Кацярына Маскалёва вось ужо дзесяць гадоў вырошчвае рэдкія сарты таматаў і спыняцца не плануе. Больш таго, захапілася селекцыяй і марыць вывесці свой аўтарскі сорт, піша выданне Times.by.

Кацярына жыве ў Карме Чачэрскага раёна. Таматы яна вырошчвае так, як іншыя збіраюць манеты або паштовыя маркі — з азартам, сістэмай і любоўю да рэдкасцяў. Запыты на насенне да яе прыходзяць з Расіі, Эстоніі, Германіі, Аўстрыі, Латвіі, Польшчы, Турцыі і нават Амерыкі.
У мінулым годзе кармянка вырашыла часова пакінуць работу ў школе і цяпер цалкам прысвячае сябе таматам, расадзе, здымцы відэа і кансультацыям падпісчыкаў.
Times.by пабываў у цяпліцах, паслухаў парады вопытнай агародніцы і даведаўся пра яе далейшыя планы.

Пяць цяпліц Кацярыны Маскалёвай
Усё пачалося ў 2016 годзе са звычайнай цікаўнасці. Настаўніца біялогіі ўбачыла ў «Аднакласніках» таматы незвычайнай формы і колеру. Аказалася, гэта калекцыйныя сарты, у магазінах такіх не знайсці. Не ўстаяла, звязалася з аўтарам пастоў, купіла насенне адразу 60 сартоў, вырасціла першы ўраджай і ўцягнулася.
Сёння на невялікім участку стаяць пяць вялікіх цяпліц, частка зямлі пакінутая пад адкрыты агарод. У сезон Кацярына высаджвае 300 сартоў і кожны год стараецца асабліва не паўтарацца. Памеры пладоў — ад малюсенькіх, з вінаградзіну, да велізарных, вагой да 1,5 кілаграма. Сярод іх ёсць і правераныя часам узоры, і свежыя навінкі ад вядомых селекцыянераў Брэда Гейтса, Сафіі Саакавай, Джэйсана Хайнса і іншых.
«Неабавязкова мець шмат зямлі, каб вырошчваць усю гэту прыгажосць. Часам я думаю: добра, што ў нас толькі шэсць сотак, а то б не справілася», — смяецца Кацярына.

У кожнай цяпліцы — не менш за 100 кустоў, па два на сорт. У лунках і на вяроўках — запіскі і таблічкі з назвамі, сярод якіх — «Сяржант Пепер», «Вогненная камета Сафіі», «Звар'яцелыя вішні Бары», «Атамны вінаград Брэда»…
У першай цяпліцы растуць навінкі і яе асабістыя эксперыменты. У другой — гном-таматы, якія, паводле слоў гаспадыні, можна вырошчваць нават у гаршках.
«Гном-таматы непатрабавальныя, ураджайныя, устойлівыя да розных умоў. Хто не ўмее вырошчваць расаду — бярыце іх. Яны ніколі не выцягнуцца, дзе б вы іх ні трымалі, нават з недахопам сонца».

Трэцяя цяпліца адведзена пад буйнаплодныя. У асноўным гэта біф-таматы з мясістай, цукрыстай мякаццю. Назва паходзіць ад англійскага beef («ялавічына»).
«На разрэзе такія таматы сапраўды нагадваюць сакавіты кавалак біфштэксу — у іх цвёрдая, зярністая структура з мноствам дробных насенных камер», — апісвае суразмоўца.

У чацвёртай цяпліцы расце экзотыка з акцэнтам на сарты ўкраінскага селекцыянера-аматара Феадосія Тарасенкі.
«Гэта мой кумір. Ён таксама быў школьным настаўнікам, жыў і ствараў у пасёлку Варонеж Сумскай вобласці, памёр у 1996 годзе. Усе сарты, выведзеныя ім, — высакарослыя, ліянападобныя, з моцнай надземнай часткай і такім жа карэнішчам. Вельмі ўраджайныя», — расказвае Кацярына.
У апошняй цяпліцы адна палова аддадзена таксама гігантам і гібрыдам, другая — лінейцы «Сяржанта Пепера».
«Сорт быў выведзены ў ЗША, і селекцыянер, хутчэй за ўсё, быў фанатам «Бітлз». Плады ў гэтага тамата мясістыя, сакавітыя, а знешне настолькі прыгожыя, што госці, бачачы іх на стале, заўсёды захапляюцца і просяць насенне», — кажа Кацярына.

