Грамадства

Марына Золатава піша кнігу пра жанчын у турмах

Былы галоўны рэдактар партала Tut.by расказвае пра жыццё і пакуты беларусак за кратамі пасля 2020 года.

Марына Золатава расказала Польскаму радыё займаецца апошнім часам праектам, які звязаны з найноўшай гісторыяй Беларусі.

— Гэта вельмі важная справа, важны абавязак, які я павінна выканаць. Занатаваць нашу гісторыю. Я маю на ўвазе гісторыю жанчын, якія сядзелі ў турме. Расказаць пра тое, што ўвогуле сабой уяўляе беларуская турма — жаночая турма. Я расказваю і пра следчы ізалятар, і пра калонію. Расказваю пра тое, як мы там жылі, як на нас уплывае турма, ва ўмовах, у якіх мы там знаходзімся, ці змяняе яна нас, якія там жанчыны, як людзі там жывуць, як яны праходзяць праз усе гэтыя выпрабаванні. Вось пра гэта будзе кніга. Я ўжо напісала даволі вялікую частку, і ўсё яшчэ знаходжуся ў працэсе.

— Чаму вы гэта вырашылі зрабіць?

— Па-першае, я лічу, што ўсё гэта трэба занатаваць.

Мая прабабуля падчас Другой сусветнай вайны таксама знаходзілася на Валадарцы, якую ў той час, здаецца, называлі астрогам. Яна трапіла туды за супрацоўніцтва з падпольшчыкамі, і яе туды кінулі акупацыйныя нямецкія ўлады.

Пасля яна трапіла ў нямецкі палон, а ўжо пасля заканчэння вайны вярнулася на радзіму. Калі я была маленькая, яна часам расказвала мне сваю гісторыю. Але, на вялікі жаль, ніхто гэтую гісторыю не занатаваў. Таму некаторыя рэчы я збірала па розных іншых крыніцах, але ўсё роўна я вельмі мала ведаю, на жаль, пра гісторыю маёй прабабулі. Я лічу, што сваю гісторыю, гісторыю жанчын, якія сядзелі ў адзін і той жа час са мною ў СІЗА, у калоніі, вельмі важна занатаваць — проста каб яны не згубіліся. Ну і, па-другое, жанчыны вызваляюцца, выходзіць вельмі шмат інтэрв'ю, але ўсе яны больш-менш аднастайныя. Да таго ж яны вельмі часта ананімныя. З-за гэтага, мне здаецца, губляецца каштоўнасць інфармацыі. Гэты наш вопыт — траўматычны, драматычны. Пра яго трэба расказваць больш шырока, можа, больш змястоўна, больш аб'ёмна. Таму гэтая кніга і з'явіцца.

— Што было для вас найбольш траўматычным? Псіхалагічныя перажыванні, ці, магчыма, нейкае фізічнае насілле? Давайце паспрабуем на гэта паглядзець з вашай асабістай перспектывы, бо вы таксама, мабыць, будзеце гераіняй гэтай кнігі.

— Я гавару і пра свой вопыт, але я яшчэ не падлічвала, колькі разоў, але вельмі часта пра гэта пішу. Я ўжываю ў кнізе фразу «мне пашанцавала» ці нават «мне вельмі пашанцавала», таму што я не была збітая, мяне не прасавалі супрацоўнікі калоніі. Мне пашанцавала і ў тым, што, відаць, самае каштоўнае, у мяне заўсёды была сувязь з роднымі. Мне заўсёды спраўна ад іх прыходзілі лісты, і яны тэлефанавалі. Але я на свае вочы бачыла шмат гісторый, калі людзі сапраўды страшна пакутавалі. І ад таго, што ў іх былі праблемы са здароўем.

Відаць, вы чулі пра Вольгу Чукараву, з якой здарыўся інсульт, і ў выніку яна амаль страціла зрок. Нават не амаль — яна страціла зрок, яна нічога не бачыць, можа толькі адрозніваць святло і цемру. Шмат гісторый звязана са здароўем.

Маша Калеснікава, якая паўтара года знаходзілася ў памяшканні камернага тыпу… Яе гісторыя якраз больш-менш вядомая. Былі людзі, у якіх не было ніякай сувязі з роднымі. Ці, калі, напрыклад, адразу пяць членаў сям'і знаходзіліся ў турме. Ці гісторыі, калі маці, дачка і бацька атрымалі па пяць гадоў за тое, што запісалі відэа на выбарчым участку ў 2020 годзе.

