываць рахунак чалавеку.
Агулам, на яго думку, Украіне бракуе сістэмнай палітыкі адносна іншаземцаў.
«Бязмежжа, якое прыводзіць да такіх жахлівых выпадкаў, як з Васілём Верамейчыкам»
Барыс Захараў адзначае, што ёсць мноства праблем, якія звязаныя з дыскрымінацыяй менавіта па грамадзянстве. Гэта датычыць і беларусаў, і расейцаў.
«Не можа быць дыскрымінацыі па грамадзянстве, могуць быць грамадзяне дзяржавы-агрэсара, якія ваююць за Украіну, падтрымліваюць Украіну. Таму выключна павінен быць індывідуальны падыход.
З пункту гледжання бяспекі, вядома, як сказаў спадар Уладзімір, калі ёсць падставы для праверкі, праверка павінна быць праведзеная. Але ўсе гэтыя рэчы павінны адбывацца абсалютна празрыста і ў адпаведнасці з заканадаўствам, якога ў нас у гэтым сэнсе няма фактычна. У нас проста бязмежжа, якое прыводзіць да такіх жахлівых выпадкаў, як з Васілём Верамейчыкам (былы баец палка Каліноўскага, які цяпер за кратамі ў Беларусі)», — падкрэсліў Захараў.
Ён адзначыў, што беларусы, якія жывуць ва Украіне — гэта пераважна ці тыя, хто ваююць за Украіну, ці тыя, хто выступаюць супраць менскіх уладаў і таксама падтрымліваюць Украіну.
«Ім трэба сказаць проста «за нашу і вашу свабоду» і даць магчымасць інтэгравацца ва ўкраінскае грамадства, каб разам з намі абараняцца ад агрэсіі пасля змяніць рэжым у самой Беларусі», — дадаў Барыс Захараў.
Арына Коршунава, якая валанцёрыла ва Украіне ад пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі, падзякавала ўсім, хто працуе над тым, каб палепшыць умовы для беларусаў ва Украіне:
«Экзістэнцыйны крызіс пасля прамоваў папярэдніх, можа, у кагосьці настаў, але я, жывучы тут, бачачы пазітыўныя змены, дзякую вам».
Яна адзначыла, што Украіне патрэбныя людзі, і па ўласных знаёмых яна бачыць, што ёсць тыя, хто думаюць, як прыехаць ва Украіну і зрабіць штосьці на яе карысць.
«Разумею, што гэта адзінкавыя гісторыі, але тым не меней. Можа быць, пасля такой увагі да форуму ў гэтым годзе можам спадзявацца, што палітычная воля будзе скіраваная ў гэты бок, і беларусам спрасціцца працэдура ўезду сюды, і, можа быць, нешта зменіцца з рахункамі, таму што без рахункаў, як сказалі дзяўчаты, вельмі часта цяжка ўкладацца ў эканоміку, а навошта мы тут, калі не для эканомікі і нейкай адбудовы?», — рэзюмавала Арына Коршунава.
Каментары