Расада, грунт і падкормкі
Самымі першымі Кацярына высаджвае на расаду гаршковыя сарты — у канцы снежня — студзені. Сяўбой буйнаплодных займаецца ў лютым.
Фірмовых сакрэтаў наконт расады ў Кацярыны няма:
«Цуда-сродку не існуе. Патрэбныя якаснае насенне, правільны грунт, добрае асвятленне — прасторныя вокны або падсветка».
Расаду яна ніколі не падкормлівае. Выключэнне — калі бачыць, што пачынаюцца бутончыкі, а высаджваць саджанцы яшчэ рана: тады можна даць азафоску з класічнай формулай NPK 16:16:16.
«Грунт падбіраю так, каб у ім ужо былі ўсе элементы жыўлення. У кожную лунку дабаўляю багаты каліем драўняны попел і касцявую муку, у якой поўна фосфару і кальцыю. Попелам злоўжываць не трэба: рН грунту павінен заставацца нейтральным».

У цяпліцу таматы Кацярына высаджвае з 20 красавіка, у адкрыты грунт (а гэта яшчэ каля 50 кустоў) — у першых чыслах мая. Перад высадкай расаду абавязкова загартоўвае: трэба, каб на вуліцы саджанцы пастаялі хаця б 3—5 сутак.
«Мне часта задаюць пытанне: парайце самыя раннія ці самыя салодкія сарты. А я вось, шчыра, не ведаю, як на яго адказаць. Па вялікім рахунку ўсё залежыць ад умоў вырошчвання — глебы, тэмпературы, асветленасці, вільготнасці», — адзначае Кацярына.
Адно правіла, паводле яе слоў, працуе дакладна — высаджваць таматы ў цяпліцу або адкрыты грунт лепш пад вечар або ў пахмурнае надвор'е, калі начная тэмпература ўстановіцца вышэй за плюс 10 градусаў. У астатнім кармянка раіць па магчымасці прытрымлівацца месячнага календара.
Сакрэтаў у вырошчванні таматаў таксама асаблівых няма. Зрэзка пасынкаў, праполка, паліў, мінімум угнаенняў — вось і ўвесь догляд. Кацярына ўпэўненая: кожны дачнік справіцца, нават калі ў першы год і наробіць памылак.

Для паліву яна выкарыстоўвае ваду з бочак, палівае з лейкі пад кожны куст. Быў вопыт кропельнага паліву, але ад яго неўзабаве адмовілася.
«Калі не бачу, колькі вады трапіла пад кожны куст, пачынаю перажываць. Ды і капае ў той сістэме вада павольна. А я па натуры спрытная, мне трэба, каб усё было хутка і дакладна. Прыбрала «кропельніцы» і вярнулася да паліву з бочкі», — дзеліцца вопытам гаспадыня.

У ідэале паліваць таматы трэба раніцай, каб вада паспела глыбока ўвабрацца ў глебу. Паліў вечарам — гэта рызыка развіцця цвілі, мучністай расы і іншых грыбковых патагенаў. Сігнал пераўвільгатнення глебы — рост на сцябле шчоткі паветраных каранёў.
«Таксама памятаем, што лішак вільгаці — адна з прычын фітафтарозу. Мае цяпліцы з вясны да восені на скразным праветрыванні, а гэта найлепшая прафілактыка галоўных хвароб таматаў, — кажа Кацярына. — У мяне ўсё максімальна блізка да прыродных умоў».
Селекцыя таматаў у хатніх умовах
Цяпер у калекцыі Кацярыны 3000 сартоў, але праверыць у справе атрымалася пакуль толькі палову. Паводле яе слоў, усходжасць насення захоўваецца 5—6 гадоў, таму запас часу вырасціць астатнія сарты яшчэ ёсць.
За «памідорнай модай» яна сочыць, але без фанатызму. У апошнія гады сканцэнтравалася на стварэнні сваіх, аўтарскіх, сартоў.

«Пяць гадоў таму пачала займацца селекцыяй. Спачатку гэта былі нясмелыя спробы скрыжаваць сарты, цяпер усё ідзе значна хутчэй і смялей. На сёння ў мяне ўжо каля 100 «крыжоў», ёсць удалыя гібрыды пакаленняў F4 і F5. Гаварыць пра стабільны вынік, гэта значыць устойлівасць сорту, пакуль можна ў дачыненні толькі да шасці ўзораў», — прызнаецца суразмоўца.
Лічба каля літары F азначае, гібрыд якога пакалення перад намі. На многіх пакеціках з насеннем стаіць абазначэнне F1.
«З гібрыда першага пакалення звычайна вырастаюць таматы з прыкладна аднолькавымі характарыстыкамі, а вось у другім ужо адбываецца расшчапленне прыкмет — і часта вынік зусім не той, якога чакаюць дачнікі, — тлумачыць Кацярына. — Каб вывесці ўстойлівы сорт, селекцыянеру патрэбна мінімум сем гадоў. За гэты час гібрыд павінен з года ў год паўтарыць свае асноўныя якасці. Гэта карпатлівая работа, але вынік таго варты».
Вырашаючы, якія сарты скрыжоўваць, Кацярына зыходзіць з афарбоўкі, памеру і смаку таматаў, а таксама лекавых уласцівасцяў пладоў.
«Люблю эксперыментаваць з антацыянамі за іх незвычайныя фіялетавыя і амаль чорныя адценні. Да таго ж яны валодаюць мноствам карысных уласцівасцяў — умацоўваюць сасуды і запавольваюць старэнне клетак».