Але асабіста мяне больш за ўсё засмучалі менавіта гісторыі, калі жанчыны пакутавалі проста таму, што іх дзеці заставаліся без іх, што яны не ведалі, што з імі адбываецца.

Бо, скажам, калі жанчына развялася з мужам, а дзеці засталіся з мужам, часта гэтая сувязь абрываецца. Былі гісторыі, калі дзеці, некаторыя з іх, знаходзіліся ў інтэрнатах. Калі асабіста пра мяне гаварыць, то складаныя моманты былі звязаны з тым, калі я перажывала за сваіх родных. Калі ў цябе няма ніякай інфармацыі пра тое, што адбываецца з імі ў гэты момант. Я выдыхнула з палёгкай, калі даведалася, што мая сям'я з'ехала з Беларусі. І тады мне сапраўды стала значна прасцей, і пасля я ўжо не так моцна перажывала.

— А што вас дагэтуль узрушвае ўнутры?

— Часцей за ўсё я ўспамінаю нейкія кранальныя моманты, якія якраз у турме, відаць, ты адчуваеш больш востра. Калі ты знаходзішся на волі, ты не надаеш увагі некаторым рэчам, якія здаюцца дробяззю: павіншаваць адна адну з днём нараджэння, напрыклад.

Я вельмі часта прыгадваю сустрэчу з жанчынай, якая атрымала тры з паловай гады калоніі за тое, што дасылала палітвязням пасылкі ў СІЗА, у тым ліку і мне. І вось калі я пабачыла яе ў калоніі, гэта быў такі вельмі чуллівы момант. Бо было вельмі прыкра, што яна апынулася ў турме. Добры чалавек, які спачуваў іншым, хацеў падтрымаць іншых, атрымаў за гэта тры з паловай гады.

З другога боку, я, вядома, вельмі расчулілася, што змагла з ёй пазнаёміцца. Можа быць, таму, што я ўвесь час працавала ў сферы СМІ і прызвычаілася глядзець на рэчы трошкі збоку. І, відаць, на тое, што адбывалася са мной, я таксама глядзела так, нібыта гэта адбываецца не са мной. Гэта мне дапамагала ацэньваць сітуацыю больш з гумарам, відаць. Я не адчувала, што я ахвяра, што я праходжу праз нейкія неверагодныя выпрабаванні. Але я, натуральна, я разумела, што я несправядліва знаходжуся ў гэтым месцы.

— Шкада было часу, мне было вельмі шкада таго, што я не магу быць побач са сваімі блізкімі людзьмі. Але я не магу сказаць, што пакутавала ўвесь час. Бо калі б я засяродзілася менавіта на гэтым, то я б не змагла захаваць здаровыя нервы на працягу ўсяго гэтага часу.

Каментары

«Твой дзень надыдзе». Фінскія фанаты на матчы са зборнай Беларусі разгарнулі антылукашэнкаўскі банер 17

«Твой дзень надыдзе». Фінскія фанаты на матчы са зборнай Беларусі разгарнулі антылукашэнкаўскі банер 

Усе навіны →
Усе навіны

Германія запатрабавала скараціць праект бюджэту ЕС на сотні мільярдаў еўра. З бюджэту ЕС фінансуецца і беларуская культура19

Віктар Пракапеня зарэгістраваў у Польшчы яшчэ адну кампанію6

Незвычайнае кафэ адчынілася ў Мінску. У ім трэба самому запарваць сабе «ролтан»3

У Мінску пабудуюць тры флагманскія медыцынскія цэнтры

Не толькі Geely. Якія яшчэ кітайскія аўто сталі папулярныя ў Беларусі6

Сезон у НХЛ пачнуць пяцёра беларускіх хакеістаў

Нямецкага футбаліста атруціў яго аднаклубнік. Магчыма, праз рэўнасць

Зяленскі: Расія фактычна пачала дадатковую мабілізацыю2

Амерыканскія войскі цалкам пакінулі Ірак1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Твой дзень надыдзе». Фінскія фанаты на матчы са зборнай Беларусі разгарнулі антылукашэнкаўскі банер 17

«Твой дзень надыдзе». Фінскія фанаты на матчы са зборнай Беларусі разгарнулі антылукашэнкаўскі банер 

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць