Цыгарэта дапамагае сацыялізавацца? Вялікае даследаванне паказала адваротнае
Цыгарэта з калегамі падчас перапынку ці размова ў курылцы часта ўспрымаюцца як спосаб наладзіць кантакт. Аднак вялікае даследаванне з удзелам больш як 50 тысяч чалавек паказала іншае. Курцы адчувалі сябе больш самотнымі, чым тыя, хто не курыў, а з часам гэтая розніца павялічвалася.

Пра шкоду курэння для здароўя вядома вельмі шмат, а вось яго сувязь з сацыяльным жыццём даследавалася значна менш. Прычым раней навукоўцы часцей задаваліся пытаннем, ці можа адзінота падштурхоўваць чалавека да курэння. Каманда навукоўцаў з Імперскага каледжа Лондана вырашыла паглядзець на сувязь з іншага боку. Пра вынікі даследавання, прадстаўленага на кангрэсе Еўрапейскага рэспіраторнага таварыства (ERS) у Барселоне, піша Medical Xpress.
Да гэтага даследчыкі ўжо назіралі за паджылымі людзьмі ў Англіі і выявілі, што курцы з часам станавіліся больш самотнымі і сацыяльна ізаляванымі. Аднак заставалася незразумелым, ці не тлумачыцца гэта асаблівасцямі брытанскага грамадства. Таму цяпер навукоўцы вырашылі праверыць, ці назіраецца такая сувязь у іншых краінах.
Яны прааналізавалі звесткі больш як 50 тысяч чалавек з 15 краін, якія ўдзельнічалі ў еўрапейскім даследаванні здароўя і старэння SHARE. Сярэдні век удзельнікаў складаў 67 гадоў, 22% з іх на пачатку даследавання курылі, а 48,5% мелі больш за два хранічныя захворванні.
Узровень адзіноты ацэньвалі з дапамогай шкалы адзіноты UCLA. Яна ўлічвае, як часта чалавеку бракуе кампаніі, ён адчувае сябе пакінутым або ізаляваным ад іншых. Праз два гады ўдзельнікі зноў прайшлі такое ж апытанне.
Аказалася, што курцы ўжо на пачатку даследавання ў сярэднім адчувалі сябе больш самотнымі, чым людзі, якія не палілі. За наступныя два гады адчуванне адзіноты ў іх таксама ўзмацнялася хутчэй. Сувязь захоўвалася і пасля таго, як даследчыкі ўлічылі век, пол і іншыя чыннікі.
Пры гэтым паміж рознымі рэгіёнамі Еўропы выявілі толькі невялікія адрозненні. Гэта сведчыць, што вынік папярэдняга брытанскага даследавання наўрад ці можна растлумачыць толькі мясцовымі культурнымі асаблівасцямі.
У чым прычына?
Даследчыкі прапануюць некалькі магчымых тлумачэнняў. Адно з іх звязанае са здароўем. Хранічныя захворванні, выкліканыя або пагоршаныя курэннем, могуць абмяжоўваць рухомасць чалавека і ўскладняць удзел у сацыяльным жыцці.
Другі магчымы чыннік звязаны са зменай стаўлення грамадства да курэння. Забароны на паленне ў грамадскіх месцах і нежаданне людзей дазваляць курыць дома могуць скарачаць колькасць сітуацый, у якіх курцы камфортна праводзяць час разам з іншымі.
Аднак гэтыя тлумачэнні пакуль застаюцца гіпотэзамі. Даследаванне было назіральным, таму яго вынікі не даказваюць, што менавіта курэнне выклікае адзіноту. Яны паказваюць сувязь: сярод даследаваных людзей курцы былі больш самотнымі, а з цягам часу адчуванне адзіноты ў іх нарастала хутчэй.
На думку экспертаў, гэтыя вынікі ставяць пад сумнеў распаўсюджанае ўяўленне пра курэнне як пра спосаб сацыялізацыі. Пры гэтым яны падкрэсліваюць, што гэта не павінна станавіцца падставай для стыгматызацыі курцоў. Наадварот, важна падтрымліваць людзей, якія хочуць кінуць паліць.
Каментары