Паводле слоў пачаткоўца-селекцыянера, не з усіх кветак можна ўзяць пылок. Шмат у чым гэта залежыць ад надвор'я і часу сутак, з не адкрытай поўнасцю кветкі яго цяжка зняць. Спецыяльнымі пэндзлікамі Кацярына не карыстаецца — усё робіць голымі рукамі, каб адчуваць пылок на пальцах. Кажа, галоўнае ў гэтым працэсе — цярпенне і акуратнасць.
Ганарыцца селекцыянеру-аматару ўжо ёсць чым — Кацярына зрывае з куста некалькі гібрыдаў F5 і паказвае іх бацькоў.
«Гэты прыгажунчык — індэтэрмінант, гэта значыць не спыняецца ў росце ўвесь сезон, дае па 7—15 перцападобных пладоў на кожнай гронцы. Звярніце ўвагу — у многіх раздвоеныя носікі. Мякаць у іх цвёрдая, маланасенная, на смак кісла-салодкая. Скурка цвёрдая, не лопаецца ні на расліне, ні ў слоіках — ідэальны варыянт для засолу, кансервацыі і вялення», — задаволеная вынікам гаспадыня.

Мама ў гэтага прыгажунчыка — «Фляшэн» (сярэдняспелы сорт з чырвонымі пальчыкавымі пладамі і цвёрдай мякаццю), тата — «Гаргамель» (буйны слівападобны плод з фіялетавымі «чарнільнымі» плямамі).
«А вось яшчэ, як мне здаецца, удалы «крыж», — Кацярына паказвае тамат бананападобнай формы з хаатычнымі мармуровымі разводамі. — Мама ў яго «Жоўты цюльпан», тата — гном «Ружовая пантэра». Гэты гібрыд таксама індэтэрмінант, можа вымахаць у цяпліцы да 2 метраў. На смак — сметанкова-салодкі, а малюнкі на скурцы залежаць ад сонечнага святла і, што важна, ніколі не паўтараюцца».

На аснове біф-таматаў у калекцыі Кацярыны таксама ёсць «крыжы»: ад буйнаплоднай мамы яны бяруць тую самую мясістую і цукрыстую мякаць.
«Яны і так смачныя і цікавыя па тэкстуры, але я спадзяюся вывесці яшчэ больш смачныя сарты, — дзеліцца планамі суразмоўніца. — Заўважце, пакуль я іх усіх называю крыжамі ці гібрыдамі. Толькі калі эксперымент скончыцца, можна заяўляць пра новы сорт, даваць яму імя і ўносіць у дзяржрэестр».
Цікавасць да агарода з дзяцінства
Дзяцінства Кацярыны прайшло ў вёсцы Літвінавічы, за сем кіламетраў ад Кармы. У дзвюх бабуль былі агароды і шмат кветак, асабліва яркіх і моцна пахнучых аксамітак. Яны раслі не толькі ў кветніку, але і паміж градкамі з цыбуляй і бульбай.
«Тады я думала, што бабулям гэтыя кветкі падабаюцца выключна за знешні выгляд. Ужо потым даведалася, што яны цудоўна адпужваюць шкоднікаў. Вось і сёння аксамітак на маім участку вельмі шмат. Кампанію ім складаюць базілік і мята — іх моцны водар збівае з панталыку шкоднікаў, адганяе ад маіх таматаў тлю, белакрылку і павуціннага кляшча», — дзеліцца лайфхакам гаспадыня.

Калі Кацярына з мужам купілі ўчастак у Карме, першымі ў агародзе з'явіліся клубніцы і кветкі. Потым тыя самыя 60 сартоў таматаў. Іх яна планавала вырасціць у адкрытым грунце, але вясна ў той год была позняй.
«Памятаю, як сказала мужу: «Не дачакаюся, пакуль пацяплее. Давай паставім цяпліцу». Ён пабурчаў, але ўсё зрабіў. На наступны год з'явілася яшчэ адна цяпліца, потым яшчэ і яшчэ… Спрачацца са мной няма сэнсу — калі загарэлася, мяне не спыніць», — смяецца кармянка.
Муж яе пачынанне падтрымаў, але без фанатызму: у яго іншае кола інтарэсаў — рыбалка і паляванне. Дочкі таксама таматнай тэмай не вельмі цікавяцца: за лета калі хоць бы раз завітаюць у цяпліцы, ужо добра.

