Навука і тэхналогіі55

Навукоўцы дадалі ў бетон чалавечыя фекаліі. Вынік здзівіў

Навукоўцы дадавалі перапрацаваныя адкіды жыццядзейнасці чалавека ў бетон і выявілі, што яго трываласць можа павялічыцца на 42%. Праўда, усё залежыць ад прапорцый. Пра эксперымент індыйскіх даследчыкаў піша ScienceAlert.

На здымку: a) біявугаль, атрыманы з чалавечых фекалій; b) біявугаль пасля здрабнення і прасейвання. Фота: матэрыялы навуковага артыкула

Бетон з'яўляецца адным з асноўных будаўнічых матэрыялаў сучаснага свету. Але вытворчасць аднаго з яго галоўных кампанентаў, цэменту, звязаная з вялікімі выкідамі вуглякіслага газу. Таму навукоўцы шукаюць матэрыялы, якімі можна было б замяніць хаця б частку цэменту і пры гэтым не пагоршыць уласцівасці бетону.

Каманда навукоўцаў з Універсітэта Маніпала ў Джайпуры прапанавала даволі незвычайны варыянт. Даследчыкі вырашылі выкарыстаць для гэтага чалавечыя фекаліі. Зразумела, у бетон іх дадавалі не ў першапачатковым выглядзе.

Што зрабілі з адкідамі

Для эксперыменту даследчыкі выкарысталі асадак чалавечых фекалій з ачышчальнай станцыі ў індыйскім Варангале. Спачатку яго высушылі, а затым нагрэлі пры тэмпературы ад 350 да 450 градусаў Цэльсія ва ўмовах з нізкім утрыманнем кіслароду. Такі працэс называецца піролізам і дазваляе ператварыць арганічную сыравіну ў багаты вугляродам матэрыял, які называюць біявугалем.

Атрыманы біявугаль здрабнілі і прасеялі да стану дробнага парашку. Ім замянілі частку цэменту ў бетоннай сумесі. Даследчыкі падрыхтавалі некалькі варыянтаў, у якіх доля біявугалю складала 5%, 10% і 15% ад колькасці цэменту.

Затым даследчыкі праверылі, наколькі трывалымі атрымаліся ўзоры, а таксама вымералі іх усаджванне, паглынанне вады і порыстасць.

На 42% больш трывалы. Але ёсць нюанс

Узоры бетону з біявугалем, падрыхтаваныя для выпрабаванняў на трываласць. Крыніца: матэрыялы навуковага артыкула

Праз 91 дзень у сумесі з 5% біявугалю трываласць пры сцісканні павялічылася ў сярэднім на 20%, а пры выгіне — на 36%.

У сумесі, дзе замянілі 10% цэменту, гэтыя паказчыкі былі яшчэ большымі: 21% і 42% адпаведна.

Аднак большая колькасць біявугалю не азначала лепшага выніку. Калі яго доля дасягала 15%, бетон хоць і працягваў набіраць трываласць з часам, але ў цэлым саступаў сумесям з 5% і 10%.

Даследчыкі таксама выявілі, што бетон з 5% біявугалю паглынаў менш вады, меў меншую порыстасць і даваў меншую ўсадку, чым звычайны бетон. Пры 10% гэтыя паказчыкі былі ў цэлым супастаўныя са звычайным бетонам.

Чаму біявугаль можа ўмацоўваць бетон

Навукоўцы прапануюць некалькі тлумачэнняў такога эфекту. Порыстая структура біявугалю дазваляе яму ўтрымліваць ваду і паступова аддаваць яе падчас зацвярдзення бетону. Гэта можа спрыяць працэсам, неабходным для набору трываласці.

Акрамя таго, біявугаль змяшчае крэменязём, які можа ўступаць у рэакцыі з кампанентамі цэменту і спрыяць утварэнню дадатковых сілікатаў кальцыю. Дробныя часцінкі біявугалю таксама запаўняюць прамежкі паміж іншымі кампанентамі сумесі.

Мікраскапічны аналіз пацвердзіў гэтую карціну. У бетоне з 5% біявугалю структура была больш шчыльнай, а ў сумесі з 15% даследчыкі выявілі больш пор, расколін і ўчасткаў са слабейшым счапленнем.

Выпрабаванне бетонных узораў з біявугалем на выгіб. Крыніца: матэрыялы навуковага артыкула

Будаваць дамы з такога бетону пакуль рана

Аднак да выкарыстання такога бетону ў рэальным будаўніцтве яшчэ далёка. Даследчыкі пакуль не правяралі, як ён паводзіць сябе пры замярзанні і адтаванні, уздзеянні соляў і экстрэмальных тэмператур.

Ёсць і яшчэ адно важнае пытанне. Асадак сцёкавых вод можа ўтрымліваць цяжкія металы. Пакуль невядома, ці застануцца яны надзейна звязанымі ў бетоне на працягу доўгага часу або змогуць паступова трапляць у навакольнае асяроддзе.

Таксама даследаванне не ацэньвала, наколькі выкарыстанне біявугалю з чалавечых фекалій сапраўды можа скараціць ці павысіць выкіды вуглякіслага газу. Тэарэтычна тэхналогія дазваляе адначасова выкарыстоўваць адкіды і памяншаць колькасць неабходнага цэменту, але экалагічны эфект яшчэ трэба асобна вывучыць.

Каментары5

  • Хаттабыч
    20.09.2026
    Таксама можна дадаваць да кебабау́ да піц , да рыжу , да марскіх вожыкау́ і да саляры .
  • Дзікпікавіч
    20.09.2026
    Трэба пераняць крэпкім хазяйственікам
  • bro
    20.09.2026
    Хахаха. А награванне для піролізу вугляроднага следу ня мае?

Цяпер чытаюць

У СІЗА КДБ адшукаўся падпалкоўнік Зара, якога сілавікі лічаць аналітыкам Сахашчыка. Як ён апынуўся ў Беларусі — невядома14

У СІЗА КДБ адшукаўся падпалкоўнік Зара, якога сілавікі лічаць аналітыкам Сахашчыка. Як ён апынуўся ў Беларусі — невядома

Усе навіны →
Усе навіны

Ці павінны беларусы несці адказнасць за вайну? Новае апытанне настрояў украінцаў27

ЗША і Данія абвясцілі аб пагадненні па Грэнландыі7

35 гадоў таму бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі сімваламі27

Костку маладога маманта знайшлі ў Мікашэвічах3

Ціханоўская шчыра расказала пра хваробу сына і нябачную працу жанчын. «Дзесяць гадоў свайго жыцця я прысвяціла яму і яго рэабілітацыі»18

У Беларусі з'явілася новая гандлёвая сетка Oliva2

У вышук абвясцілі магілёўскага дэпутата і прадзюсара. З ім за мяжу з'ехала вядучая дзяржаўнага тэлеканала22

Скандал са спартсменкай, у якой падчас спаборніцтваў пачалася дыярэя — яна выйграла гонку, але пасля адмовілася ад перамогі14

Мужчыну з-пад Жлобіна, які жыў у Расіі, асудзілі за палітыку і інтым з непаўналетняй асобай2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У СІЗА КДБ адшукаўся падпалкоўнік Зара, якога сілавікі лічаць аналітыкам Сахашчыка. Як ён апынуўся ў Беларусі — невядома14

У СІЗА КДБ адшукаўся падпалкоўнік Зара, якога сілавікі лічаць аналітыкам Сахашчыка. Як ён апынуўся ў Беларусі — невядома

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць