«Трамп закрыў YouTube у Амерыцы? Не». Міністр інфармацыі выказаўся пра магчымасць блакавання YouTube у Беларусі
Міністр інфармацыі Беларусі Дзмітрый Жук у эфіры праграмы «Клуб рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь 1» выказаўся пра магчымасць блакавання YouTube у Беларусі ў адказ на новыя выдаленні каналаў беларускіх прапагандыстаў.

Па словах Жука, у гэтай сітуацыі важна ўлічваць некалькі момантаў. Ён заявіў, што Беларусь, на яго думку, спрабуюць справакаваць на пэўныя дзеянні, і было б «вялікай памылкай» рабіць тое, на што яе падштурхоўваюць.
«Першы аспект, які нам трэба разумець, — нас правакуюць на пэўныя крокі. І будзе найбольшай памылкай паддацца на правакацыю і зрабіць тыя крокі, на якія нас правакуюць», — гаворыць Дзмітрый Жук.
Міністр назваў YouTube «недружалюбнай платформай» і заявіў, што дзеянні платформы з прававога і іншых пунктаў гледжання ён лічыць «чыстым пірацтвам».
Пры гэтым Жук адзначыў, што беларускія дзяржаўныя СМІ нібыта навучыліся працаваць у такіх умовах і захоўваюць сваю аўдыторыю. Паводле яго, рашэнні адносна інфармацыйнай сферы трэба прымаць зыходзячы з інтарэсаў дзяржавы і патрэб грамадства, а не пад ціскам знешніх абставін.
Гаворачы пра блакаванні і выдаленні кантэнту, Жук прывёў у прыклад прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Ён нагадаў, што YouTube выдаліў яго канал, пасля чаго ў судовым працэсе з платформы былі спагнаныя значныя сродкі.
«Трамп закрыў YouTube у Амерыцы? Не», — сказаў міністр.
Раней у падобным стылі Дзмітрый Жук выказваўся пра магчымасць блакавання ў Беларусі Youtube у красавіку, неўзабаве пасля свайго прызначэння.
Каментары