Усе агародныя клопаты, па сутнасці, на адной Кацярыне. І ёй, прызнаецца, так больш спакойна: ніхто нічога не пераблытае.
«Ды і памідоры не пакрыўдзяцца, — дадае гаспадыня. — Так-так, яны ж як жывыя, усё адчуваюць. Аднойчы паехала на тыдзень на мора, папрасіла маму паглядзець за агародам. Вярнулася, забегла ў цяпліцы, а там рады «пакрыўджаных» дзяцей».
З таматамі яна размаўляе, можа і пакрычаць, асабліва калі тыя пачынаюць буяць.
«Гэта калі расліны актыўна нарошчваюць бацвінне і дрэнна завязваюць плады. Такое звычайна адбываецца, калі перабраць меру з курыным памётам. У мяне ў гэтым сезоне ў адной цяпліцы таматы таксама буялі. Спачатку насварылася на іх, потым папрасіла ўзяцца за розум. Што дзіўна, паслухаліся», — смяецца агародніца.

Сацсеткі і зносіны з падпісчыкамі
Калі Кацярына працавала ў школе, падымалася а 6‑й раніцы. Цяпер устае а 7-й, дапамагае сабрацца малодшай дачцэ ў школу і толькі пасля гэтага ідзе ў агарод.
Дваццаць гадоў таму яна зарэгістравалася ў «Аднакласніках», спачатку дзялілася ў асноўным фота кветак. Сёння ў АК у яе амаль 6 тысяч сяброў. У 2021 годзе Кацярына завяла акаўнт у Instagram, дзе ўжо 35 тысяч падпісчыкаў, а з мінулага жніўня актыўна вядзе TikTok.
«У TikTok яшчэ год таму ў мяне было 200 падпісчыкаў, потым адно выпадковае відэа з лілеямі «заляцела», і аўдыторыя дарасла да тысячы. Я зразумела, што трэба весці і гэту старонку. Цяпер у TikTok у мяне 37 тысяч падпісчыкаў, галоўная тэма, вядома, таматы», — усміхаецца агародніца.

У сацсетках яна дзеліцца апісаннем сартоў, дэманструе іх у разрэзе, публікуе анонсы продажу насення. Часта сама з'яўляецца ў кадры, каб каментатары не называлі ўбачанае штучным інтэлектам. Бывае, загружае па тры ролікі ў дзень, бывае — маўчыць некалькі дзён, але больш чым на тыдзень стараецца не знікаць.
Паведамленні сыплюцца дзясяткамі: часцей за ўсё пішуць з Расіі, Эстоніі і Германіі, просяць парады, насення, расказваюць пра свае поспехі.
«Дзякуючы таматнай тэме ў мяне з'явілася шмат знаёмых па ўсім свеце, — прызнаецца агародніца. — Ёсць пастаянны заказчык з Аўстрыі: ён вырошчвае кармянскія таматы ўжо пяць гадоў і рэгулярна дзеліцца вынікамі — кожную восень прысылае фатаграфіі».
Звычайна падпісчыкі просяць Кацярыну «прыслаць насенне на свой густ». Для яе гэта адначасова просты і складаны запыт: угадаць, каму спадабаюцца чэры, а каму — буйныя біфы, немагчыма.





Ураджай яна збірае на сотні кілаграмаў, але дакладную вагу ніколі не лічыць. Частка ідзе пад насенне, частка — радні і сяброўкам, частка — на нарыхтоўкі.
На пытанне, колькі можна зарабіць на продажы насення, кармянка адказвае шчыра:
«Гэта гісторыя не пра бізнэс, а пра магчымасць фінансава падтрымліваць сваё захапленне селекцыяй праз продаж насення. Ну і крыху на хлеб з маслам зарабіць».

«У сезон можна зарабляць на рыбе больш за 10 000 на месяц». Беларуска пра жыццё на Камчатцы
«Няхай самі ядуць». У Мінску здзівіліся цэнам на хатнія закаткі
Як правільна захоўваць агуркі, памідоры, бульбу і моркву? Раіць садоўнік
«Як беларус, бульбу вырошчваю». Як жыве Віталь Тысеў, які перажыў аперацыю на хрыбетніку
У Мядзеле вырасцілі гіганцкі памідор
У Іўі на фестывалі памідораў прыгатавалі 9‑метровы бутэрброд
Каментары