Міжнародны саюз біятланістаў (IBU) пацвердзіў, што беларускія і расійскія біятланісты не будуць дапушчаныя да міжнародных спаборніцтваў у сезоне 2026/27. Рашэнне прынялі на кангрэсе IBU ў нямецкім Берхтэсгадэне.

Спецыяльная маніторынгавая група IBU не знайшла істотных змен, якія маглі б стаць падставай для вяртання беларускіх і расійскіх зборных. Расійскія дакументы аб выкананні неабходных умоў таксама прызналі неадпаведнымі.
Пазіцыя гэтай федэрацыі не вельмі тыповая для апошняга часу. Пасля змены рэкамендацый Міжнароднага алімпійскага камітэта ў маі 2026 года шэраг міжнародных федэрацый ужо вярнуў беларускіх спартсменаў да спаборніцтваў. Сярод іх — федэрацыі барацьбы, бокса, валейбола, гімнастыкі, гандбола, тэніса, шахмат і іншых відаў спорту.
У хакеі беларусаў дапусцілі толькі да трох турніраў сезона 2026/27, але не да галоўнага мужчынскага чэмпіянату свету і моладзевага чэмпіянату свету. У скалалажанні і тэнісе дазволеныя толькі індывідуальныя выступленні ў нейтральным статусе.
У той жа час Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі па-ранейшаму цалкам не дапускае беларускіх спартсменаў да сваіх спаборніцтваў.
Каментары